Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Латвійскаму радыё 4. У ім беларуская лідарка распавяла пра сапраўднае стаўленне беларусаў да вайны ва Украіне, пра магчымыя шляхі развіцця падзеяў у Беларусі ў 2025 годзе і што для яе найбольш важна ў барацьбе за незалежнасць.
Прыводзім асноўныя моманты з размовы:
📌 «Усе, хто супрацьстаіць Лукашэнка і вымушана пакінуў радзіму, з’яўляюцца мэтай рэжыму. Нават у дэмакратычных краінах складана адчуваць сябе ў поўнай бяспецы, бо яна не толькі фізічная, але і інфармацыйная. Зараз спецслужбы палююць за інфармацыяй».
📌 «Галоўны крызіс у нашым рэгіёне – Украіна. Нашыя лёсы туга пераплеценыя. Расія не бачыць нас, як самастойныя дзяржавы, а ставіцца як да дзяцей, якія жадаюць сысці з улоння так званай «сям’і». А мы еўрапейскія краіны, мы хочам вярнуцца ў нашу сапраўдную сям’ю – еўрапейскую. Ніводны беларус не пяройдзе мяжу ў якасці ворага».
📌 «Рэжым штурхае Беларусь у Расію супраць волі беларускага народа. Беларускі народ не хоча быць адной краінай ці саюзам з Расіяй. Мы хочам быць у Еўропе, Лукашэнка цягне нас назад у мінулае, у той Савецкі Саюз. Гэта яго нейкая дзіцячая мара – быць адзінай дзяржавай».
📌 «За свой палітычны шлях я ніколі не настойвала на статусах. Мы ведаем, што ў 2020 я перамагла на выбарах. Лукашэнка лічыць, што ў 2025 ён сам сябе прызначыць прэзідэнтам і мы весела пойдзем яго прызнаваць. Так не атрымаецца! Змяніўся кантэкст, змяніўся час і нашыя дэмакратычныя партнёры не скажуць: Лукашэнка сам сябе выбраў і мы будзем з ім працаваць».
📌 «Цяпер беларусы чуюць ад Лукашэнкі: бачыце, яны там будуюць муры, не даюць вам візы. Яны не жадаюць, каб вы да іх ездзілі, вы там нікому не патрэбныя. Еўропа павінна ўсімі спосабамі паказваць, што дзверы зачыненыя толькі для рэжыму, а не для людзей. Каб студэнты – будучае пакаленне – вучылася ў Еўропе і бачыла, як тут усё працуе».