Паважаныя сябры Каардынацыйнай Рады,
Аб’яднанага Пераходнага Кабінета,
Дарагія беларусы!
Я прыйшла сёння да вас, каб шчыра пагаварыць аб цяперашняй палітычнай сітуацыі, праблемах. І акрэсліць прыярытэты працы дэмакратычных сілаў на бліжэйшы час.
Ніхто не будзе спрачацца, што з 2020-га года сітуацыя ўнутры Беларусі драматычна пагаршаецца. Паводле ААН, да 500 тысяч людзей пакінулі Беларусь. Мінімум 1407 недзяржаўных арганізацый ліквідаваныя. 3178 чалавек прызнаныя экстрэмістамі. Усе 11 незалежных палітычных партыяў закрытыя, апошняя – на мінулым тыдні.
Лічба затрыманых па палітычных матывах ад 2020 году перавысіла 48 тысяч. Толькі ў жніўні гэта году ў сярэднім арыштоўвалі 20 чалавек у дзень. Хоць звычайна мы кажам пра 1500 палітвязняў, рэальная лічба ў разы большая. Ад рук рэжыму загінулі сама менш 23 асобы, апошні з іх – Алесь Пушкін, якога многія з прысутных ведалі асабіста.
За гэтымі сухімі лічбамі стаяць жывыя людзі, мамы, таты, дзеці, лёсы якіх былі разбураныя. 9 мільёнаў сталі закладнікамі садыста, для якога ўлада – мэта жыцця.
Ён так і не прызнаў сваю паразу і не сышоў – мірна, як гэтага патрабавалі беларусы. Наадварот, заручыўся падтрымкай Расіі і ператварае краіну ў канцлагер. З аўтарытарнай краіны Беларусь імкліва ператвараецца ў таталітарызм. Рэпрэсіі сталі асноўным інструментам палітыкі. Гэта адзінае, што ён можа прапанаваць беларусам.
Рэжым ужо нават не спрабуе схаваць сваё аблічча і прыкрывацца законам. Адбыўся прававы, маральны і палітычны дэфолт. Бандыцкія арганізацыі тыпу ГУБАЗіК атрымалі неабмежаваныя паўнамоцтвы і замянілі сабой закон.
Ні санкцыі, ні шматлікія спробы перамоваў – не прывялі да вызвалення палітвязняў. Наадварот, замарозка новых санкцыяў цягам апошніх паўтара года толькі прывяла да эскалацыі рэпрэсіяў. Дыктатар баіцца вызваліць нават старых і хворых – ён баіцца прадэманстраваць слабасць і чалавечнасць. Гайкі настолькі закручаныя, што любое паслабленне можа пакласці ўсю сістэму, і яго ўладу.
Наша краіна і наш народ бяднее. Руйнуецца прыватны сектар. Выязджае крэатыўны клас. І гэта адбываецца не праз санкцыі, а праз бяздарнае кіраванне. Людзі не бачаць ніякай перспектывы пры гэтым рэжыме.
Так, яму ўдалося ўтрымаць эканоміку ад абвалу, найперш дзякуючы Расіі, дзякуючы лазейкам у санкцыях. Але шлях, па якім ён вядзе краіну – шлях у тупік.
Дыктатар не ўтрымаўся б без падтрымкі Расіі. Узамен ён разлічваецца беларускім суверэнітэтам і незалежнасцю – тым, што яму не належыць. З яго згоды ў краіне знаходзіцца некалькі тысяч расійскіх салдатаў, улучна з «вагнераўцамі». Іх мэта не напад на Украіну, а кантроль над Беларуссю. Расея паглынае беларускую эканоміку, заканадаўства ўніфікуецца з расійскім.
Дыктатар абвясціў вайну ўсяму беларускаму. Рэпрэсуюць кнігі, песні, нашу мову. У Беларушчыне ён бачыць пагрозу сваёй уладзе. Гэта робіць дыктатуру Лукашэнкі па-свойму унікальнай – гісторыя ня ведае прыкладаў, каб дыктатар дабравольна знішчаў дзяржаўнасць сваёй уласнай краіны.
