• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Суб’ектнасць, уплыў дыяспары, адказнасць рэжыму, палітвязні. Святлана Ціханоўская назвала чатыры прыярытэты працы Офіса і Аб’яднанага Пераходнага Кабінета

    22 красавіка, 2023

    Сёння Святлана Ціханоўская выступіла на Канферэнцыі беларусаў II, дзе агучыла галоўныя прыярытэты працы Офіса і Аб’яднанага Пераходнага Кабінета:

    «Паважаныя ўдзельнікі канферэнцыі.

    Я хацела б падзяліцца з вамі адной з галоўных высноваў, якую я зрабіла за гэтыя два з паловай гады ў палітыцы: найважнейшае пытанне, якое трэба сабе задаваць кожны дзень – «навошта?». 

    Мы ўсе ведаем, што мы хочам вярнуцца дадому, вызваліць нашых блізкіх і сяброў, хочам, каб нашая краіна захавала сваю незалежнасць. 

    Мы зычым гэта адно аднаму на святы, мы ўяўляем гэта сабе, калі засынаем. Але калі на шляху да гэтых мэтаў мы выбіраем дзеянні, ці задаем мы сабе пытанне «навошта?». Навошта мы павінны ўзмацняць дыяспару? Навошта нам патрэбныя міжнародныя кантакты? Навошта палітычныя структуры ў выгнанні? Якую менавіта задачу мы вырашаем, робячы ўсё гэта?

    Сёння я хачу падзяліцца з вамі прыярытэтамі Офіса і Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, і самае важнае, адказамі на пытанне – навошта.

    • Прыярытэт першы: беларусам трэба адбудаваць сваю суб'ектнасць.

    Гэта няпроста, таму што мы ва ўнікальнай сітуацыі: мы народ краіны, якая нам не належыць. Мы змагаліся за тое, каб беларусаў і рэжым падзялялі, і ў нас ёсць поспехі, якія трэба адстойваць кожны дзень – як у нядаўняй сітуацыі з галасаваннем у літоўскім Сейме. Але цяпер перад намі яшчэ большы выклік. Што такое цяпер Беларусь для свету? Беларусы – гэта асобныя людзі, але з кім тады выбудоўваць адносіны і дамоўленасці, з кім размаўляць, калі не рэжымам?

    Менавіта для гэтага існуе Офіс, Аб'яднаны Пераходны Кабінет і Каардынацыйная Рада. Гэта структуры, якія ўзмацняюць палітычную суб'ектнасць беларусаў. Гэта адказ на пытанне «З кім нам размаўляць? З кім вырашаць пытанні?», таму што ў свеце палітыкаў не існуе схемы ўзаемадзеяння з народам, без яго прадстаўнікоў.

    Але самі па сабе структуры не маюць сілы без людзей. І менавіта таму так важныя вы ўсе. Калі мы гаворым пра аб'яднанне, мы маем на ўвазе, што нам трэба трымацца разам для таго, каб вырашаць нашыя пытанні. Знаходзіць агульныя пункты гледжання ў Каардынацыйнай Радзе. Спрачацца, выпрацоўваць разам пазіцыі і ідэі, і прапаноўваць Аб'яднанаму Пераходнаму Кабінету дапамогу ў іх рэалізацыі. Дапамагаць Офісу адвакатаваць інтарэсы беларусаў: арганізоўваць мітынгі і мерапрыемствы, дапамагаць з легалізацыяй. Падтрымліваць працу Народных Амбасадаў, супрацоўнічаць з Радай БНР, узмацняць каманды ЦБС і іншых вельмі важных арганізацый, якія сёння тут.

    Такім чынам, суб'ектнасць у нашым выпадку, гэта калі палітычныя арганізацыі і грамадзянская супольнасць – працуюць як адзіны арганізм, які па-першае мае, а па-другое адстойвае свае нацыянальныя інтарэсы. Гэта значыць, нам трэба наладзіць спосабы ўзаемадзеяння паміж нашымі структурамі замежжа, і што найважнейшае, размеркаваць зоны адказнасці. Інфармацыйнае супраціўленне, адвакатаванне, легалізацыя, падтрымка рэпрэсаваных, арганізацыя мерапрыемстваў, фармаванне супольнасцяў, і іншыя важныя задачы. Сёння нам трэба разам прыдумаць як гэта зрабіць.

    Чаму яшчэ важная суб'ектнасць? Менавіта яна дае канкрэтна мне моц і магчымасць уплываць на рашэнні ў міжнародных структурах і ў іншых дзяржавах. Менавіта так, напрыклад, нам удалося пераканаць Еўрасаюз не прымаць візавы бан супраць беларусаў нароўні з расіянамі. Але я не змагу гэтага рабіць, калі за мною не будуць стаяць беларусы. Менавіта дзякуючы вам мы можам утрымліваць Беларусь на парадку дня. Дзякуючы вашым дзеянням і вашай пастаянна артыкуляванай пазіцыі: мы, беларусы, не падтрымліваем вайну ва Украіне, мы хочам быць асобнай ад Расіі дэмакратычнай краінай. І нашая з вамі праца – нагадваць пра гэта свету кожны дзень. Мы павінны ствараць прадстаўніцтвы свабоднай Беларусі ў розных краінах, і тут я спадзяюся на падтрымку Народных амбасадаў, супрацоўніцтва з Радай БНР і ўсімі дыяспаральнымі структурамі.

