• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Дайджэст Офіса Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі, Сакавік 2023 / Выпуск 5

    31 сакавіка, 2023

    Дасылайце, калі ласка, інфармацыю пра ўсё, што тычыцца адукацыі ў Беларусі, у наш бяспечны і ананімны чат-бот @eduOST_bot. Паведамляйце нам навіны са сваёй установы адукацыі ці дзяржаўнага ведамства датычна рэпрэсій і розных формаў ціску з боку кіраўніцтва, пішыце нам пра факты карупцыі і новыя распараджэнні, якія здаюцца вам неабгрунтаванымі ці нерацыянальнымі. Таксама запрашаем вас дзяліцца сваімі ідэямі і прапановамі па рэфармаванні сістэмы адукацыі.

    У нас з’явіўся сайт www.asvetaby.org, на якім можна знайсці ўсе выпускі дайджэста «Асвета» на беларускай, рускай і англійскай мовах.

    • Міжнародныя магчымасці

    – Дарагія чытачы! Звяртаем Вашу ўвагу, што ў асобным дадатку Падтрымка на 2023 год прадстаўлены вялікі агляд актуальных міжнародных магчымасцяў на цэлы год наперад. Агляд не дублюе магчымасці, уключаныя ў гэты выпуск.

    – Усходнееўрапейская школа палітычных даследаванняў (ESP) сумесна з Радай Еўропы абвяшчае конкурс на ўдзел у праграме 2023 года для грамадзян Рэспублікі Беларусь і прадстаўнікоў беларускай дыяспары ва ўзросце да 35 гадоў. Заняткі пройдуць у выглядзе трох сесій, першую з якіх плануецца правесці 12–13 траўня ў Вільні, другую – з 17 па 20 чэрвеня ў Будапешце, трэцюю – з 21 па 24 верасня ў Вільні ці Варшаве, апошняе мерапрыемства адбудзецца 6–8 лістапада 2023 г. у Страсбургу. Паміж сесіямі запланаваны дыскусіі, даследчыя праграмы і мерапрыемствы па распаўсюджванні ведаў. Тыя, хто паспяхова завершыць курс навучання, атрымаюць дыплом Рады Еўропы. Удзельнікі праграмы аплочваюць кошт шэнгенскай візы і страхоўкі, а таксама арганізацыйны збор у памеры 100 еўра. Астатнія выдаткі аплочваюцца арганізатарамі. Анкету можна запоўніць да 10 красавіка па. спасылцы.

    – Дэпартамент палітычных і сацыяльных навук Еўрапейскага ўніверсітэцкага інстытута (EUI) у Фларэнцыі запрашае з доктарскай ступенню ў сферы сацыяльных навук даследчыкаў, якія падвергліся пераследам у сваёй краіне або прыпынілі даследаванні праз вайну, прыняць удзел у канферэнцыі, якая адбудзецца 12 чэрвеня 2023 г. у гібрыдным рэжыме. Канферэнцыя стане платформай для прэзентацыі сваіх даследаванняў і абмеркавання прычын, па якіх даследчыкі не змаглі працягнуць працу ў сваёй краіне. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 30 красавіка 2023 года.

    – Дэпартамент публічнай гісторыі Інстытута гісторыі Хагенскага завочнага ўніверсітэта прапануе стыпендыі для атрымання доктарскай ступені. Удзельнікі, якія прайшлі адбор, будуць працаваць над праектам: «Digital Histories of Violence in the 21st Century: Participatory Public Spheres and Autobiographical Narratives in war time Belarus, and Ukraine», які пачнецца 1 лістапада 2023 года. Заяўкі прымаюцца ад кандыдатаў, якія маюць досвед працы ў сферы медыя і камунікатыўных даследаванняў, антрапалогіі, гісторыі, сацыялогіі і культуралогіі і валодаюць нямецкай мовай на момант пачатку праграмы на ўзроўні B2. Стыпендыі будуць выдавацца з лістапада 2023 года з першапачатковай працягласцю два гады. Дактаранты атрымаюць пакет фінансавання ў памеры 1450 еўра, які складаецца з базавай стыпендыі ў памеры 1350 еўра і дапамогі на даследаванні ў памеры 100 еўра. Акрамя таго, можа быць прадастаўлена субсідыя на медыцынскае страхаванне ў памеры да 100 еўра і сямейныя дапамога. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 31 траўня 2023

