• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Святлана Ціханоўская адкрыла V Канферэнцыю беларусаў і беларусак свету 

    01 мая, 2026

    1 траўня ў Варшаве распачалася V Канферэнцыя беларусаў і беларусак свету. Святлана Ціханоўская выступіла на адкрыцці з вітальнай прамовай, у якой падкрэсліла, што за гэтыя гады беларусы не толькі захавалі еднасць, але і навучыліся разам адказваць на новыя выклікі.

    «Дарагія беларусы і беларускі,
    паплечнікі, аднадумцы,
    замежныя госці і сябры,

    Вітаю вас на Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету.

    Гэтая канферэнцыя стала не толькі добрай традыцыяй, але і неабходнасцю. Гэта калектыўны мазгавы штурм, калі мы збіраемся разам, каб вырашыць найбольш вострыя праблемы, якія стаяць перад беларусамі замежжа.

    Я радая вітаць старых сяброў, але і бачыць шмат новых абліччаў. Прэзентаваць свае праекты прыехалі прадстаўнікі суполак, якіх мы даўно чакалі — з ЗША, Грузіі, Германіі і іншых краінаў. 

    Наш рух, як жывы арганізм, развіваецца, узмацняецца. Змяняюцца знешнія абставіны — змяняемся і мы.

    Колькі нас ні душаць рэпрэсіямі, ні палохаюць, ні спрабуюць разбурыць нашу еднасць — мы з вамі працягваем упарта рабіць сваю беларускую справу.

    І ведаеце, чаму я ўпэўненая, што ў нас усё атрымаецца? Таму што мы, беларусы, — заўзятыя рамантыкі. Ну хто яшчэ 1 траўня а 10-й ранку ў святочны дзень гатовы ахвяраваць адпачынкам, вольным часам, прыехаць за свой кошт за сотні, а часам тысячы кіламетраў, каб абмяркоўваць пытанні легалізацыі, дакументаў, беларускай культуры і адукацыі і ўсіх тых, здавалася б, невырашальных задач, з якімі сутыкаюцца нашы суродзічы за мяжой?

    Але ў нас, беларусаў, ёсць адна істотная хіба. Вельмі часта мы недаацэньваем самі сябе. 

    Праз нашу беларускую сціпласць мы не заўважаем нашых поспехаў, нашых дасягненняў і не ўсведамляем нашу калектыўную сілу.

    Многія дыяспары, рухі ў эміграцыі, якія апынуліся ў падобнай да нашай сітуацыі, зайздросцяць нам. Раней было як — мы глядзелі на іншых. Цяпер многія глядзяць і вучацца ў нас.

    Мы маем народныя амбасады і місіі. Выдаём пашпарты. Працуюць дэлегацыі ў парламенцкіх асамблеях. Дзейнічаюць праграмы дапамогі і фонды салідарнасці. Мы з вамі стварылі сістэму — так, яна неідэальная, але яна працуе і дае плён.

    Калі зазірнуць у выніковы дакумент мінулай канферэнцыі, то можна пабачыць, колькі было запушчана праектаў, і нарадзіліся яны менавіта на гэтай канферэнцыі.

    За гэты год нам з вамі ўдалося вырашыць праблемы з дакументамі і легалізацыяй у шэрагу краін: недзе пачалі выдаваць пашпарты замежніка, недзе — прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты.

    Апошні год быў багаты на палітычныя поспехі. Мала хто мог уявіць, што Міжнародны крымінальны суд запусціць справу супраць Лукашэнкі, што адбудзецца такі паварот у стасунках з Украінай.

    Калі мы збіраліся апошні раз, мы абмяркоўвалі, чыста гіпатэтычна, як выцягнуць палітвязняў з турмаў, — а цяпер ужо на волі і Алесь Бяляцкі, і Сяргей, і Маша, і Віктар Бабарыка, і Ігар Лосік, і Каця Андрэева.

    Мы з вамі арганізавалі і сістэму дапамогі вызваленым, і годна прынялі ўсіх, каго вывезлі за мяжу.

