• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • «Перамога не здараецца раптоўна, а еднасці не бывае без супольнай працы», – Святлана Ціханоўская – на адкрыцці Канферэнцыі Новая Беларусь

    03 жніўня, 2024

    Святлана Ціханоўская адкрыла канферэнцыю «Новая Беларусь 2024». Уступнае слова яна прысвяціла важнасці сумеснай працы ў барацьбе за свабоду краіны і падтрымцы беларусамі адно аднаго.

    Беларуская лідарка падкрэсліла: толькі разам можна супрацьстаяць рэжыму і дасягнуць справядлівасці, бо ў адзінстве – ключ да поспеху. Важна не паддавацца расчараванням і працягваць барацьбу, бо кожнае дзеянне мае значэнне» – менавіта такой была асноўная думка лідаркі, што ішла чырвонай ніткай праз увесь спіч:

    «Дарагія сябры, калегі!

    Вітаю ўсіх удзельнікаў Канферэнцыі «Новая Беларусь 2024»! 

    Вітаю прадстаўнікоў незалежных медыя і НДА, актывістаў і экспертаў, валанцёраў і блогераў, аднадумцаў і нашых калег. 

    Вітаю шаноўных дыпламатаў, амбасадараў, прадстаўнікоў Літвы і Еўрасаюза, нашых шаноўных міжнародных партнёраў. 

    Вітаю прадстаўнікоў незалежнага дэмакратычнага руху – усіх, каму неабыякавы лёс Беларусі і беларусаў. А таксама цешуся з нашых гледачоў, хто далучыўся да нас ужывую і анлайн. 

    Я гляджу ў залу, бачу вашыя вочы і разумею, што тут няма ніводнага чалавека, хто супраць Беларусі. Няма ніводнага, хто б не хацеў свабоды для нашай краіны.

    Я ведаю, што вам цяжка. Мне таксама цяжка. Але таксама я ведаю, што вы не спыняецеся. Як і я – не спыняюся. І сёння маё першае галоўнае слова для вас – гэта «Дзякуй!»

    Калі я рыхтавалася да сённяшняга выступу, то паспрабавала агледзецца, як шмат мы зрабілі разам за гэты час, за гэты палітычны год, і, шчыра кажучы, сама была ўражаная.

    Падкрэслю: у нас гэта атрымалася толькі таму, што мы падтрымлівалі адно аднаго. І робім гэтую працу супольна. Зразумела, што атрымалася не ўсё. Але атрымалася – дакладна нямала.

    Сёння сярод нас шмат людзей, з якіх можна браць прыклад, якімі можна ганарыцца, якімі можна натхняцца. 

    Такіх, як Вольга Гарбунова з яе камандай, якая запусціла службу «Адно акно».

    Такіх, як Павел Сапелка і Кацярына Дзейкала, якія з камандай «Вясны» і БХК дапамагаюць рэпрэсаваным. 

    Такіх, як Таццяна Гацура-Яворская, якая запусціла і кіруе рэабілітацыйным цэнтрам «Ланка». 

    Такіх, як Вольга Зазулінская, Андрэй Стрыжак, ці Аляксей Лявончык, якія запусцілі «Службу хуткай гуманітарнай дапамогі».

    Такіх, як Алеся Буневіч ці Ася Булыбенка, палітвязынкі, якія выйшлі на волю і адразу ўключыліся ў працу. 

    Такіх, як Ірына Маклін, Аляксандра Мамаева, Дзмітрый Васэрман і іншыя прадстаўнікі Народных амбасад, якія запусцілі праект Pashpart.org і дапамагаюць беларусам, што апынуліся ў выгнанні ці без дакументаў. 

    Такіх, як Аліна Коўшык ці Сяргей Будкін – заступнікі беларускай культуры. 

    Альбо Наталля Задзяркоўская, якая стварыла Музей Вольнай Беларусі ў Варшаве. 

    Такіх, як Павел Латушка, які разам з камандай НАУ дакументуе злачынствы рэжыму, каб урэшце прыцягнуць яго да адказнасці. 