    – Цэнтр перспектыўных даследаванняў у Сафіі (CAS Sofia) абвесціў прыём заявак на стыпендыі 2023–2024 гг. ад фонду Герды Хенкель для правядзення фундаментальных даследаванняў у сферы сацыяльных і гуманітарных навук. Працягласць стыпендыяльнай праграмы – 5 месяцаў. У яе межах кандыдаты атрымаюць штомесячную стыпендыю ў памеры 850 еўра (абкладаецца падаткам у памеры 10%) для пакрыцця выдаткаў на пражыванне, звязаных са знаходжаннем у Сафіі; таксама стыпендыя пакрывае выдаткі на праезд з краіны пражывання ў Сафію і назад, выдаткі на візу і страхоўку (да 800 еўра); выдаткі на навуковую паездку за мяжу ў перыяд стажыроўкі – да 1200 еўра (аднаразовая дапамога) і выдаткі на правядзенне даследавання (100 еўра ў месяц). Для ўдзелу ў праграме неабходна мець ступень кандыдата навук і валодаць англійскай мовай. Апошні тэрмін падачы заяўкі на летні семестр – 31 ліпеня 2023 года.

    – Пачаўся прыём заявак на ўдзел у праграме Фулбрайта па павышэнні кваліфікацыі для настаўнікаў сярэдняй і вышэйшай школы. Праграма прызначана для настаўнікаў усіх дысцыплін, у тым ліку настаўнікаў англійскай мовы (як замежнай). Кандыдаты павінны мець ступень бакалаўра або эквівалентную адукацыю і вопыт, а таксама валодаць англійскай мовай і мець магчымасць паехаць у Злучаныя Штаты на шэсць тыдняў. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 3 красавіка 2023 г.

    – Цэнтр даследавання міжэтнічных адносін Усходняй Еўропы (Харкаў, Украіна) адкрыў прыём заявак на ўдзел у трэцяй летняй школе «Даследаванні памежжа ў Цэнтральна–Усходняй Еўропе і Чарнаморскім рэгіёне», якая адбудзецца ў Кішынёве (Малдова). Летняя школа праводзіцца для магістрантаў, аспірантаў, маладых вучоных і практыкуючых спецыялістаў. Яе мэта – арганізацыя форума для міждысцыплінарных дыскусій па тэмах, звязаных з прымежжам, у такіх сферах навукі, як антрапалогія, гісторыя, эканоміка, паліталогія, сацыялогія, культуралогія. Удзел бясплатны. Арганізатары забяспечваюць пражыванне падчас правядзення школы, абеды, і часткова пакрываюць дарожныя выдаткі. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 15 красавіка 2023 года.

    – Еўрапейскі Саюз у рамках праграмы «EU4Belarus – SALT–II (Support for Advanced learning and training)» аб'яўляе прыём заявак на атрыманне фінансавай падтрымкі ў памеры да 1450 еўра на вывучэнне адной з еўрапейскіх моў (на выбар суіскальніка) і здачы па ім іспыту. Праграма прызначана для беларускіх студэнтаў–палітвязняў. Больш падрабязна пра крытэры адбору ўдзельнікаў і ўмовы праграмы – на сайце арганізатара.

    – Літоўскі Фонд падтрымкі адукацыйных абменаў прапануе дзяржаўныя стыпендыі і гранты грамадзянам Беларусі для атрымання ступені магістра ці інтэграванага навучання (максімум два апошнія гады інтэграванага навучання) у вышэйшых навучальных установах Літвы на 2023 год. Памер стыпендыі складае 490 эўра ў месяц, грант пакрывае выдаткі на навучанне. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 22 траўня 2023.

