27 лютага ў Вільні адбылася прэзентацыя «Канцэпцыі люстрацыі і Інстытута нацыянальнай памяці Беларусі», арганізаваная Офісам Святланы Ціханоўскай сумесна з Цэнтрам «Еўрапейскі дыялог». У мерапрыемстве ўзялі ўдзел беларускія і міжнародныя эксперты, гісторыкі, праваабаронцы.
Інстытут нацыянальнай памяці будзе займацца адкрыццём архіваў рэпрэсіяў, устанаўленнем фактаў грубых парушэнняў правоў чалавека, падтрымкай пацярпелых і іх сем’яў, а таксама інтэграцыяй праверанай інфармацыі ў адукацыю і публічную прастору ў новай Беларусі. Падчас дыскусіі эксперты абмеркавалі асобныя пытанні, закранутыя ў Канцэпцыі люстрацыі для Беларусі.
Удзельнікі і ўдзельніцы падкрэслілі, што праца з мінулым — гэта не пытанне помсты, а пытанне справядлівасці, праўды і гарантыяў непаўтарэння, бо без устанаўлення фактаў, доступу да архіваў і інстытуцыянальнага прызнання парушэнняў немагчыма пабудаваць устойлівую дэмакратычную дзяржаву.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў:
«Права ведаць праўду пра мінулае — гэта аснова даверу паміж дзяржавай і грамадствам. Для дзясяткаў тысячаў пацярпелых гэта не тэорыя, а асабісты досвед. Інстытут нацыянальнай памяці павінен стаць празрыстым і прафесійным інструментам, які забяспечыць адкрыццё архіваў, устанаўленне фактаў і прававую ацэнку парушэнняў — у інтарэсах справядлівасці і будучыні краіны».
Першым праект канцэпцыі Беларускага інстытута нацыянальнай памяці быў перададзены прэзідэнту Польшчы Каралю Наўроцкаму, які ў свой час быў прэзідэнтам польскага Інстытута нацыянальнай памяці.
