Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі ў Беларусі, у наш бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot. Паведамляйце нам навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных формаў ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванні сістэмы адукацыі.
У нас з’явіўся сайт www.asvetaby.org, на якім можна знайсці ўсе выпускі дайджэста «Асвета» на беларускай, рускай і англійскай мовах.
Спампаваць дайджэст можна па спасылцы.
- Міжнародныя магчымасці
– Цэнтр польска-расійскага дыялогу ім. Юліуша Мерашэўскага (Польшча) запрашае аспірантаў і маладых вучоных прыняць удзел у летняй школе па міжнародным праве. Даты: 27 жніўня – 1 верасня 2023 года. Гэта цудоўная магчымасць даведацца пра погляды міжнароднага права на гістарычныя падзеі і яго ролю ў працы аналітыкаў і гісторыкаў-міжнароднікаў. Удзельнікам аплочваюць пражыванне, харчаванне, удзел у лекцыях і семінарах, даведачныя матэрыялы, а таксама транспарт з Варшавы ў Мазурскае паазер'е і назад. Дадаткова ўдзельнікам з усіх краін, акрамя Польшчы, выдзяляецца да 300 еўра на транспартныя выдаткі. Прыём заявак да 21 траўня.
– Хэльмут-Шміт Праграма прапануе стыпендыі на навучанне па праграме магістратуры ў сферы публічнай палітыкі і эфектыўнага кіравання. Студэнты будуць атрымліваць штомесячную стыпендыю ў памеры 934 еўра на месяц, таксама пакрываюцца выдаткі на медыцынскую страхоўку, на праезд да месца навучання, выдаткі на праходжанне курсаў нямецкай мовы. Тэрмін падачы заяўкі з 1 чэрвеня па 31 ліпеня 2023 года.
– Фонд Конрада Адэнаўэра прапануе стыпендыі для навучання па праграмах магістратуры і PhD. Фонд дае штомесячную стыпендыю для студэнтаў магістрантаў у памеры 861 еўра, для аспірантаў – 1200 еўра, а таксама кампенсацыю затрат на медыцынскую страхоўку, сямейную і дзіцячую дапамогу. Тэрмін падачы заяўкі – да 15 ліпеня 2023 года.
– Фонд Фрыдрыха Эберта прапануе стыпендыі на навучанне па праграмах магістратуры ў летнім семестры 2024 года. Студэнты будуць атрымліваць штомесячную стыпендыю ў памеры ад 830 да 850 эўра ў залежнасці ад праграмы навучання. Таксама пакрываюцца выдаткі на медыцынскае страхаванне, студэнты з дзецьмі змогуць атрымаць сямейную дапамогу ў памеры 276 еўра. Адным з крытэрыяў адбору з'яўляецца веданне англійскай і нямецкай моў. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 31 траўня 2023 года.
– Гарвардскі ўніверсітэт прапануе стыпендыю, якая пакрывае 75% ад кошту навучання ў межах праграмы «The Harvard MBA», а таксама выдаткі на праезд і пражыванне. Кандыдаты могуць падаць заяўку на атрыманне стыпендыі толькі пасля атрымання прапановы па залічэнні на праграму «The Harvard MBA». Заяўкі прымаюцца да 31 траўня 2023 года.
– Дэпартамент публічнай гісторыі Інстытута гісторыі Хагенскага завочнага ўніверсітэта прапануе стыпендыі для атрымання доктарскай ступені. Удзельнікі, якія прайшлі адбор, будуць працаваць над праектам: «Лічбавыя гісторыі гвалту ў 21 стагоддзі: сумесныя публічныя сферы і аўтабіяграфічныя апавяданні ў ваенны час у Расіі, Беларусі і Украіне». Старт праекта – 1 лістапада 2023 года. Заяўкі прымаюцца ад кандыдатаў, якія маюць досвед працы ў сферы медыя і камунікатыўных даследаванняў, антрапалогіі, гісторыі, сацыялогіі і культуралогіі. Яшчэ адна ўмова – валоданне нямецкай мовай на ўзроўні B2 на момант пачатку праграмы. Стыпендыі будуць давацца з лістапада 2023 года, першапачатковая працягласць – два гады. Інфармацыю пра ўмовы ўдзелу і памеры стыпендый можна даведацца тут. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 31 траўня 2023 года.
