З нагоды Дня правоў чалавека 10 снежня Святлана Ціханоўская разам з беларускімі праваабарончымі арганізацыямі просяць вас выказаць салідарнасць з беларускімі праваабаронцамі, у тым ліку з Алесем Бяляцкім, заснавальнікам праваабарончага цэнтра «Вясна», лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міра 2022 года і палітычным зняволеным.
З моманту прыходу рэжыму Лукашэнкі да ўлады ў 1994 годзе, праваабаронцы пастаянна трапляюць пад напады. Праваабарончым арганізацыям адмаўляюць у рэгістрацыі, а адвакатаў пазбаўляюць ліцэнзій за абарону палітычных актывістаў і паведамленні пра ўмовы іх утрымання пад вартай або парушэнні іх правоў на справядлівы суд.
Нягледзячы на гэта, у 2020 годзе праваабаронцы Беларусі рашуча выступілі супраць жорсткасці рэжыма Лукашэнкі, бясстрашна дакументуючы злачынствы праваахоўных органаў і абараняючы актывістаў у судзе. Некаторыя з іх пазней сутыкнуліся з палітычна матываванымі абвінавачаннямі і самі паўсталі перад судом. Усе праваабарончыя арганізацыі былі зачыненыя, як і сотні іншых НДА.
Алесь Бяляцкі таксама быў незаконна затрыманы і зараз чакае суда. Алесь сустрэў навіну пра атрыманне Нобелеўскай прэміі ў цёмнай камеры ў падвале, пазбаўлены права на перапіску. Ягоны арышт і суд былі ганебнай спробай Лукашэнкі прымусіць замаўчаць галасы свабоды.
10 снежня выкажыце сваю салідарнасць з Алесем Бяляцкім і іншымі беларускімі праваабаронцамі.
Як падтрымаць беларускіх праваабаронцаў?
- Зладзьце публічныя слуханні, ініцыюйце і прымайце рэзалюцыі ў падтрымку беларускіх праваабаронцаў. У сваіх публічных заявах звяртайцеся да беларускіх праваабаронцаў і асабіста да Алеся Бяляцкага.
- Напішыце твіт/пост у сацыяльных сетках або здыміце відэа ў падтрымку Алеся з хэштэгам #StandWithBelarus або адзначце Святлану Ціханоўскую (Twitter: @Tsihanouskaya).
- Уздымайце пытанне пра крызіс правоў чалавека ў Беларусі ў міжнародных арганізацыях, такіх як ААН, АБСЕ і г.д.
- Разгледзьце магчымасць змякчэння візавага рэжыма для беларусаў і дапамогі тым, хто вымушаны пакінуць Беларусь.
- Дапамажыце палітычным вязням: пішыце лісты ці станьце апекуном палітвязняў у Беларусі.
- Зайдзіце на сайт Праваабарончага цэнтра «Вясна», каб даведацца больш пра палітвязняў.
- Падтрымайце палітвязняў і іх сем'і, робячы ахвяраванні ў фонды дапамогі, такія як «Краіна для жыцця», BySol, #BY_help.
- Арганізуйце ці прыміце ўдзел у мерапрыемстве салідарнасці з Беларуссю ў вашым горадзе.
- Заплануйце арганізацыю публічных, віртуальных ці афлайн-мерапрыемстваў, каб распавесці большай колькасці людзей пра Алеся Бяляцкага.
- Універсітэты могуць арганізаваць публічныя лекцыі і дыскусіі пра дзейнасць Алеся Бяляцкага ці публічныя чытанні яго кніг.