    – Літоўскі фонд падтрымкі адукацыйных абменаў прапануе штомесячную стыпендыю і грант на пакрыццё выдаткаў на навучанне ва ўніверсітэтах Літвы на працягу 1–2 семестраў. Памер стыпендыі складае 490 еўра на месяц для студэнтаў і 980 еўра за месяц для аспірантаў. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 8 траўня 2023.

    – Фонд Фрыдрыха Эберта прапануе стыпендыі на навучанне па праграмах магістратуры ў летнім семестры 2024 г. Студэнты будуць атрымліваць штомесячную стыпендыю ў памеры ад 830 да 850 еўра ў залежнасці ад праграмы навучання. Таксама пакрываюцца выдаткі на медыцынскае страхаванне, студэнты з дзецьмі змогуць атрымаць сямейную дапамогу ў памеры 276 еўра. Адным з крытэраў адбору з'яўляецца веданне англійскай і нямецкай моў. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 31 траўня.

    – Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта прапануе стыпендыі для навучання на 2–х гадавой магістарскай праграме, прысвечанай гісторыі і сучаснасці краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, Расіі і ўсёй посткамуністычнай прасторы. У межах праграмы разглядаюцца пытанні гісторыі, нацыянальнай культуры, асноўных тэндэнцый палітычнага развіцця рэгіёна, а таксама мастацтва, літаратуры, сацыялогіі, геаграфіі, дэмаграфіі, юрыспрудэнцыі, эканомікі ды інш. Стыпендыя ў памеры 3000 еўра ў год пакрывае кошт навучання, а таксама кошт курсаў польскага мовы (2 семестры). Акрамя таго, студэнты будуць атрымліваць штомесячныя выплаты ў памеры 1500 злотых для пакрыцця выдаткаў на пражыванне. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 10 красавіка.

    – Міжнародны Вышаградскі фонд прапануе стыпендыі для студэнтаў усіх узроўняў навучання ва ўніверсітэтах краін Вышаградскай групы (Чэхія, Венгрыя, Польшча, Славакія). Стыпендыя пакрывае кошт навучання ў памеры 1500 эўра за семестр, а таксама прапануе студэнтам фінансавую падтрымку ў памеры 2500 эўра ў семестр. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 15 красавіка.

    – Урад Славацкай Рэспублікі ў рамках нацыянальнай стыпендыяльнай праграмы для замежных студэнтаў усіх узроўняў навучання прапануе штомесячныя стыпендыі тэрмінам да 10 месяцаў для навучання ці ўдзелу ў навуковых даследаваннях у акадэмічных установах Славакіі. Памер стыпендыі для студэнтаў складае 400 еўра, для аспірантаў, выкладчыкаў, мастакоў і артыстаў ад 734 да 1050 еўра (у залежнасці ад вучонай ступені). Апошні тэрмін падачы – 30 красавіка.

    – У межах сумеснай праграмы вядучых акадэмічных устаноў ЕС і ЗША, разам з Інстытутам Макса Планка, Тэхнічны ўніверсітэт Мюнхена, Аўгсбургскім універсітэтам, студэнтам, у якіх ужо ёсць ступень бакалаўра і якія жадаюць працягнуць адукацыю па юрыдычнай спецыяльнасці, прапануецца стыпендыя MIPLC. У межах стыпендыяльнай праграмы пакрываецца кошт навучання ў памеры 32.850 еўра. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 30 красавіка.

    – Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў (CEES) Цюрыхскага ўніверсітэта прапануе стыпендыі для даследчыкаў у сферы сацыяльных і гуманітарных навук па тэмах, якія адносяцца да Расіі і краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, Каўказа і Цэнтральнай Азіі. Стыпендыя выдаецца на 1 семестр і пакрывае пражыванне на працягу 4 месяцаў, выдаткі на праезд, медыцынскую страхоўку, візавую падтрымку. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 15 красавіка 2023 года.