– Еўрасаюз у межах праграмы «EU4Belarus» рэалізуе грантавую праграму падтрымкі павышэння кваліфікацыі і навучання SALT (Support for Advanced Learning and Training) для беларускіх навукоўцаў, выкладчыкаў, вучоных і аспірантаў у вышэйшых навучальных установах і даследчых установах ЕС. Мінімальная сума гранта – 5 855 еўра (3 месяцы), максімальная – 11 435 еўра (6 месяцаў). Праграма таксама прапануе: штомесячную стыпендыю ў памеры 1860 еўра на працягу максімум 6 месяцаў для пакрыцця расходаў на пражыванне ў прымаючай краіне, а таксама кампенсуе кошт праезду ў памеры не больш як 275 еўра для зваротнай міжнароднай паездкі ў/з краіны пражывання і краіны прымаючай установы. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 30 чэрвеня 2023 года.
– Цэнтр перспектыўных даследаванняў у Сафіі (CAS Sofia) абвесціў пра прыём заявак на стыпендыі 2023-2024 гг. ад фонду Герды Хенкель для правядзення грунтоўных даследаванняў у сферы сацыяльных і гуманітарных навук. Працягласць стыпендыяльнай праграмы – 5 месяцаў. Кандыдатам будзе прапанавана штомесячная стыпендыя ў памеры 850 еўра (абкладаецца падаткам у памеры 10 адсоткаў) для пакрыцця расходаў на пражыванне. Таксама прадугледжана магчымасць пакрыць выдаткі на праезд з краіны пражывання ў Сафію і назад, выдаткі на візу і страхоўку (да 800 еўра); выдаткі на навуковую паездку за мяжу ў перыяд стажыроўкі – да 1200 еўра (аднаразовая дапамога) і выдаткі на правядзенне даследавання (100 еўра на месяц). Для ўдзелу ў праграме неабходна мець ступень кандыдата навук і валодаць англійскай мовай. Апошні тэрмін падачы заяўкі на летні семестр – 31 ліпеня 2023 года.
– Еўрапейскі Саюз у рамках праграмы «EU4Belarus – SALT-II (Support for Advanced learning and training)» абвяшчае прыём заявак на атрыманне фінансавай падтрымкі ў памеры да 1450 еўра на вывучэнне адной з еўрапейскіх моў (на выбар суіскальніка) і здачы па ім іспыту. Праграма прызначана для беларускіх студэнтаў-палітвязняў. Больш падрабязна аб крытэрах адбору ўдзельнікаў і ўмовах праграмы – на сайце арганізатара.
– Адкрыты прыём заявак на ўдзел у праграме «SCIENCE AT RISK Emergency Office», накіраванай на падтрымку навукоўцаў, студэнтаў і выпускнікоў, навуковых супрацоўнікаў, якія пацярпелі ад рэпрэсій у Беларусі. У межах праграмы ўдзельнікам будзе прапанавана прыняць аплатны ўдзел у навуковых мерапрыемствах (круглых сталах, лекцыях, семінарах і г. д.); атрымаць у супрацоўнікаў еўрапейскіх універсітэтаў кансультацыю па пошуку акадэмічных праграм, падачы заявак на гранты, наладжванні акадэмічных сувязяў і адаптацыі да новых умоў; прайсці курс замежнай мовы для атрымання навыкаў, неабходных для працы ў акадэмічным асяроддзі. Падрабязная інфармацыя і форма заявы знаходзяцца на сайце.
