Офісам Святланы Ціханоўскай разам з групай экспертаў (праваабаронцаў, гісторыкаў) распрацавана Канцэпцыя стварэння Інстытута нацыянальнай памяці Беларусі.
Інстытут нацыянальнай памяці для Беларусі — гэта незалежны механізм, які будзе працаваць на аснове закона, міжнародных стандартаў і прынцыпу права на ісціну — як індывідуальнага, так і калектыўнага. Канцэпцыя грунтуецца на досведзе Польшчы, Германіі, Чэхіі, краінаў Балтыі, Іспаніі, Украіны і ПАР. Яна прапануе простую і зразумелую мадэль Інстытута, якая можа эфектыўна працаваць у беларускіх умовах — незалежна, стабільна і празрыста.
Інстытут нацыянальнай памяці ў гэтай мадэлі становіцца месцам, дзе аднаўляюцца імёны, адкрываюцца дакументы, фарміруюцца гарантыі непаўтарэння і ствараецца агульная прастора сумленнага разважання пра мінулае як аснову дэмакратычнай будучыні.
Інстытут нацыянальнай памяці — гэта пра:
– дакументаванне механізмаў рэпрэсіяў;
– аднаўленне імёнаў і годнасці пацярпелых, а таксама пра механізмы рэабілітацыі пацярпелых ад дзеянняў рэжыму Лукашэнкі;
– адкрыццё архіваў і доступ да дакументаў;
– інтэграцыю правераных ведаў у адукацыю і публічную прастору;
– праверку люстрацыйных дэкларацыяў дзяржаўных службоўцаў, суддзяў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Інстытут нацыянальнай памяці арыентуецца на павагу да продкаў, нацыянальную памяць і свядомасць, бо толькі праз гэта можна ўмацаваць грамадства.
Азнаёміцца з канцэпцыяй можна па спасылцы.
Зваротная сувязь, прапановы і ідэі пра канцэпцыю можна даслаць праз электронную пошту: transitionaljustice@tsikhanouskaya.org.