Дарагія сябры,
Мы апынуліся з вамі ў абсалютна новай рэальнасці. Жахлівай і несправядлівай рэальнасці, але мы не маем права апускаць рукі.
Калі мы здадзімося тыраніі – значыць, усе нашыя высілкі, усе нашыя ахвяры і гераізм нашых паплечнікаў былі дарэмныя.
Мы не маем права спыніцца, пакуль кожны, хто ў засценках, не будзе вызвалены. І я хачу падкрэсліць, каб мяне пачулі і тыя, хто па баку рэжыму – мы не спынімся, пакуль не вернем нашу краіну.
Ведаеце, я кожны тыдзень праводжу званкі з беларусамі. Звоняць тыя, хто ўнутры краіны. І я адчуваю іх падтрымку. Кожны дзень на чатбот мы атрымліваем паведамленні ад беларусаў, якія хочуць дзейнічаць, але ва ўмовах тэрору не ведаюць, як.
Калі хтосьці скажа, што беларусы змірыліся, і гатовы перагарнуць старонку – гэта няпраўда. Многія чакаюць новага моманту магчымасцяў, і нам з вамі важна да гэтага моманту быць падрыхтаванымі. Назапашваць рэсурсы, не траціць энергію ўпустую, не падстаўляць людзей пад дубінкі.
Ёсць і тыя, хто расчараваліся, стаміліся, адышлі ад палітыкі. На гэта і скіраваныя рэпрэсіі, і ўсе дзеянні рэжыму – зняверыць і абяссіліць.
Многім беларусам не хапае ад нас візіі – куды мы ідзем, за што змагаемся. Што будзе пасля Лукашэнкі? Тады, у 2020-м, не было часу, каб пра гэта пагаварыць. Цяпер час ёсць, а гэта якраз тое, што дасць людзям надзею.
Мы з вамі маем дастаткова інструментаў, каб даносіць нашу думку да беларусаў унутры краіны. І гэта пацвердзяць рэдактары ўсіх незалежных медыяў: бальшыня аўдыторыі – у Беларусі. Так, яны менш клікаюць і лайкаюць – бо небяспечна, але ўпотайкі чытаюць і перадаюць суседзям.
Відавочна, ёсць праблема, што мы ствараем мала кантэнту, цікавага людзям унутры краіны. Ёсць меркаванне, што мы адрываемся ад людзей у Беларусі. А гэтага разрыву – паміж тымі, хто з’ехаў і хто застаўся – нельга дапусціць.
Сёння беларуская дыяспара – галоўны матор нашага руху. Грамадзянская супольнасць аправілася ад рэпрэсіяў і працягвае працу ў выгнанні. Культурныя, адукацыйныя, навуковыя, экалагічныя ініцыятывы – многія рэлакаваліся цэлымі офісамі, але працягваюць сваю працу, у тым ліку са сваімі валанцёрамі ў Беларусі.
Беларусы за мяжой аб’ядноўваюцца, вядуць супольныя праекты, кампаніі. Учора я была ў Вроцлаве. Беларусы арганізавалі проста фантастычны фестываль беларускай культуры. Была поўная зала людзей, якія прагнуць нешта рабіць. Мы правялі акцыю салідарнасці з Палінай Шарэндай-Панасюк. Можа, крок і сімвалічны, але важны.
Выдатны прыклад супрацы дыяспар у розных краінах – праект «Народныя амбасады». Тое, што яны разам робяць, і як самаарганізуюцца – проста фенаменальна. Ініцыятывы дыяспары і грамадзянскай супольнасці не проста можна, а неабходна ўключаць у працу дэмсіл, і найперш у працу Каардынацыйнай Рады.