- Грамадзянская супольнасць і адукацыя
– Праект «Васьміног» завяршыў працу над першым этапам грантавага конкурсу адукацыйных праектаў. Пасля ўсіх этапаў ацэнкі пры ўдзеле незалежных экспертаў і арганізацый-партнёраў «Васьмінога» падтрымку атрымалі 15 праектаў са 113 заяўленых. Агульная сума падтрымкі склала больш за 280 тысяч еўра, геаграфія праектаў уключае Беларусь, Польшчу, Літву, Грузію, Эстонію і Германію. Сярод пераможцаў праекты, звязаныя з рознымі напрамкамі ў школьнай адукацыі, а таксама накіраваныя на ўкараненне і асваенне настаўнікамі інтанацыйных метадаў навучання. Больш падрабязную інфармацыю па выніках першага конкурса можна знайсці тут. Наступны конкурс грантавых праектаў для адукацыйных ініцыятыў будзе аб'яўлены ўжо восенню 2023 года. Калі для вас гэта актуальная тэма – падпішыцеся на каналы «Васьмінога» ў сацыяльных сетках, каб не прапусціць анонс.
– Абвешчаны магістрат па падтрымцы моладзевага клуба культуры і развіцця «Спадчына», які стварылі беларусы Вроцлава. Гэта месца, дзе беларускія эмігранты могуць знайсці для сваіх дзяцей прастору для зносін і актыўнасцяў па сямі відах, ад тэатральных заняткаў да дыскусійных клубаў. Лейтматыў клуба – дапамагчы беларускім сем'ям захаваць сувязь дзяцей з нацыянальнай культурай і стварыць умовы для зносін. За два месяцы колькасць удзельнікаў суполкі дасягнула 55 чалавек, а арганізатары істотна пашырылі праграму, у тым ліку за кошт маючых адбыцца летніх мерапрыемстваў. Клуб можа прыняць да 70 дзяцей, але для развіцця патрэбны сродкі. Больш падрабязна пра ўмовы магістрата, а таксама пра сам праект «Спадчына» і яго перспектывы можна прачытаць тут.
– Курсы беларускай мовы «Мова Нанова» запрашаюць на заняткі дзяцей і дарослых. Курсы спынілі працу ў Беларусі ў 2021 годзе, пасля чаго арганізатары былі вымушаны пакінуць краіну. Сёння курсы адкрыты ў 9 гарадах свету: Варшава, Вроцлаў, Рыга, Вільня, Беласток, Тбілісі, Трохграддзе (Сопат), Быдгашч, Торунь, Шарлат. Тут можна падпісацца на агульны канал курсаў «Мова Нанова» ў замежжы і даведацца ўсю актуальную інфармацыю па курсах.
– Да 17 траўня ўключна адкрыты прыём заявак на ўдзел у анлайн-курсе па распрацоўцы і кіраванні праектаў «З веданнем справы 2.0». Курс карысны ўсім, хто так ці інакш звязаны з адукацыйнымі праектамі і актыўнасцямі – ад навучальных праграм да дыскусій і вэбінараў. Якімі кампетэнцыямі павінны валодаць трэнеры і што неабходна ўлічыць пры распрацоўцы адукацыйнай праграмы, як дапамагаць людзям вучыцца эфектыўна і дасягаць пастаўленых мэт навучання? Гэтыя і іншыя тэмы ўдзельнікі курса разбяруць з экспертамі і ментарамі на працягу пяці блокаў, якія ўключаюць лекцыйныя модулі і практычныя заданні. Курс адрасаваны як тым, хто ўжо мае досвед у правядзенні адукацыйных мерапрыемстваў, так і тым, хто толькі плануе пачаць трэнерскую (выкладчыцкую) дзейнасць. Больш падрабязна па праграме і экспертах курса, а таксама форму рэгістрацыі вы знойдзеце тут.
