Сёння Святлана Ціханоўская выступіла ў Еўрапарламенце. Яна звярнулася да парламентарыяў, заклікаўшы іх дзейнічаць больш жорстка і прадэманстраваць еўрапейскія каштоўнасці, якія былі і будуць галоўнай крыніцай нашай сілы і адзінай трывалай асновай міру і працвітання.
Вось некаторыя цытаты яе выступу:
- Пра сімвалічныя крокі і рэальныя дзеянні
– Прабачце маю прамалінейнасць, але я павінна сказаць: ужо становіцца позна. Са жніўня 2020 года было дастаткова сімвалічных крокаў і заяваў пра салідарнасць. Беларусам выказвалі падзяку за адраджэнне веры ў дэмакратыю і чалавечую годнасць. Але ці не час Еўропе прадэманстраваць сваю прыхільнасць да гэтых каштоўнасцяў у рэальных дзеяннях? Ці адважыцца адзіная Еўропа распачаць рашучыя дзеянні зараз?
- Узяць лёс у свае рукі
– Сутыкнуўшыся з такім выклікам, можна спыніцца, быўшы паралізаваным ад страху, а можна ўзяць лёс у свае рукі і пераламаць ход еўрапейскай гісторыі на сваю карысць.
- Пра ўрокі гісторыі, якія абвяшчаюць: патуранне тырану не супакойвае яго
– Няўжо мы забыліся трагічныя ўрокі еўрапейскай гісторыі? Пра тое, што спробы патураць тырану не супакойваюць, а толькі падганяюць яго. Пра тое, што, калі пазбягаць канфрантацыі са злачынцам, то канфлікт, які ўсё роўна непазбежны, становіцца яшчэ больш затратным і небяспечным.
- Для беларусаў час ідзе па-іншаму
– Пакуль Еўропа працягвае сумнявацца, ідзе час – і гэты час незаконна асуджаных, забітых або выгнаных з краіны. І для беларусаў час ідзе па-іншаму. Ён вымяраецца згубленымі момантамі шчасця, на якія мае права кожны з нас. Гэтыя моманты – тая самая прычына, па якой мы ўсе хочам жыць свабодна і годна.
Тэкст выступу: на беларускай, рускай, англійскай мовах.