Святлана Ціханоўская прыняла ўдзел у дыскусіі высокага ўзроўня, прысвечанай Украіне. У дыскусіі бралі ўдзел міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба, іншыя ўкраінскія палітыкі і бізнесмены. Запланаваны выступ прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага быў адменены, аднак з боку Украіны прысутнічала вялікая дэлегацыя дэпутатаў Вярхоўнай Рады. У зале таксама знаходзіліся міністры і лідары шэрагу іншых краінаў.
У дыскусіі прынялі ўдзел лаўрэатка Пулітцэраўскай прэміі, пастаянная аўтарка The Atlantic Эн Эплбаўм, міністарка замежных спраў Швецыі Ан Ліндэ, экс-міністр абароны ЗША генерал Джэймс Мэціс, былы дырэктар ЦРУ Дэвідол Пятрэўс. Мадэравала дыскусію галоўная рэдактарка The Economist Зэні Мінтан Бэдоўз.
Падчас дыскусіі Святлана Ціханоўская звярнулася да ўкраінцаў. Яна зазначыла: «Без свабоднай Украіны нам цяжка пазбавіцца ад дыктатарскай улады і захаваць сваю незалежнасць. Але Украіне таксама патрэбная дэмакратычная, незалежная, а значыць, і прадказальная добрая суседка Беларусь. Каб ніколі больш нават у страшным сне немагчыма было ўявіць, што беларуская зямля можа выяўляць пагрозу для Украіны».
- Поўны тэкст выступу (пераклад з англійскай):
«Спадар Прэзідэнт, паважаныя госці.
Найперш ад імя народа Беларусі дазвольце мне выказаць нашую салідарнасць з вашым народам у вырашальны для ўсіх нас гістарычны момант. Адказваючы на пытанне, мушу сказаць, што лёс Беларусі сёння залежыць ад лёсу Украіны, і наадварот. Нашыя надзвычай блізкія і сяброўскія народы маюць шматвекавую супольную гісторыю і агульныя выклікі. Без свабоднай Украіны нам цяжка пазбавіцца дыктатарскай улады і захаваць сваю незалежнасць. Але Украіне таксама патрэбная дэмакратычная, незалежная, а значыць, і прадказальная добрая суседка Беларусь. Каб ніколі больш, нават у страшным сне, не ўявіць, што беларуская зямля можа выяўляць пагрозу для Украіны. Украінцы паказалі прыклад бясстрашнай барацьбы за сваю годнасць. І Украіна па-ранейшаму плаціць высокую цану. Спіс чалавечых ахвяраў велізарны. Сярод вашых герояў ёсць і беларусы, бо Украіна таксама абараняе нашую будучыню. Урок Украіны нам: каштоўнасці дарма не даюцца, іх трэба берагчы.
Пераважная большасць беларусаў сімпатызуюць Украіне. Мы супраць вайны і ўцягвання Беларусі ў антыўкраінскія агрэсіўныя дзеянні. Дыктатар Лукашэнка нясе адказнасць за ўвод замежных войскаў у Беларусь, што пагражае як Украіне, так і незалежнасці Беларусі. Больш за тое, ён хоча выключыць з Канстытуцыі нейтралітэт і бяз'ядзерны статус, каб дапусціць на нашую тэрыторыю расійскую ядзерную зброю. Як і ўкраінцы, мы памятаем Будапешцкі мемарандум і чакаем рэакцыі дэмакратычнага свету. Дыктатар не можа быць гарантам незалежнасці Беларусі і не можа быць надзейным партнёрам дэмакратый. Яго так напалохалі людзі на вуліцах, што ён вырашыў адмовіцца ад суверэнітэту Беларусі і стаць марыянеткай Крамля. І гэты працэс незваротны.
Важны ўрок беларускай рэвалюцыі 2020 года ў тым, што свабода, дэмакратыя і дзяржаўны суверэнітэт непадзельныя. Людзі, якія выступалі за права свабодна абіраць лідараў, зразумелі, што гэта магчыма толькі ў свабоднай і незалежнай беларускай дзяржаве. Адсутнасць масавых пратэстаў у Беларусі цяпер не азначае, што людзі здаліся. Дыктатар гэта ведае і таму працягвае разню. У нас таксама ёсць свой жалобны спіс загінулых, колькасць палітвязняў расце з кожным днём.
Але нават невялікая нагода можа стаць спускавым кручком, якога будзе дастаткова, каб Беларусь зноў паднялася. І толькі свабодны беларускі народ будзе гарантам незалежнасці Беларусі і яе свабоднага выбару далейшага шляху. Я ўпэўненая, што ўкраінцы, якія прайшлі такі шлях, нас разумеюць і будуць аднымі з першых, хто нас падтрымае.
Слава Украіне! Жыве Беларусь!»