Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі ў Беларусі, у наш бяспечны ананімны чат-бот: @eduOST_bot. Паведамляйце нам навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных формаў ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванні сістэмы адукацыі.
- Міжнародныя магчымасці
Анлайн-праграма для моладзі Kectilon-line
Праграма ўключае модулі па розных вострых сацыяльных тэмах: справядлівы ўрад, прадпрымальніцтва ды інавацыі, захаванне свету, навакольнае асяроддзе, праблемы беспрацоўя, ментальнага і рэпрадуктыўнага здароўя, ды інш. Закліканая падтрымаць і развіць патэнцыял таленавітай моладзі з краін, якія развіваюцца. Узрост удзельнікаў – 17-26 гадоў, патрабуецца веданне англійскай. Выпускнікі праграмы будуць запрошаныя на канферэнцыю ў Атланце (ЗША) у 2024 годзе.
Прыём заявак: да 31 кастрычніка 2023 года. Падача заяўкі
Анлайн-праграма Global Leadership Challenge
Глабальная ініцыятыва Оксфардскага ўніверсітэта. Да ўдзелу будуць запрошаныя 100 маладых лідараў, адабраных праз адкрыты конкурс. Працуючы з дасведчанымі экспертамі ў сваіх сферах, удзельнікі праграмы створаць праекты, накіраваныя на дасягненне мэтаў ААН у сферы ўстойлівага развіцця. Праграма адкрытая для студэнтаў і маладых спецыялістаў ва ўзросце 21-30 год. Уключае ментарства экспертаў, сертыфікаты ўдзелу і аплочаную паездку на сімпозіум у Швейцарыю. Анлайн-сесіі ў межах праграмы адбудуцца з 7 па 13 снежня 2023 года.
Прыём заявак: да 1 лістапада 2023 года. Падаць заяўку
Стажыроўкі ў Max Planck Institute
Праграма стажыровак прапануе магчымасць азнаёміцца з даследчымі і акадэмічнымі юрыдычнымі навыкамі ў асноўных сферах параўнальнага публічнага, еўрапейскага і міжнароднага права. Працягласць стажыровак – ад 4 да 12 тыдняў. Даступная студэнтам бакалаўрыяту і магістратуры па напрамках юрыспрудэнцыя, міжнародныя адносіны, філасофія, сацыяльныя і палітычныя навукі. Прадугледжаная стыпендыя ў памеры 300 еўра. Неабходна прадаставіць моўны сертыфікат (англійская С1, веданне нямецкай будзе перавагай), дакументы аб адукацыі і матывацыйны ліст.
Падача заявак на перыяд травень-кастрычнік 2024: да 1 снежня 2023; на перыяд лістапад 2024-красавік 2025: да 1 чэрвеня 2024. Падрабязныя ўмовы
Бясплатныя онлайн-курсы па напісанні эсэ
Курсы ад Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Берклі. Гэта бясплатны анлайн-курс, які закліканы дапамагчы студэнтам развіць навык стварэння эсэ на англійскай мове. Праграма курса накіраваная на развіццё навыкаў пабудовы і напісання эсэ, самастойнага рэдагавання і стылістычнай пісьменнасці.
Падрабязней па спасылцы.
На сайце Асветы апублікаваны агляд 25+ праграм з падачай заявак у кастрычніку-снежні 2023 года. Ён даступны тут.
Стыпендыя Chevening
Праграма падтрымкі, у межах якой выдатным лідарам/лідаркам-пачаткоўцам з усяго свету прадастаўлена магчымасць атрымаць гадавую ступень магістра ва ўніверсітэтах Вялікабрытаніі. Стыпендыя пакрывае ўсе выдаткі, у тым ліку пералёт, пражыванне ды навучанне. Усе абітурыенты Chevening павінны падаць дакументы па адукацыі, рэкамендацыі і адну прапанову ўніверсітэта ў Вялікабрытаніі.
Прыём заявак: да 7 лістапада. Падаць заяўку
Стыпендыі American Association of University Women
Праграма аказвае падтрымку жанчынам, якія праходзяць вочнае навучанне ў аспірантуры або дактарантуры ў Злучаных Штатах, якія не з’яўляюцца грамадзянамі ці пастаяннымі жыхарамі ЗША і якія маюць намер вярнуцца на радзіму, каб працягнуць навучанне або прафесійную кар’еру. Аб’ём фінансавання – ад 20 000 да 50 000 долараў ЗША.