    Узмацненне нашай суб'ектнасці таксама дапаможа ў нашай працы над міжнароднай кааліцыяй у падтрымку дэмакратычнай і незалежнай Беларусі. Каб дзеянні міжнароднай супольнасці не былі разрозненымі, а ўвага да нашай праблемы не згасала.

    Што значыць стварэнне Кааліцыі на практыцы?

    Гэта шэраг сустрэчаў, вынікам якіх стануць канкрэтныя механізмы і сумесныя крокі на міжнароднай арэне ў чатырох кірунках:
    1) дапамога дэмакратычнаму руху,
    2) прыцягненне вінаватых да адказнасці,
    3) ціск і ізаляцыя рэжыму,
    4) падрыхтоўка да транзіту ўлады ў Беларусі.

    Так, вы маеце рацыю, калі скажаце, што міжнародныя партнёры дэкларавалі гэтыя кірункі і раней: кааліцыя дапаможа зрабіць іх дзеянні больш арганізаванымі, скаардынаванымі і скіраванымі на канкрэтныя вынікі, якія можна вымераць.

    Адначасова з гэтым нам неабходна фармалізаваць кантакты з міжнароднымі арганізацыямі і ўрадамі. Напрыклад, восенню будзе запушчаны стратэгічны дыялог з ЗША. Мы павінны фармалізаваць адносіны з Еўрапарламентам і Еўрапейскай Радай па сацыяльных і эканамічных пытаннях, як гэта ўжо было зроблена ў Радзе Еўропы, дзе мы стварылі Кантактную групу. У гэтым напрамку працуе Валеры Кавалеўскі, які сёння распавядзе больш пра гэтую працу.

    Неабходна падрыхтаваць дарожныя мапы развіцця і дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасці, і я ўдзячная Андрэю Ягораву і ўсім, хто датычны, за гэтую працу.

    • Прыярытэт другі: павялічыць уплыў дыяспары на падзеі і працэсы ў Беларусі.

    Вырашэнне праблемаў пачынаецца з іх прызнання. Я думаю, мы з вамі разумеем, што разрыў паміж беларусамі ўнутры краіны і звонку павялічваецца. Многія праекты, медыя, ініцыятывы паступова становяцца ўсё больш скіраваныя на абмеркаванне і вырашэнне нашых мясцовых праблемаў, з-за чаго расце гэтая адлегласць. Але ў Беларусі ўсё так жа шмат людзей, якія хочуць пераменаў. Іх не стала менш, з-за вайны, эканамічнага крызісу, ядзернай пагрозы іх робіцца больш. Але ці лічаць гэтыя людзі, што мы з вамі прадстаўляем іх інтарэсы? Ці значыць па змаўчанні жаданне пераменаў, што яны бачаць у нас людзей, здольных гэтыя перамены наблізіць? Нашая з вамі праца – адказаць на гэтае пытанне, даць беларусам у краіне пачуццё пляча, быць крынІцай веры ў будучыню, інфармаваць і дапамагаць.

    Як мы можам гэта зрабіць?

    Для пачатку нашая задача – дапамагаць Беларусі змагацца з уплывам расійскай прапаганды. Гэта праца з дэзінфармацыяй, адукацыйным кантэнтам, інструкцыямі пра тое, як размаўляць са сваякамі. Гэта дапамога ў стварэнні механізмаў фармавання супольнасцяў – напрыклад, людзей, аб'яднаных ідэяй недапушчэння размяшчэння ядзернай зброі ў краіне. Як і ў часы кавІду, дзяржава хлусіць і скажае рэальнасць і не збіраецца дапамагаць людзям клапаціцца пра іх бяспеку. І менавіта тут дыяспара можа прыйсці на дапамогу: ствараць крыніцы інфармацыі пра тое, як рыхтавацца да ядзернай пагрозы. Распаўсюджваць інфармацыю пра неабходныя сродкі абароны. Распавядаць, як пісаць звароты і арганізоўваць грамадзянскі супраціў. Дапамагаць партызанам з лагістыкай. І я хачу падзякаваць Аляксандру Азараву і ўсёй камандзе Байпол за стварэнне плана «Перамога», які ўжо аб’ядноўвае і каардынуе беларусаў у краіне. Размаўляць трэба не толькі з прыхільнікамі перамен, але і з сілавікамі, як гэта праз свае звароты робіць Валеры Сахашчык.