    Такіх, як Аляксандр Мілінкевіч, які не стамляецца нагадваць, што будучыня Беларусі ў Еўропе. 

    Такіх, як Артур Вакараў, плакаты якога вы можаце бачыць на сценах. 

    Такіх, як Лена Жываглод і «Сумленныя людзі», якія спрабуюць дагрукацца да самых абыякавых.

    Альбо каманда Белпол, якія першымі расказалі пра раскошныя рэзідэнцыі дыктатара і правялі дзёрзкую акцыю па ўсёй Беларусі напярэдадні «безвыбараў».

    Такіх, як Андрэй Павук, які сваімі званкамі не дае спакойна спаць лукашэнкаўскім чыноўнікам.

    Сябры. У мяне ёсць што сказаць пра кожнага і кожную з вас, але час нашай канферэнцыі абмежаваны. Дзякуй кожнаму і кожнай за працу.

    Але асабліва я ўдзячная тым ініцыятывам, якія дапамагаюць палітзняволеным: перадаюць ім іх любімыя рэчы, ежу, паштоўкі, сродкі гігіены і касметыку. Многія не ўяўляюць, як могуць за кратамі ўзрадаваць каляровыя шкарпэткі і памада? А нашыя палітзняволеныя ўяўляюць… 

    Удзячная і тым, хто змагаецца за вызваленне нашых родных з-за кратаў. Пару дзён таму, калі адбываўся абмен закладнікамі паміж Расіяй і ЗША, многія з нас спадзяваліся, што ў спісах мы пабачым імёны Марыі Калеснікавай, Анджэя Пачобута ці Ігара Лосіка. Але, нягледзячы на ўсе намаганні, цуду не здарылася. Упэўненая, што сёння часта мы будзем вяртацца да гэтай тэмы. Папярэджваючы ўсе пытанні, адкажу: мы не ведалі і не ўдзельнічалі ў працэсе гэтых перамоваў, каб паўплываць на іх вынікі. 

    Але сам факт такога абмену з’яўляецца важным прэцэдэнтам, які нам дапаможа ў вызваленні беларусаў у будучыні. Гэта таксама магчымасць звярнуць увагу свету на сітуацыю з беларускімі палітвязнямі. 

    Тут сёння з намі шмат дыпламатаў, якія працуюць з Беларуссю. Для іх, як і для нас з вамі, пытанне палітвязняў з’яўляецца прыярытэтам нумар адзін. Я ўпэўненая, што разам мы зможам знайсці спосабы і механізмы, каб выцягнуць нашых людзей з турмаў.

    Дарагія сябры! 

    Дык дзеля чаго мы сёння сабраліся? 

    Калі казаць пра місію, то мы тут дзеля таго, каб вярнуць Беларусь беларусам. Каб вярнуць беларусам права вырашаць, як жыць, дзе жыць і якім чынам жыць, а не існаваць і баяцца. 

    Калі казаць пра практычны аспект, то сёння перад намі стаіць шмат задач, і ў першую чаргу абмеркаваць стратэгію дзеянняў на 25-ы год. 

    Як мы будзем дзейнічаць падчас чарговых «безвыбараў». 

    Што яшчэ мы можам зрабіць, каб выцягнуць людзей з турмаў. 

    Як не дапусціць жалезнай заслоны і дапамагчы беларусам у выгнанні?

    Як узмацніць сувязь паміж беларусамі ўнутры краіны і тымі, хто выехаў? Паміж грамадзянскай супольнасцю і палітыкамі?

    Як захаваць незалежнасць, умацаваць нацыянальную ідэнтычнасць? Не дапусціць, каб Беларусь стала суцяшальным прызам для Пуціна. 

    Перад намі шмат выклікаў і пытанняў, на якія мы будзем шукаць адказы разам. 

    Сённяшняя канферэнцыя – гэта і выдатная магчымасць пабачыцца з аднадумцамі і, у добрым сэнсе, – апанентамі. Абняцца, падзяліцца і болем і радасцю, фэйламі і поспехамі.