Прыём заявак: да 15 лістапада 2023. Падрабязней пра праграму
Магістратура ў Дэлфцкім тэхнічным універсітэце
Стыпендыя Юстуса і Луіза ван Эфен для замежных студэнтаў, якая пакрывае выдаткі на навучанне па адной з магістарскіх праграм універсітэта на працягу аднаго навучальнага года. Для атрымання стыпендыі трэба мець ступень бакалаўра, высокія балы і запрашэнне на магістарскую праграму ад Дэлфцкага ўніверсітэта. Акрамя гэтага неабходны матывацыйны ліст, 2 рэкамендацыі, моўны сертыфікат.
Прыём заявак: да 1 снежня. Падрабязнасці па спасылцы.
Праграма Gates Cambridge
Дадзеная стыпендыя адна з самых прэстыжных у свеце і пакрывае выдаткі на паслядыпломную адукацыю ў Кембрыджскім універсітэце. Распаўсюджваецца на навучанне па любой з праграм універсітэта. Для атрымання стыпендыі неабходна падаць дакументы па адукацыі, эсэ, рэкамендацыю, план даследавання (для PhD). У выпадку станоўчага рашэння ўдзельніку праграмы кампенсуецца кошт навучання, прадастаўляецца стыпендыя 20000 фунтаў на год на пражыванне, кампенсуюцца транспартныя выдаткі.
Прыём заявак: да 5 снежня ці 4 студзеня (у залежнасці ад спецыяльнасці). Як падаць заяўку і крытэры адбору
Стыпендыі нямецкай службы акадэмічных абменаў (DAAD)
Магчымасць атрымаць стыпендыю па розных дысцыплінах замежным выпускнікам з краін, якія развіваюцца, і новых індустрыйных краін. Стыпендыя можа пакрыць аплату навучання ў аспірантуры або атрымання ступені магістра ў дзяржаўным ці прызнаным дзяржавай нямецкім універсітэце. Таксама ў выключных выпадках можна атрымаць доктарскую ступень.
Прыём заявак – залежыць ад абранай праграмы. Падрабязней пра стыпендыю і алгарытм падачы заяўкі
- Дапамога палітзняволеным
Офіс па адукацыі для новай Беларусі
Офіс прымае заяўкі на кампенсацыю расходаў ад былых палітзняволеных студэнтаў_ак/вучняў_ніц з Беларусі, якія маюць патрэбу ў фінансавай дапамозе. Якія выдаткі могуць быць кампенсаваныя ў межах праграмы: набыццё тэхнікі для штодзённага выкарыстання і вучобы, кароткатэрміновая арэнда жылля ў краіне навучання, аплата медыцынскіх паслуг, у тым ліку псіхатэрапію, не прадугледжаных іншымі праграмамі, ды інш. Ініцыятыва рэалізуецца ў межах праграмы Orange Scholarships Каралеўства Нідэрландаў.
Еўрапейскі Саюз у рамках праграмы «EU4Belarus — SALT-II» (Support for Advanced learning and training)
Абвяшчаецца прыём заявак на атрыманне фінансавай падтрымкі ў памеры да 1450 еўра на вывучэнне адной з еўрапейскіх моў (на выбар суіскальніка) і здачы па ім іспыту. Праграма прызначана для беларускіх студэнтаў-палітвязняў.
Умовы праграмы і падача заяўкі
- Грамадзянская супольнасць і адукацыя
У Батумі адкрываюцца дзве беларускія школы. З 16 кастрычніка беларускія дзеці змогуць навучацца па школьнай праграме на беларускай мове і атрымаць афіцыйны грузінскі атэстат. У Батумі таксама адчыняецца беларускамоўная школа выходнага дня. Як будзе пабудаваны адукацыйны працэс і як беларусам трапіць у гэтыя школы – чытайце ў інтэрв’ю Аксаны Акуневіч, ініцыятаркі стварэння школаў і кіраўніка беларускай культурнай прасторы «аКсяродак».
Да 22 кастрычніка ўключна адкрыты набор на адукацыйны курс «Навучыцца вучыць», які будзе карысны аўтарам адукацыйных праграм для беларусаў і беларусаў на эміграцыі. Слухачы курса вывучаць такія тэмы, як алгарытмы ацэнкі патрэбнасцяў мэтавай аўдыторыі, метадалогія распрацоўкі адукацыйных актыўнасцяў, спосабы матывацыі ўдзельнікаў праходзіць курсы да канца і атрымліваць чаканыя вынікі. Курс пройдзе ў лістападзе-снежні 2023 года ў Варшаве. Падрабязная праграма – тут, падача заяўкі – тут.
Праект «Васьміног» запрашае выхавацеляў і выкладчыкаў да супрацоўніцтва. Гэта магчымасць падаць заяўку і атрымаць дапамогу ў стварэнні ўласнага курса на беларускай мове, уключна з метадычнай, тэхнічнай ды іншай падтрымкай. Прыярытэтныя тэмы: беларуская мова і літаратура, культура і гісторыя Беларусі, геаграфія Беларусі і краязнаўства, сацыяльная навука. Падрабязней пра крытэрыі адбору і форму заяўкі можна знайсці тут. Тэрмін падачы заявак: да 23 кастрычніка 2023 года ўключна.