    Асабліва радаснымі для ўсіх нас былі апошнія дні — выйшаў на волю Анджэй Пачобут. Пасля вызвалення Сяргея менавіта яго партрэт я найчасцей насіла на сваёй папцы.

    Сёння на маёй папцы — Сцяпан Латыпаў. Памятайма, што за кратамі застаюцца каля 900 чалавек, і мы працягнем працаваць разам з нашымі амерыканскімі і еўрапейскімі саюзнікамі, каб кожны і кожная апынуліся на волі. І каб усе мы маглі вярнуцца дадому.

    На жаль, спраўляючыся з аднымі выклікамі, мы адразу сутыкаемся з новымі. На Беларусь працягваюць глядзець праз прызму вайны і бяспекі. Мы сутыкаемся з новымі праблемамі легалізацыі, адкрыцця банкаўскіх рахункаў, доступу да адукацыі.

    З іншага боку, рэжым працягвае вайну супраць беларусаў. Нават за мяжой ніхто не можа адчуваць сябе ў бяспецы. Мапа бяспечных краінаў на сайце pashpart.org стала незаменным інструментам для многіх беларусаў пры падарожжах.

    За апошні год нам давялося ратаваць дзясяткі людзей ад экстрадыцыі, ад пераследу праз Інтэрпол, іншых формаў транснацыянальных рэпрэсій.

    Давайце зробім тэму транснацыянальных рэпрэсій прыярытэтнай у гэтым годзе. Тут патрэбная сістэмная праца, актыўная адвакацыя не толькі ад палітыкаў, але і ад дыяспары.

    Без моцнага міжнароднага ціску рэжым не зменіць сваёй палітыкі, працягне ствараць новыя і новыя пагрозы для нашай супольнасці. Таму нам з вамі трэба набрацца цярплівасці, закатаць рукавы і працаваць, працаваць, працаваць.

    А працаваць мы ўмеем. Мы ўмеем самаарганізоўвацца, будаваць структуры, узаемадзейнічаць, нягледзячы на розныя погляды.

    Я вельмі спадзяюся, што новы склад Каардынацыйнай Рады прынясе свежае дыханне ў наш рух. Я падтрымліваю кожнага і кожную, хто будзе ўдзельнічаць — як кандыдат ці проста галасаваць за ўлюбёны спіс.

    Часам чую: навошта тая Каардынацыйная Рада? Як яна дапаможа вырашыць нашы праблемы? Але Каардынацыйная Рада — гэта не панацэя, гэта яшчэ адзін інструмент, які мы з вамі стварылі. І яе карыснасць будзе залежаць ад таго, каго мы абярэм у яе склад і як будзем удзельнічаць у яе працы.

    Але што я кажу — сёння мы ўсё пачуем ад саміх кандыдатаў. Таксама сёння абмяркуем актуальныя праблемы дыяспары, падумаем, як маштабаваць паспяховыя кейсы і праекты.

    Мы б хацелі прысвяціць асаблівую ўвагу палітвязням і моладзі. Дык вось ужо ў гэтым месяцы мы правядзём асобныя мерапрыемствы па гэтых тэмах.

    11–12 траўня ў Стакгольме разам са шведскім МЗС правядзём канферэнцыю па беларускай моладзі, а 21–22 траўня ў Вільні запрашаем усіх на кангрэс палітвязняў, дзе пачуем галасы тых, хто яшчэ нядаўна быў за кратамі.

    Дарагія сябры,

    На першай канферэнцыі беларусаў свету, больш за чатыры гады таму, нехта з удзельнікаў — магчыма, хтосьці з вас — падарыў мне маленькага анёльчыка ў бел-чырвона-белых колерах і сказаў: «Святлана, гэта такі талісман, які дапаможа нам усім вярнуцца дадому».

    Я працягваю яго захоўваць. Як і тады, так і цяпер я застаюся ўпэўненая, што мы ўсе абавязкова вернемся. Мы абавязкова давядзём да канца тую справу, якую разам з вамі распачалі. І ніхто і нішто не зможа нас на гэтым шляху спыніць.

    Дзякуй вам, дарагія.
    Слава Украіне! Жыве Беларусь».

    Апошнія навіны