Я радая, што ў дэмакратычных сілах нарэшце з’явілася ясная і празрыстая структура. Гэта і Каардынацыйная Рада, як прота-парламент. Гэта і Аб’яднаны Пераходны Кабінет як прота-ўрад. Ёсць каардынацыя і ўзаемная падсправаздачнасць. Але я ўсё роўна адчуваю, што далёка не ўсе структуры і партыі, хто мог бы працаваць, далучаныя да працы.
Дэмакратычныя сілы павінны гаварыць адным голасам на міжнароднай арэне. Магчыма, Пал Палыч са мной не згодзіцца, але ў нас ужо ёсць міжнародная кааліцыя саюзнікаў. Самі яны не выпрацуюць стратэгію па Беларусі – гэта павінны зрабіць мы, і прапанаваць ім.
Нам удаецца ўтрымліваць Беларусь на павестцы, хоць гэта і становіцца ўсё складаней. Нам трэба тлумачыць, што падтрымка Беларусі – гэта не дабрачыннасць, а гэта інвестыцыя – у мір і стабільнасць ва ўсёй Еўропе.
Нам удалося дасягнуць істотных зменаў у стаўленні да беларусаў сярод міжнароднай супольнасці. Мы даносім, што беларусы не роўна рэжым. Што Беларусь – не Расія. На міжнародныя пляцоўкі ўсё часцей запрашаюць прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці.
Падчас Генеральнай асамблеі ААН я правяла больш за 30 сустрэч з кіраўнікамі і міністрамі шэрагу краін. Узровень і геаграфія сустрэчаў, якія мы маем, можа ўражваць. Але не трэба паддавацца эйфарыі – якія б магутныя нашыя саюзнікі ні былі, яны не зробяць за нас пераменаў. Гэта наша з вамі задача.
Безумоўна, найбольшыя поспехі – на еўрапейскім кірунку. У двух дзясятках нацыянальных парламентаў створаныя групы сяброў Беларусі. Запушчана Кантактная група з Радай Еўропы і Кансультатыўная група з ЕС. Трэба разглядаць гэтыя пляцоўкі як інструменты інтэграцыі дэмакратычнай Беларусі ў еўрапейскую прастору.
У жніўні на канферэнцыі «Новая Беларусь» мы прынялі дэкларацыю аб сяброўстве Беларусі ў Еўрасаюзе. Цяпер гэта нашая стратэгічная мэта. Гэтае рашэнне цёпла віталі ў Еўрапарламенце, Кіеве і Вашынгтоне. Аднак заявіць – гэта яшчэ не значыць зрабіць. Трэба папулярызаваць еўрапейскі выбар сярод беларусаў, як альтэрнатыву агрэсіўнаму і таксічнаму «русскому миру».
Мы вельмі чакаем, што ў найбліжэйшыя тыдні будзе прызначаны спецыяльны пасланнік ЗША па Беларусі. А ў снежні – мы запусцім стратэгічны дыялог з Вашынгтонам. Голас ЗША можа сыграць вырашальную ролю, калі пойдзе размова пра пасляваенную будучыню Беларусі. Нельга, каб Беларусь стала суцяшальным прызам для Пуціна.
Ад сакавіка ў нас істотна паляпшаюцца адносіны з Украінай. У жніўні я прызначыла Генадзя Манько кіраўніком Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве. Рэгулярна адбываюцца сустрэчы з Офісам Зяленскага, Вярхоўнай Радай, супольныя канферэнцыі, такія, як Форум Астрожскага.
Памянялася і стаўленне да беларусаў сярод украінцаў. Галоўная заслуга тут, бясспрэчна, беларускіх ваяроў, з Палка Каліноўскага, батальёна «Волат» і іншых падраздзяленняў. Нам трэба працягваць аказваць дапамогу беларускім добраахвотнікам. Ад Кабінета і Офіса было дастаўлена некалькі пакетаў гуманітарнай дапамогі і аўтамабілі. Беларускія дыяспары пастаянна данацяць. Калі ты на перадавой – любая падтрымка мае значэнне.