- Рэпрэсіі
– Хімік і папулярызатар навукі Сяргей Бесараб сабраў і апрацаваў звесткі па рэпрэсіраваных за апошнія гады вучоных. З адкрытых крыніц удалося сабраць звесткі па 100 рэпрэсаваных дзеячах навукі (спецыялісты Акадэміі навук і вышэйшых навучальных устаноў, магістранты, аспіранты і г.д.). «Партрэт рэпрэсаванага» атрымаўся такім: часцей, чым іншых, пасля жніўня 2020 года пераследавалі філолагаў і гісторыкаў, вучоных ва ўзросце 45-50 гадоў. Сярод іх кандыдатаў навук – 58 адсоткаў, дактароў навук – 11 адсоткаў. Тут можна знайсці больш падрабязную інфаграфіку і каментар Сяргея Бесараба.
– 11 траўня пачаўся суд над загадчыкамі кафедраў і дацэнтаў Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта – Наталляй Мікалаеўнай Бадзяла (кафедра канструявання і тэхналогіі адзення і абутку) і Галінай Арцёмаўнай Яшавай (кафедра эканамічнай тэорыі і маркетынгу). Жанчынам прад'яўлена абвінавачанне ў распаўсюджванні «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Раней у ВДТУ рэпрэсіям падвергліся яшчэ некалькі выкладчыкаў.
– 4 траўня ў Докшыцах затрымалі настаўніцу малодшых класаў Марыну Корду. Гэта адбылося падчас урока, верагодным чыннікам затрымання маглі стаць «лайкі» у Інтэрнэце. Пазней з'явілася інфармацыя па тым, што затрыманы і яе муж, Вікенцій Корда. Ён працаваў настаўнікам фізкультуры ў той жа школе, што і ягоная жонка.
– У СІЗА знаходзіцца старэйшая выкладчыца Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Наталля Жлоба. Па інфармацыі выдання «Наша Ніва» жанчыну арыштавалі яшчэ ў канцы сакавіка 2023 года. На гэты момант невядома, ці прад'яўлены якія-небудзь абвінавачанні. Размова можа ісці аб палітычнай справе. Наталля працавала на кафедры замежнай літаратуры факультэта англійскай мовы.
– Інфармацыйны рэсурс «Віцебская вясна» звярнуў увагу на гісторыю 11-класніка, вучня СШ №2, члена БРСМ і кандыдата ў майстры спорту па грэка-рымскай барацьбе Сцяпана Падрэза. 31 сакавіка суддзя Сенненскага раённага суда Ірына Досава аштрафавала школьніка на 74 беларускія рублі за тое, што ён нібыта правёў пікет на сваёй старонцы ў адной з сацыяльных сетак без дазволу мясцовых уладаў. Гісторыя атрымала працяг: старшыня Віцебскага абласнога суда Аляксандр Федзюковіч адмяніў рашэнне раённага суда, т.я. яно было вынесена з грубым парушэннем патрабаванняў Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Сцяпан – непаўналетні, а значыць яго справу павінна была разглядаць камісія па справах непаўналетніх, а не суд. Справу падлетка перадалі ў КСН Сенненскага райвыканкама.
- Палітыка рэжыму
– Наталля Качанава правяла нараду з кіраўнікамі дзяржаўных органаў і Беларускай праваслаўнай царквы, на якой абмяркоўвалася магчымасць арганізацыі пры манастырах прытулкаў для дзяцей, чые бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Паводле слоў Качанавай, гэтую ідэю яна «падгледзела» ў Расіі, і цяпер даручыла прапрацаваць пытанні заканадаўчага рэгулявання і вызначэнне крыніц фінансавання такіх устаноў. Верагодна першы такі прытулак з'явіцца ў Гродзенскай вобласці. Пра гэта напісала праўладная прапагандыстка Вольга Бондарава. Ускосна яе словы пацвярджае ўдзел у нарадзе настаяцельніцы Гаўрыілы ў Свята-Раство-Багародзічнага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра ў Гродна.
