• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Выступ Святланы Ціханоўскай на саміце Еўрапейскай народнай партыі ў Ратэрдаме, 2022

    31 мая, 2022

    «Паважанае спадарства,

    У гэтай залі роўна год таму праходзіў конкурс песні «Еўрабачанне». Я ўдзячная, што за вашую ўвагу мне не трэба спаборнічаць у песенным конкурсе.

    І я шчаслівая быць тут, на Кангрэсе ЕНП, бо ведаю, што я тут сярод сяброў. Сяброў, якія падзяляюць агульныя каштоўнасці і нашую веру ў свабодную дэмакратычную Беларусь.

    На працягу многіх гадоў ЕНП была рухальнай сілай, якая падтрымлівала беларускую дэмакратыю ў Еўрапейскім парламенце і за яго межамі.

    Дазвольце мне таксама выказаць сваё захапленне і павагу беларускім чальцам сям'і ЕНП – Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і Руху «За Свабоду».

    Разам мы правялі магутную кампанію 2020 года, за якой адбылося дэмакратычнае паўстанне і жорсткія пераследы. Многія з нас былі асуджаныя, падвергнутыя катаванням і выгнаныя. Але ніколі, я кажу, ніколі мы не здаваліся.

    Дарагія сябры,

    Я б хацела паўтарыць адзін відавочны факт, які часам забываецца: Беларусь – гэта Еўропа. Беларусь – гэта не Расія.

    Гэта стала відавочна, калі Лукашэнка паспрабаваў уцягнуць нашую краіну ў вайну. Беларусы прыклалі ўсе намаганні, каб дапамагчы Украіне. 1500 чалавек былі затрыманыя за антываенныя пратэсты ў лютым і сакавіку. На тэрыторыі Беларусі партызанамі здзейснена больш за 80 дыверсій, больш за 1,5 тыс. добраахвотнікаў далучыліся да беларускіх батальёнаў украінскай арміі.

    Таму так крытычна важна адрозніваць рэжым і народ Беларусі, які нястомна змагаецца з тыраніяй. Дапамажыце народу і пакарайце рэжым.

    З аднаго боку, адчыніце дзверы беларускім студэнтам, падтрымайце свабодныя СМІ і прыміце бізнес, які бег з Беларусі. Дапамажыце тым, хто змагаецца на зямлі. Разгледзьце аднабаковы бязвіз для беларусаў. Якое моцнае пасланне гэта было б!

    З іншага боку, узмацніце санкцыі, як персанальныя, так і сектаральныя. Санкцыі не павінны быць разменнай манетай. Рэжым спрабуе зняць санкцыі, таму шантажуе свет голадам. Не заключайце ўгодаў з дыктатарамі, іх не ўлагодзіць.

    Не гандлюйцеся палітвязнямі, якія па сутнасці з'яўляюцца закладнікамі. Іх больш за 1200. І ўсе яны павінны быць вызвалены без аніякіх умоваў. Некаторым з іх можа пагражаць смяротнае пакаранне згодна з новым законам, падпісаным нелегітымным Лукашэнкам. Ён можа забіваць апанентаў, але не можа прымусіць замаўчаць цэлую нацыю.

    У 2020 годзе мы заваявалі права самім вызначаць сваю будучыню як нацыі. Мы паказалі, што Беларусь – гэта не Расія. Мы пачалі свой шлях да свабоды і дэмакратыі. Мы еўрапейская нацыя са сваёй мовай, ідэнтычнасцю і гісторыяй.

    Гэты шлях вядзе Беларусь туды, дзе яна гістарычна належыць, – у Еўропу. Гэта таксама ставіць пытанне пра еўрапейскую перспектыву для нашай нацыі. Мы шукаем форму партнёрства, якая ўмацуе нашае становішча ў еўрапейскай сям'і.

    Я ўпэўненая, што шлях да міру ў Еўропе ляжыць праз свабоду ў Беларусі. Шлях да міру ў Еўропе ляжыць праз перамогу Украіны. Я ведаю, што гэта цяжкі шлях, але ён адзіна слушны. Давайце пройдзем гэты шлях разам. Таму што толькі калі мы ідзем разам, мы – Еўропа.

    Дзякуй!»

    Глядзіце відэа выступа Святланы Ціханоўскай па спасылцы.

    Апошнія навіны