    Я неаднаразова чула, што многіх з вас часам ахоплівае стома, абыякавасць альбо расчараванне. Кагосьці – перыядычна. Некага – часцей. Што ж. Гэта нармальна. На тое мы і людзі, каб перажываць розныя эмоцыі і перыяды. Але трэба памятаць: расчараванне і дэпрэсіўныя эпізоды – не назаўжды. Галоўнае – не збочваць з абранага шляху, працягваць рухацца далей да нашай супольнай мэты. 

    Часам можна і паскардзіцца, часам і падыскутаваць карысна. Але пасля… Пасля зноў выдыхайце, мірыцеся і, паціснуўшы рукі адно аднаму, ідзіце далей поплеч. 

    Мы заўжды павінныя памятаць, што адна з мэтаў дыктатараў – пасварыць нас: Офіс, Кабінет, Каардынацыйную раду, шматлікія арганізацыі, нават нашых жаўнераў на фронце і ў падполлі. Памятайце пра гэта, калі захочацца кагосьці пакрытыкаваць ці паскардзіцца мне на сваіх калегаў.

    Хтосьці кажа: «А вось ён, а яна…». А я скажу так: «Мы». Толькі – мы. І толькі – разам.

    Толькі калі мы разам, рэжыму не выпадзе нас зламаць ці зняверыць. Не атрымаецца перагарнуць старонку, пакуль нашая Радзіма паняволеная. Пакуль у кіпцюрах рэжыму жыўцом знішчаюцца палітычныя зняволеныя. Пакуль не рэабілітавалі ўсіх рэпрэсаваных. Пакуль не пакараны кожны кат. Пакуль эвакуяваныя і зняволеныя землякі не маюць магчымасці прыехаць на пахаванне родных альбо наведваць магілы блізкіх. 

    Апошнім часам часта абмяркоўваецца тэма рэсурсу: дзе браць сілы? Не ўпадаць у дэпрэсію? Як пазбавіцца адчування, што наша справа, і наша барацьба губляе сэнс?

    Першае, трэба заўважаць станоўчае і не абясцэньваць зробленае. Нам спрабуюць убіць у галаву, што ўсё развальваецца… людзі сыходзяць, у кабінеце сварацца… Што на Захадзе пра нас забылі, і нічога не робіцца… А робіцца ж насамрэч шмат! Дзяліцеся поспехамі і пазітывам з іншымі. Хваліце адно аднаго, урэшце рэшт!

    Другое. Нельга стаяць на месцы. Нават маленькія крокі маюць значэнне. Валанцёрыць, запускаць ініцыятывы і далучацца да акцыяў салідарнасці, дапамагаць Украіне, размаўляць па-беларуску, падтрымліваць нашых палітзняволеных і іх сем’і, добраахвотнікаў… Калі дапамагаеш іншым – то ў тваім жыцці, у тваіх учынках, у бяссонных начах, месяцах, а, часам, і гадах – без выходных – з’яўляецца сэнс.

    Так, гэта складана, але гэта мацуе адчуванне, што ўсё недарэмна, 

    Я ганаруся намі, беларусамі, што мы такія. Такія смелыя. Нязломныя. Годныя. Ганаруся, на што мы здольныя талакою.

    Дарагія беларусы, 

    Перамога не здараецца раптоўна, а еднасці не бывае без супольнай працы. Толькі ад нас залежыць, у якой краіне нам жыць, у якую краіну нам вяртацца.

    Я хачу звярнуцца да кожнага. Мы зможам дасягнуць нашых мэтаў толькі калі будзем рухацца разам. Ад кожнага з нас – залежыць, якой будзе будучыня Новай Беларусі. 

    Дзякуй за тое, што вы не апускаеце рук. За тое, што верыце. Разам мы ўсё адолеем. 

    Такім чынам. Сёння, 3 жніўня ў Вільні, урачыста абвяшчаю Канферэнцыю «Новая Беларусь 2024» адкрытай. 

    Плённай працы! І Жыве Беларусь».

     

    Апошнія навіны