    – Форум Эйнштэйна і Фонд Вітгенштэйна прапануюць стыпендыі для замежных студэнтаў, якія жадаюць праводзіць даследаванні ў сферы гуманітарных, сацыяльных або прыродазнаўчых навук. Стыпендыяты будуць жыць у летнім доме Альберта Эйнштэйна ў Капуце (Германія) на працягу 5–6 месяцаў і атрымаюць грант у памеры 10 000 еўра. Патрабаванні да суіскальнікаў: узрост да 35 гадоў, дыплом аб вышэйшай адукацыі ў сферы гуманітарных, сацыяльных або прыродазнаўчых навук, прапанова міждысцыплінарнага праекта, які не звязаны з папярэднімі даследаваннямі, добрае валоданне англійскай мовай. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 15 мая 2023.

    – У лютым 2023 г. фонд «Ратары» (The Rotary Foundation) адкрыў конкурс на ўдзел у праграме «Rotary Peace Fellowship» на 2024–2025 гг. для атрымання ступені магістра ў сферы вывучэння свету і развіцця ў шасці вядучых універсітэтах свету. Стыпендыя пакрывае пражыванне і харчаванне, транспартныя выдаткі, медыцынскае страхаванне, розныя выдаткі на навучанне ды інш. Апошні тэрмін падачы заяўкі – 15 траўня 2023 года.

    – Гарвардскі ўніверсітэт прапануе стыпендыю, якая пакрывае 75% ад кошту навучання ў межах праграмы «The Harvard MBA», а таксама выдаткі на праезд і пражыванне. Кандыдаты могуць падаць заяўку на атрыманне стыпендыі толькі пасля атрымання прапановы аб залічэнні на праграму «The Harvard MBA». Апошні тэрмін падачы заяўкі – 31 траўня 2023.

    – Працягваецца прыём заявак на ўдзел у праграме падрыхтоўкі студэнтаў з Беларусі да паступлення ў амерыканскія ўніверсітэты для атрымання ступені магістра ці доктара (Graduate Students Advising Program). Бясплатны 5–месячны анлайн–курс з удзелам 10 трэнераў па 15 розных тэмах дае поўнае разуменне працэсу паступлення на праграмы магістратуры ці дактарантуры ў навучальныя ўстановы ЗША. Для адабраных удзельнікаў прадастаўляюцца дадатковыя магчымасці: бясплатны доступ на анлайн–платформы самападрыхтоўкі па англійскай мове (Kuder, Magoosh, Peterson's); магчымасць здаць бясплатна іспыт Duolingo; для найбольш актыўных удзельнікаў – бясплатная здача TOEFL, GRE, GMAT. Паспяховае завяршэнне Graduate Student Advising Program з'яўляецца адным з крытэраў заяўкі на праграму Opportunity, якая прадугледжвае фінансавую падтрымку ўрада ЗША для паступлення.

    – Упсальскі ўніверсітэт праводзіць ананімнае апытанне беларускіх навукоўцаў (магістраў, аспірантаў, кандыдатаў і дактароў навук). Апытанне заклікана ацаніць прафесійныя патрэбы беларускіх вучоных у сучасных умовах у краіне і за мяжой. Адказы ўдзельнікаў апытання дапамогуць у распрацоўцы стратэгіі дзейнасці шведскіх універсітэтаў, накіраванай на супрацоўніцтва з беларускімі вучонымі.