    Але тут вялікае месца займае не проста контрпрапаганда, але і адраджэнне культуры. Стварэнне праектаў, якія будуць дапамагаць беларусам адчуваць сваю датычнасць да ўсяго беларускага. Даваць альтэрнатыву «русскому миру», папулярызаваць беларускую мову, гісторыю, прыдумляць як рабіць беларускае сучасным і цікавым шырокім масам. І я дзякую Аліне Коўшык, камандзе Беларускай Рады Культуры і ўсім беларускім ініцыятывам, якія кожны дзень працуюць над гэтым. На гэтай канферэнцыі мы прысвяцім шмат часу пытанню культуры, таму што сёння яно стаіць як ніколі востра.

    • Прыярытэт трэці: прыцягненне рэжыму да адказнасці і ціск.

    Думка, якая кожны дзень выклікае ўва мне злосць і боль, як я ўпэўненая, у нас усіх – рэпрэсіі працягваюцца. У турмах усё яшчэ тысячы нашых блізкіх і сяброў. Людзей працягваюць арыштоўваць і судзіць, а рэжым усё яшчэ адчувае сябе беспакараным. Ва ўмовах адсутнасці ў Беларусі незалежнай судовай улады вельмі важна запускаць міжнародныя механізмы па прыцягненні рэжыму да адказнасці. Зрушыць з месца справы па ўніверсальнай юрысдыкцыі. Падтрымаць ініцыятыву Літвы па прыцягненні рэжыму да адказнасці ў міжнародным судзе ААН за арганізацыю міграцыйнага крызісу. Мы чакаем даклад у межах Маскоўскага механізма АБСЕ, ён можа адчыніць новыя дзверы, у тым ліку для пачатку працэсу ў межах Міжнароднага крымінальнага суда. І я ўдзячная Паўлу Латушку і Валерыю Кавалеўскаму за штодзённую ўпартую працу ў гэтым кірунку.

    Мы пакуль далёкія ад пачатку трыбуналу па Беларусі для Лукашэнкі і прадстаўнікоў ягонага рэжыму. Але рыхтуем да гэтага глебу ўжо сёння. Бо сілавікі, суддзі, пракуроры, чыноўнікі пры ўладзе павінны адчуваць, што ў іх дзеянняў будуць наступствы. Што кожны прысуд на гады нявінным людзям – гэта злачынства, за якое ў будучыні давядзецца адказаць. 

    Перамовы пачнуцца толькі тады, калі гэтыя людзі адчуюць, што пагроза панесці пакаранне, быць прыцягнутым да адказнасці рэальная. Што яна ўжо блізка. І адзіны спосаб палепшыць сваю будучыню – пачаць размаўляць з народам і яго прадстаўнікамі, а таксама міжнароднай супольнасцю. Пачаць ісці на саступкі і вызваляць людзей. Толькі тады яны будуць гатовыя прызнаць крызіс у краіне і неабходнасць яго вырашэння.

    • Прыярытэт чацвёрты: палітзняволеныя.

    Мы таксама разумеем, што трэба шукаць спосабы вызваляць людзей ужо зараз. Мы ўздымаем гэтае пытанне кожны дзень. На кожнай сустрэчы. Нам трэба дабівацца паляпшэння ўмоваў у турмах. Лабіяваць дапамогу для рэпрэсаваных і іх сем'яў. Шукаць спосабы вызвалення цяжка хворых і ўразлівых групаў. Я ўдзячная ініцыятывам дапамогі палітвязняў, якія працуюць кожны дзень для вырашэння гэтых пытанняў. Я ўдзячная Вользе Гарбуновай і яе камандзе, за такое ўзмацненне гэтага кірунку, і за яе крэда, якое павінна быць нашым агульным: самае галоўнае – людзі. За жыццё і свабоду кожнага павінны змагацца мы ўсе. Прашу вас, дапамагайце Вользе, ініцыятывам politzek.me, dissidentby.com, СДЖ, праваабарончаму цэнтру «Вясна» і новым ініцыятывам па рэабілітацыі палітвязняў, якія выйшлі на волю.

    Давайце сёння абмяркуем, як рэалізаваць гэтыя задачы разам, як размеркаваць адказнасць, як узмацніць нашую працу.

    Тут сабраліся аднадумцы. Нам не трэба доўга спрачацца пра тыя вынікі, якіх мы хочам дасягнуць. Мы ведаем адказ на пытанне «навошта». Давайце на гэтай канферэнцыі вЫпрацуем сумесныя дзеянні і кампаніі па дасягненні нашых агульных мэтаў. Ведайце, што кожны, хто тут знаходзіцца – прычына, чаму мы ўсё яшчэ працягваем. Кожны, хто тут знаходзіцца – прычына, чаму мы зможам дайсці да перамогі.

    Жыве Беларусь!»

    Апошнія навіны