BEROC адкрывае конкурсны набор слухачоў у Трынаццатую штогадовую студэнцкую анлайн-школу па эканоміцы, якая пройдзе ў лістападзе 2023-студзені 2024 года. Слухачамі школы могуць стаць беларускія студэнты старэйшых курсаў ВНУ (3-5 курс) на момант падачы заяўкі. Удзельнікі атрымаюць магчымасць праслухаць курсы па трох дысцыплінах: мікраэканоміка, макраэканоміка, эканаметрыка. Спецыялізацыя ў эканоміцы не з’яўляецца неабходнай умовай. BEROC вітае заяўкі ад студэнтаў усіх спецыяльнасцяў, якія маюць цікавасць да эканомікі. Падрабязнасці і падача заяўкі – тут. Апошні тэрмін – 24 кастрычніка 2023 года.
Запрашаем падпісацца акаўнты Асветы ў сацыяльных сетках: мы ў Facebook – тут, мы ў Instagram – тут. Далучайцеся, падпісвайцеся, сачыце за нашымі абнаўленнямі і актуальнай інфармацыяй у галіне адукацыі і навукі. Будзем рады бачыць вас у нашым супольнасці!
- Рэпрэсіі
12 кастрычніка Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». У пераліку 1120 чалавек зараз лічыцца кандыдат геаграфічных навук Ганна Скрыган. Вучоную і былую кіраўніцу Магілёўскага аддзялення міжнароднага аб’яднання «Экапраект» прыгаварылі да двух гадоў калоніі ў жніўні 2023 года.
Як стала вядома 27 верасня, у Мінску адбыўся паказны выязны суд над былым педагогам. У жніўні і верасні 2020 года жанчына брала ўдзел у пратэстах і, нібыта, блакавала праезную частку, заступаючы шлях транспарту. Прэс-служба пракуратуры паведаміла, што яна прызнала сваю віну і раскаялася. Суд прыгаварыў жанчыну да трох гадоў умоўнага зняволення. Інфармацыя пра яе імя, месца працы і прадметы пакуль застаецца невядомай.
У Мінску затрымалі старэйшую навуковую супрацоўніцу Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, дацэнта Зарыну Канапацкую. У «пакаяльным» відэа, апублікаваным 10 кастрычніка, яна прызнаецца ў падпісцы на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, бот «Перамога» і ўдзеле ў пратэстах 2020 года. Зарына Канапацкая працавала ў аддзеле гісторыі Беларусі IX-XVIII стагоддзяў і археаграфіі, з’яўляецца аўтарам больш за 100 навуковых прац, вучэбных праграм для студэнтаў універсітэтаў, даследавала нацыянальныя меншасці, рэлігіязнаўства, гісторыю, культуру, лінгвістыку ды інш. Бацька Зарыны Канапацкай – Ібрагім Барысавіч – быў адным з лідараў татарскай дыяспары Беларусі.
Паводле інфармацыі MAYDAY TEAM, 10 кастрычніка ў Магілёве затрыманы вучоны, кандыдат педагагічных навук Ігар Шаруха. Папярэдняя прычына затрымання – «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Па непацверджанай інфармацыі, Шаруху прызначаны адміністрацыйны арышт на 15 сутак. Да 2021 года вучоны ўзначальваў кафедру прыродазнаўства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. А.Куляшова. Ігар Шаруха – географ, краязнаўца, кандыдат педагагічных навук.
- Палітыка рэжыму
«Задзіночанне беларускіх студэнтаў» прызнана экстрэмісцкім фарміраваннем па рашэнні Камітэта дзяржаўнай бяспекі ад 21 верасня 2023 года. Нагадаем, што ў жніўні гэтага ж года сацсеткі і лагатып праекта ўнесены ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» Міністэрства інфармацыі.
Прапагандысцкі тэлеграм–канал апублікаваў «пакаяльнае» відэа з 14-гадовай школьніцай. На ім дзяўчынка прызнаецца, што выклала ў свой Instagram фатаграфію, на якой яна дэманструе «нецэнзурныя жэсты на Востраве слёз». Па словах сілавікоў, на гэты пост яны звярнулі ўвагу пасля паведамлення «неабыякавай грамадзянкі».
Міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец заявіў, што абавязковае размеркаванне студэнтаў платнай формы навучання не закране тых навучэнцаў, хто паступіў у навучальныя ўстановы да ўступлення ў сілу адпаведных паправак у Кодэкс аб адукацыі. Па словах чыноўніка, у 2023 годзе ў адпаведнасці з новай рэдакцыяй Кодэкса, магчымасцю атрымання накіравання на першае працоўнае месца (размеркаванне) скарысталіся больш за 2000 выпускнікоў-платнікаў.