    • Грамадзянская супольнасць і адукацыя

    – Аргкамітэт Міжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусі запрашае прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці намінаваць навуковыя публікацыі на суісканне прэміі за найлепшую навуковую публікацыю ў сферы сацыяльна–гуманітарных дысцыплін у 2022 годзе. Мэта прэміі – адзначыць найлепшыя дасягненні ў сферы сацыяльных і гуманітарных навук, заахвоціць даследчую працу і спрыяць павышэнню якасці навуковых даследаванняў. Прапановы можна дасылаць на электронны адрас: [email protected] да 10 траўня 2023 г. Цырымонія ўзнагароджання адбудзецца 23 верасня 2023 г. падчас XI Міжнароднага кангрэса беларускіх вучоных у Гданьску (Польшча). Спонсарамі прэміі з'яўляюцца: Беларускі дабрачынны фонд (Лондан) і сям'я Кіпель (ЗША).

    – Беларуская нацыянальная моладзевая «Рада» плануе правесці шэраг адукацыйных мерапрыемстваў для беларускіх дзеячаў нефармальнай адукацыі і прапануе ім і ўсім зацікаўленым асобам прайсці апытанне, якое дапаможа арганізатарам зразумець, у якой менавіта экспертнай падтрымцы маюць патрэбу сёння беларускія адукацыйныя ініцыятывы.

    – Беларуская пісьменніца і перакладчыца Наталка Харытанюк запусціла праект «English with Natalka», у межах якога публікуюцца анлайн–урокі англійскай мовы для дзяцей. Заняткі вядуцца на беларускай і англійскай мовах з выкарыстаннем анімацыі і гульнявым кампанентам.

    – «Вольны прафсаюз БДУ» сумесна з «Маладымі Хрысціянскімі Дэмакратамі» і Беларускім студэнцтвам Чэхіі запускае праект, прысвечаны беларускай моладзі, якая знаходзіцца ў зняволенні па палітычных матывах. Арганізатары звяртаюцца да грамадскасці з просьбай аб дапамозе ў зборы адпаведнай інфармацыі.

    – Беларуская служба «Радыё Свабода» апублікавала 5–е дапоўненае выданне кнігі беларускага гісторыка і пісьменніка Уладзіміра Арлова «Імёны Свабоды», якая расказвае пра 410 асобаў беларускай гісторыі, якія зрабілі ўнёсак у барацьбу за незалежнасць Беларусі.

    – Кансультант Цэнтра новых ідэй, эксперт па адукацыі Таццяна Кавалёнак расказала ў інтэрв'ю пра асноўныя праблемы сістэмы адукацыі ў Беларусі і зрабіла агляд неабходных рэформ, якія маглі б іх вырашыць пры ўмове дэмакратызацыі дзяржаўнага ладу: адкрыты дыялог у грамадстве, амаладжэнне і павышэнне прафесіяналізму кадраў, аўтаномія інстытутаў адукацыі, роўныя магчымасці навучэнцаў, паляпшэнне інфраструктуры і тэхналагічныя інавацыі ў будучыні – замест мілітарызацыі, ідэалагізацыі, татальнага кантролю і сацыяльнай няроўнасці ў сённяшняй Беларусі.

    • Рэпрэсіі

    – Палітолагі, вядомыя прадстаўніцы беларускай экспертнай супольнасці Таццяна Кузіна і Валерыя Касцюгова былі прыгавораныя да 10 гадоў пазбаўлення волі кожная. Суд прызнаў іх вінаватымі ў змове з мэтай захопу ўлады, распальванні варожасці і закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі. Валерыя Касцюгова з'яўляецца рэдактаркай экспертных інтэрнэт–рэсурсаў «Наша думка», «Беларускі штогоднік», кіравала маніторынгавай групай экспертаў «Беларусь у фокусе». Таццяна Кузіна з'яўляецца арганізатаркай школы маладых спецыялістаў у сферы кіравання «Sympa School of Young Managers of Public Administration».

    – Культуролаг, сябра асноўнага складу Каардынацыйнай Рады, палітвязень Аксана Зарэцкая, якой прысудзілі паўтара гады калоніі за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», праз два дні пасля вынясення прысуду была дастаўленая з СІЗА ў шпіталь у беспрытомнасці. Прычыны пагаршэння стану здароўя застаюцца невядомымі. Аксана Зарэцкая – вядомы спецыяліст у сферы этыкету і бізнес–камунікацый. Акадэмічная супольнасць ЕГУ выказала падтрымку Зарэцкай у сувязі з вынясеннем ёй прысуду.