Мы разумеем, што нашыя добраахвотнікі ва Ўкраіне з іх досведам стануць асновай новага беларускага войска. І важна цяпер думаць у гэтым напрамку. Напрыклад, Геральдычная рада распрацавала новую сістэму вайсковых узнагарод і рангаў.
Візуалізацыя Новай Беларусі – павінна стаць нашым першым прыярытэтам. Мы павінны даць адказы на пытанні: Што будзе пасля Лукашэнкі? Па якой Канстытуцыі будуць адбывацца новыя выбары? Як будуць выглядаць рэформы ў эканоміцы?
У нас ужо гатовы праект Канцэпцыі пераходнага перыяду, і ў бліжэйшыя тыдні мы вынесем яго на грамадскае абмеркаванне, правядзем слуханні ў Каардынацыйнай Радзе. І вельмі важна, каб беларусы ўнутры краіны таксама ўдзельнічалі ў абмеркаванні гэтага дакумента.
Таксама разам з правабаронцамі мы прадставілі праект Канцэпцыі кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным – гэта пра аднаўленне справядлівасці. Дзяржава павінна гарантаваць, што адабранае – будзе вернута, а людзі атрымаюць кампенсацыі.
Другі прыярытэт – гэта падтрымка рэпрэсаваных ужо сёння. Больш праводзіць такіх акцый, як нядаўні марафон салідарнасці. Ужо 900 палітвязняў адбылі свае тэрміны – многім тэрмінова патрэбная рэлакацыя і рэабілітацыя. У гэтым нам ужо дапамагаюць Нямеччына, Нарвегія, Італія, але гэтага не дастаткова. Мы працуем над тым, каб стварыць міжнародны фонд дапамогі рэпрэсаваным, і разлічваем на дапамогу беларускага бізнесу за мяжой.
Мы працягнем узнімаць пытанне палітвязняў на кожнай сустрэчы, на кожным форуме. Выкарыстоўваць усе шляхі для іх вызвалення.
Трэці прыярытэт – прыцягненне вінаватых да адказнасці. Перад тым, як здзяйсняць злачынствы ў імя рэжыму, яны павінны ведаць, што нішто не будзе забытае. Таму так важна дакументаваць парушэнні правоў чалавека, збіраць дакументы для індывідуальных санкцыяў і для будучых судоў – гэта ўжо робяць беларускія праваабаронцы разам з міжнароднымі партнёрамі.
ААН прызнала, што ў Беларусі адбываюцца злачынствы супраць чалавечнасці. Мы будзем дабівацца адкрыцця справаў па ўніверсальнай юрысдыкцыі, як гэта было з Юрыем Гараўскім. Дабівацца адкрыцця справаў у Міжнародным крымінальным судзе і Міжнародным судзе ААН.
Мы як ніколі блізкія да таго, што будзе выдадзены ордар на арышт Лукашэнкі за выкраданне ўкраінскіх дзяцей. Каласальную працу зрабіў Павел Латушка і ўся каманда НАУ. І вялікая ўдзячнасць усім беларусам унутры сістэмы, якія дзеляцца з намі каштоўнай інфармацыяй.
Чацвёрты прыярытэт – дапамога беларусам у выгнанні. Беларусаў не павінны класці ў адзін кошык з расіянамі, уводзіць візавыя і іншыя баны. Пасля новага дэкрэту, тысячы беларусаў апынуцца без пашпартоў і дакументаў. Мы дабіваемся, каб пратэрмінаваныя пашпарты прызнавалі за сапраўдныя, выдавалі больш працяглыя віды на жыхарства. І вядома, рыхтуем да выдачы новы беларускі пашпарт. Геральдычная рада распрацавала дызайн, Валер Кавалеўскі займаецца палітычнымі і юрыдычнымі пытаннямі. Пашпарт не павінен быць сімвалічным, а павінен атрымаць рэальнае міжнароднае прызнанне.