– Праўладная партыя «Белая Русь» і агенцтва «Рассупрацоўніцтва» плануюць арганізаваць «дапамогу Данбасу». Па словах старшыні партыі Алега Раманава прапанавана «арганізаваць узаемныя абмены», а таксама «прыём у Беларусі дзяцей з Данбаса». Паведамляецца, што дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ўжо прывозяць у Беларусь пры садзейнічанні фонду паралімпійца і праўладнага актывіста Аляксея Талая.
– Паводле інфармацыі «Беларускага даследчага цэнтра» за тры месяцы служба занятасці размясціла 182 вакансіі кіраўнікоў па патрыятычным выхаванні ў каледжах і школах па ўсёй краіне. У шматлікіх з іх досвед службы ва ўзброеных сілах паказаны як абавязковае патрабаванне. Журналісты БДЦ правялі эксперымент: патэлефанавалі ў некалькі школ і каледжаў і прадставіліся байцом ПВК Вагнера, які ваяваў ва Украіне, і зараз шукае працу. У адной з менскіх школ паведамілі, што такі досвед падыходзіць. Пра вяртанне ў беларускія школы пасады кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні яшчэ ў чэрвені 2022 года заявіў Ігар Карпенка, які на той момант займаў пасаду міністра адукацыі Беларусі. У сваю чаргу міністр абароны Віктар Хрэнін адзначаў, што на гэтыя пасады будуць браць найперш кадравых вайскоўцаў з мэтай правядзення дапрызыўнай падрыхтоўкі падлеткаў па аналогіі з савецкай практыкай.
– У траўні настаўнікам адной са школ Наваполацка прапанавалі пуцёўкі ў анексаваны Крым. Пра падобную сітуацыю распавёў і настаўнік з Оршы. Падрабязнасці можна даведацца тут.
– Незадоўга да завяршэння навучальнага года стала вядома, што колькасць ваенна-патрыятычных клубаў у Мінску вырасла ў два разы. Ужо зараз навучанне ў іх праходзіць каля 1000 чалавек. Пра гэта расказаў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран падчас цырымоніі адкрыцця злёту ваенна-патрыятычных клубаў «Вяршыня мужнасці». Чыноўнікі заяўляюць, што спыняцца «на дасягнутым не плануюць».
– Асуджаныя, якія адбываюць пакаранне ў Папраўчай калоніі №15, пазбаўлены магчымасці атрымліваць вышэйшую адукацыю дыстанцыйна. Адзіны даступны варыянт – навучанне ў філіяле прафесійнага ліцэя на тэрыторыі калоніі, куды прымаюць не ўсіх. Усе іншыя варыянты, якія дзейнічалі раней, на сённяшні дзень застаюцца недаступнымі. Гэта ідзе ў разрэз з пастановай Рэспубліканскай грамадскай назіральнай камісіі, якая наведвала калонію ў сакавіку 2023 года. У справаздачы камісіі сцвярджаецца, што ў ВК створаны «ўсе неабходныя ўмовы для атрымання асуджанымі дыстанцыйнай вышэйшай адукацыі, а таксама прафесійна-тэхнічнай адукацыі».
– Асацыяцыя беларускіх студэнтаў апублікавала справаздачу «Стан беларускай акадэміі». Былі сабраны і апрацаваны дадзеныя за 2022 год, уключаючна з інфармацыяй па рэпрэсіях сярод студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў навучальных устаноў. Таксама ў справаздачы адлюстраваны асноўныя падзеі, якія паўплывалі на стан сфер адукацыі і навукі ў Беларусі, такія як закрыццё навучальных устаноў, спыненне дзеяння міжнародных дамоўленасцяў, разгортванне дзяржаўнай прапаганды. У заключнай частцы справаздачы сабрана рэакцыя міжнароднай супольнасці, якая ўключае як станоўчыя, так і адмоўныя практыкі. З поўным тэкстам справаздачы можна азнаёміцца тут.