«Я ніколі не думала, што скажу гэта. І марыла б ніколі гэтага не казаць, але.. Пачалася вайна. Вайна, у якую шмат хто не верыў, якой шмат хто баяўся. Але якой ніхто з нас не хацеў. Я разумею, што зараз ва ўсіх больш пытанняў, чым адказаў. І адкажу на частку з іх.
Так, рэжым зрабіў нашу краіну паўнавартасным удзельнікам вайны — і цяпер Беларусь пад рызыкай зваротнага ваеннага ўдару. Гэта нельга назваць інакш як дзяржаўнай здрадай.
Так, на тэрыторыі Беларусі небяспечна. У нашай краіне знаходзяцца чужыя, расійскія войскі. Менавіта іх прысутнасць — галоўнае сведчанне таго, што Лукашэнка больш не кантралюе сітуацыю з вайсковай прысутнасцю, а яе кантралюе Пуцін.
Рэжым вырашыў схаваць сваю нелегітымнасць за іншымі падзеямі, але распачаў вайну – і цяпер кожны ягоны крок набліжае дула танкаў да вокнаў беларусаў. Я кажу пра тых, хто жыве ў Беларусі. Бо ў вокнах беларусаў, якія раней знайшлі прытулак ва Украіне, ужо грымяць выбухі.
Так, сёння раніцай цалкам змянілася ўсё. Гэта больш не ўнутраны палітычны крызіс — гэта вайна, ў якой Беларусь апынулася ўдзельніцай, хаця мы ўсе былі супраць. Цяпер бараніць трэба не толькі палітзняволенных ці новыя выбары. Бараніць трэба самое існаванне нашай краіны, яе незалежнасць і суверэнітэт. Свабода і адказнасць заўсёды ідуць побач. І надышоў час кожнаму узяць адказнасць за сваю краіну. Ствараць нацыянальны антываенны рух і рыхтавацца адстойваць свой суверэнітэт.
Амбіцыі двух дыктатараў прывялі да рэальнага вайсковага становішча ва ўсім рэгіёне. Разам з ўсімі нашымі партнерамі, уключаючы Каардынацыйную Раду, НАУ, ByPol, мы тэрмінова мяняем стратэгію пад гэтыя мэты. Адна з нашых задач – каб усе правільна разумелі сітуацыю: вайну пачаў Пуцін, а Лукашэнка і тыя, хто выконвае ягоныя загады, – саўдзельнікі ваеннай агрэсіі.
Наша краіна супраць вайны. Для мяне, для усіх дэмакратычных сілаў і для ўсёй Беларусі галоўная мэта зараз – спыніць вайну, каб нашыя дзеці не вучылі ўрокі ў бамбасховішчы, каб нашыя вайскоўцы не стралялі адзін у аднаго, і каб на доўгія гады ўвесь рэгіён не пераўтварыўся ў пекла. Таму родныя беларусы, я б хацела мець магчымасць паглядзець у вочы кожнага з вас і сказаць, што мы разам і што мы будзем дзяліцца з вамі ўсімі навінамі і трымаць у курсе падзей. Дарагія украінцы, ад імя нашай краіны я выказваю вам салідарнасць і падтрымку, а ад імя беларусаў хачу сказаць: нам сорамна за тое, якую ролю тэрыторыя нашай краіны грае ў гэтай вайне. І мы гатовы рабіць усё, што спатрэбіцца, каб спыніць агрэссараў і гэтую катастрофу.
Жыве Беларусь. І Слава Україні».