    – Вядомы педагог Яўген Лівянт, знаходзячыся ў зняволенні пасля затрымання яго і ягонай сям'і за ўдзел у пратэстных маршах, даў інтэрв'ю беларускаму прапагандысту, у якім рэпетытар выказвае шкадаванне аб сваім удзеле ў пратэстах.

    – У Магілёве затрымана кандыдат біялагічных навук Наталля Матусевіч. Затрыманне рабіў ГУБАЗіК – рэпрэсіўны орган, які парламент Літвы заклікаў прызнаць тэрарыстычнай арганізацыяй. У відэа, апублікаваным на праўладным Тэлеграм–канале, паведамляецца, што жанчына нібыта зарэгістравалася ў чат–боце «плана Перамога», аднак з паказаных скрыншотаў вынікае, што гэтая рэгістрацыя зроблена ў фэйкавым чат–боце, верагодна, створаным самімі ж сілавікамі. У відэа жанчыне пагражаюць завядзеннем на яе крымінальнай справы.

    – Затрыманы з сярэдзіны сакавіка вучоны Юрый Адамаў змешчаны ў СІЗА–1 на вул. Валадарскага (г. Мінск). Адамаў з'яўляецца суаўтарам новага навукова–папулярнага часопіса «Pamyłka».

    – Студэнта з Воршы асудзілі за падпіску на каналы, прызнаныя беларускім рэжымам экстрэмісцкімі, а таксама за размяшчэнне на сваёй старонцы лагатыпа платформы «Голас», таксама прызнанай уладамі экстрэмісцкай. Па рашэнні суда малады чалавек быў аштрафаваны на 925 рублёў.

    • Палітыка рэжыму

    – 24 сакавіка, у Нацыянальным прэс–цэнтры Рэспублікі Беларусь у гібрыдным фармаце прайшоў круглы стол «Гістарычныя і культурныя скрэпы Беларусі і Расіі», прымеркаваны да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. На мерапрыемстве выступілі спікеры з Расіі і Беларусі, у т.л. прадстаўнікі кіраўніцтва профільных інстытутаў НАН РБ. Асноўнай ідэалагічнай тэзай выступаў стала сцвярджэнне аб тым, што Беларусь і Расея маюць адзіную гісторыю, што прадвызначае неабходнасць іх палітычнага саюза ў сучаснасці.

    – Намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, расказваючы пра ваенна–патрыятычнае выхаванне і работу ваенрукоў заявіў, што роля настаўнікаў, выхавальнікаў, выкладчыкаў у сучаснай сістэме адукацыі – быць «праваднікамі дзяржаўнай ідэалогіі» на рэспубліканскім семінары па ваенна–патрыятычным выхаванні ва ўстановах адукацыі.

    – Уладзімір Габраў, прыхільнік рэжыму і былы вайсковец, які кіруе ваенізаваным цэнтрам падрыхтоўкі дапрызыўнай моладзі «СКІФ» у г.Рэчыца, перадаў музею ў мясцовай гімназіі новы экспанат – кувалду з лагатыпам «ЧВК Вагнер» і аўтографам, як сцвярджае Габраў, «ад аднаго з заснавальнікаў кампаніі». Кувалда з'яўляецца сімвалам прыладаў пакаранняў смерцю вайскоўцаў у гэтай кампаніі, якіх палічылі «здраднікамі».

    – Школьнік з Гомеля, які выйграў у конкурсе, атрымаў у якасці прыза пуцёўку ў летнік «Артэк» у акупаваным Расіяй Крыме. Сам конкурс праводзіўся пад эгідай «Рускага дома» ў Гомелі – арганізацыі, якая займаецца актыўным прасоўваннем ідэй «рускага свету».

    Апошнія навіны