Пяты прыярытэт – умацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў. Папулярызаваць беларускую мову, сапраўдную гісторыю. Ствараць больш беларускага анлайн-кантэнту. Адкрываць школы за мяжой і запускаць праекты дыстанцыйнай адукацыі для тых, хто ў Беларусі. Працаваць з буйнымі тэхнічнымі кампаніямі, дамагацца падтрымкі беларускай мовы. Мы ўжо наладзілі паспяховую супрацу з Google i Microsoft.
Шосты прыярытэт – інфармацыйна-асветніцкая праца. Неабходна супрацьдзейнічаць прапагандзе. Ствараць каналы для распаўсюду праўдзівай інфармацыі. Супрацоўнічаць з незалежнымі медыямі і блогерамі. Прасоўваць Еўрапейскі выбар сярод беларусаў. Мы павінны змагацца за грамадскую думку, тлумачыць, што адбываецца ў Беларусі, чаму палітыка рэжыму вядзе краіну ў тупік і якую альтэрнатыву мы прапануем.
Сёмы прыярытэт, і магчыма, самы важны – абарона незалежнасці Беларусі. Пагроза нашаму суверэнітэту ніколі не стаяла так востра. Мы будзем дабівацца вываду расійскіх войск і ядзернай зброі. Працуем над тым, каб арганізаваць слуханні ў Радзе Бяспекі ААН. Створым міжнародную кааліцыю ў абарону беларускай незалежнасці. Будзем умацоўваць суб’ектнасць Беларусі – нашу з вамі суб’ектнасць – на міжнароднай арэне.
Дарагія сябры Каардынацыйнай Рады,
Вы прадстаўляеце розныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці, і я прашу вас разам з вашымі арганізацыямі максімальна ўключацца ў працу дэмакратычных сілаў. Бярыце на сябе адказнасць за асобныя напрамкі працы. Прапаноўвайце новыя ідэі і рашэнні.
Я чакаю, што Каардынацыйная Рада стане сапраўды прадстаўнічым органам беларускіх грамадскіх арганізацый і палітычных партыяў. Для гэтага неабходна правесці выбары ў наступны склад Каардынацыйнай рады. Павел Лібер і «Новая Беларусь» гатовы распрацаваць усе неабходныя для гэтага тэхнічныя інструменты.
Выбары ў Каардынацыйную раду могуць стаць альтэрнатывай выбарам у псеўдапарламент, якія праводзіць рэжым. Мы ў выбарах Лукашэнкі не ўдзельнічаем – яны незаконныя. Але мы павінны скарыстацца гэтым як нагодай расказаць пра сваю альтэрнатыву. Правесці грамадска-асветніцкую кампанію, прасоўваць сваё бачанне новай Беларусі, паказаць кантраст з тым, што прапаноўвае рэжым.
Таксама хацелася б пабачыць больш публічнасці ў працы Каардынацыйнай Рады. Беларусы павінны ведаць, якія пытанні абмяркоўвае Каардынацыйная Рада і што вырашае. Уключайце ў свае дыскусіі шырокую грамадскасць і экспертную супольнасць.
Дарагія беларусы ўнутры краіны,
Напрыканцы я хачу звярнуцца да вас. Я толькі магу ўявіць, як цяжка працягваць працу ва ўмовах тэрору. Як жыць, калі кожную раніцу чакаеш візіт ГУБОПіКа. Але я прашу вас не апускаць рукі. Выкарыстоўвайце гэты час для самаразвіцця. Ёсць шмат магчымасцяў для самаадукацыі. Знаходзьце бяспечныя формы дэманстрацыі сваёй нязгоды. Шукайце аднадумцаў. Захоўвайце баявы дух.
Толькі разам – мы зможам давесці да канца тое, што пачалі ў 2020-м. Мы абавязкова вернем сабе сваю краіну, сваю годнасць і сваю свабоду.
Дзякуй. Жыве Беларусь!