Сёння Святлана Ціханоўская правяла сустрэчу з кіраўніцай Агенцтва ЗША па глабальных медыя (USAGM) Келай Чао. Гэтае агенцтва каардынуе працу «Голас Амерыкі», «Радыё Свабода» (RFERL), «Настоящее время».
На сустрэчы Ціханоўская:
– распавяла пра знішчэнне рэжымам незалежных СМІ ў Беларусі як спробу стварыць інфармацыйны вакуум у краіне. Прама зараз журналісты TUT.by, «Нашай Нівы», «Белсату», Tribuna.com і іншых медыя знаходзяцца ў турме, ператрусы прайшлі ў рэдакцыях Hrodna Life, «Інтэкс-Прэс», «Рэгіянальнай Газеты», «Медыя-Палессе» і дзясяткаў іншых рэгіянальных выданняў. У многіх СМІ заблакаваныя сайты і рахункі;
– адзначыла, што офіс беларускай службы «Радыё Свабода» – аднаго з самых буйных свабодных СМІ ў Беларусі – разбураны сілавікамі, і заявіла, што робіць усё магчымае для вызвалення журналістаў, у тым ліку супрацоўнікаў «Свабоды» Алега Груздзіловіча, Аляксандра Дашчынскага і 64-гадовую Інэсу Студзінскую;
– заклікала аказаць падтрымку беларускім журналістам, уключаючы тэхнічнае абсталяванне, павелічэнне штата, рэлакацыю. Гэтае пытанне Ціханоўская таксама падымала на сустрэчах з дзяржсакратаром Блінкенам і іншымі палітыкамі;
– абмеркавала з кіраўніком USAGM спосабы абыходу блакаванняў і цэнзуры. Агенцтва падтрымлівае такія праекты, як Signal, Psiphon, і сервісы, якія дазваляюць ствараць абароненыя «люстэркі» сайтаў;
– прапанавала перазапусціць службу «Голас Амерыкі» ў Беларусі, што стане магутным сігналам беларусам з боку ЗША і створыць дадатковую крыніцу інфармацыі пра тое, як іншыя краіны падтрымліваюць Беларусь, – у адказ на прапаганду рэжыму;
– заклікала стварыць спецыяльны фонд пры USAGM для падтрымкі навінавых медыя, медыя-інфлюенсераў, невялікіх інфармацыйных ініцыятыў, якія асвятляюць падзеі ў Беларусі.