Абавязковае размеркаванне платнікаў пачнецца ў 2024 годзе і закране выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў усіх спецыяльнасцяў. Выключэнне – выпускнікі медыцынскіх універсітэтаў, бо ў іх ёсць інтэрнатура. Застаецца магчымасць атрымаць вольны дыплом. Для гэтага выпускніку неабходна будзе кампенсаваць поўную суму за навучанне. Цяпер для платнікаў гэта сума складае 50-70% ад усіх затрат, панесеных дзяржавай. З уступленнем новых правілаў кампенсацыя складзе 100%.
У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі могуць выключыць з адукацыйнага працэсу падручнік англійскай мовы для першакурснікаў. Як стала вядома, на гэтую дапамогу ў Міністэрства адукацыі паступіла скарга ад аднаго з бацькоў першакурснікаў. У ёй пазначана, што кніга змяшчае «прапаганду ЛГБТ» і «забароненыя» сцягі ЗША і Вялікабрытаніі, а таксама выявы бел-чырвона-белага сцяга. Па дадзеных СМІ, рэдактара падручніка, загадчыцу кафедры Міжкультурнай камунікацыі Вольгу Дзмітрыеву хочуць звольніць.
Нацыянальны інстытут адукацыі апублікаваў навучальныя дапаможнікі па генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, па якіх будуць вучыцца беларускія школьнікі з 1 па 11 клас. Аналіз падручнікаў паказвае, што ў іх утрымліваецца адкрытая палітычная прапаганда. Прыклады тэкстаў і візуальных матэрыялаў апублікаваў сайт «Матолька, дапамажы». Навучальныя дапаможнікі падрыхтаваныя Міністэрствам адукацыі па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры.
Усе беларускія студэнты пачнуць праходзіць вайсковую падрыхтоўку з верасня 2024 года. Цяпер вызначаецца колькасць гадзін і агульная праграма, па якой студэнты будуць вывучаць дысцыпліны агульнаваеннай накіраванасці.
Прадстаўнікі папраўчых установаў правялі ў пачатку кастрычніка сустрэчу з навучэнцамі гомельскіх каледжаў. Будучых выпускнікоў запрасілі на працу ў крымінальна-выканаўчую сістэму, а таксама прапанавалі правесці экскурсіі ў турмах і паказаць працу пенітэнцыярнай сістэмы знутры. На сустрэчы слухачам падрабязна апісалі графік працы, узровень заработнай платы і пералічылі пасады, якія можна заняць нават без атрымання вышэйшай адукацыі. Таксама студэнтаў агітавалі паступаць у Акадэмію Міністэрства ўнутраных справаў і Магілёўскі інстытут МУС.
Навучальныя ўстановы ў Беларусі змянілі парадак выдачы дублікатаў дакументаў аб адукацыі, спасылаючыся на нормы ўказа Лукашэнкі №278 «Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў». Пад абмежаванні патрапілі выпускнікі і былыя навучэнцы, якія пакінулі краіну. Згодна з гэтым указам, дакументы аб адукацыі, дадаткі да іх і іх дублікаты можна атрымаць толькі асабіста або з аформленай у Беларусі даверанасцю.
11 кастрычніка сілавікі прыходзілі ў Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Як стала вядома, некаторых супрацоўнікаў і студэнтаў каледжа выклікалі да кіраўніцтва для «гутаркі» з сілавікамі ў цывільным, у іх правяралі змесціва мабільных тэлефонаў, шукалі падпіскі на тэлеграм-каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі. Ці былі ўзбуджаныя якія-небудзь адміністрацыйныя ці крымінальныя справы пасля гэтых праверак – на дадзены момант невядома.
У канцы верасня Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў даныя па колькасці настаўнікаў у Беларусі па стане на пачатак 2022/2023 навучальнага года. Згодна са статыстыкай, у названы перыяд налічвалася 105,1 тысячы настаўнікаў. На аднаго педагога па краіне прыпадала 10 вучняў: у гарадскіх школах – 12, а ў сельскіх – 5. Больш падрабязна пра сярэднестатыстычны партрэт настаўніка, памер намінальнага сярэдняга заробку настаўнікаў у 2023 годзе ды іншую статыстычную інфармацыю можна прачытаць тут.
Прапагандыстка Вольга Бондарава прачытала лекцыю ў Гродзенскай сярэдняй школе № 26, дзе яна сама некалі вучылася. Старшакласнікаў сабралі ў актавай зале школы, а тэмай сустрэчы стала прафарыентацыя. Як адзначыў тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу», сустрэча са школьнікамі адбылася па ініцыятыве Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта.