Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі распавёў пра вынікі палітычнай дзейнасці каманды Офіса за год. У відэа Кучынскі падрабязна агучыў ключавыя дасягненні ў міжнародных адносінах, распавёў пра акцэнты, якія расстаўляліся ў дзейнасці. Акрамя таго, дарадца акрэсліў далейшыя напрамкі працы міжнароднага дэпартамента.
«Дарагія беларусы і беларускі,
Напярэдадні Канферэнцыі Новай Беларусі мы падводзім вынікі гэтага насычанага палітычнага сезона. У гэтым відэа я хацеў бы расказаць пра тое, што было зроблена з мінулага жніўня на міжнародным напрамку Офіса Святланы Ціханоўскай.
Нашая абраная прэзідэнтка здзейсніла 59 афіцыйных візітаў і правяла больш за 250 сустрэчаў высокага ўзроўню. Дарэчы, больш за палову – з прэзідэнтамі, прэм’ер-міністрамі і спікерамі парламентаў. У гэтым палітычным сезоне для нас адкрыліся новыя краіны, кантакты, важныя міжнародныя арганізацыі і фарматы супрацоўніцтва.
Так, упершыню Святлана Ціханоўская здзейсніла афіцыйныя візіты ў Малдову, Балгарыю, Кіпр і Мальту, а таксама наладзіла рабочыя адносіны з Аргенцінай і Арменіяй. Дарэчы, дзякуючы кантактам з армянскімі ўладамі ў гэтым годзе нам удалося ўратаваць беларускага грамадзяніна, які атрымаў у Арменіі палітычны прытулак.
Так, Беларусь упершыню была запрошаная на афіцыйныя сустрэчы Вялікай сямёркі на Капры. Ужо двойчы ў гэтым палітычным сезоне Святлана Ціханоўская прадстаўляла нашую краіну на самітах кіраўнікоў дзяржаваў Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў Іспаніі і, адпаведна, у гэтым годзе ў Вялікабрытаніі. Упершыню адбылася афіцыйная сустрэча з генсекам НАТА Енсам Столтэнбергам. Беларусь таксама была прадстаўленая на буйных сусветных форумах, напрыклад такіх як Канферэнцыя па бяспецы ў Мюнхене і Эканамічны форум у Давосе.
Гэты палітычны сезон таксама адзначыўся для нас фармалізацыяй адносінаў з міжнароднымі партнёрамі. Так, быў запушчаны беспрэцэдэнтны стратэгічны дыялог са Злучанымі Штатамі, падпісанае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Еўрапейскім парламентам і дэмакратычнымі сіламі. Абвешчаны запуск стратэгічных кансультацыяў з Канадай. Быў адкрыты Офіс дэмакратычных сілаў Беларусі ў Празе, а таксама офіс Кантактнай групы па Беларусі ў Радзе Еўропы. Усё гэта дазваляе ўжо зараз працаваць з дэмакратычнай Беларуссю і дапаможа нам у будучыні пры пераходзе ўлады.
У мінулым годзе ў Берліне таксама адбылася першая сустрэча новага Альянсу парламенцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь», куды ўвайшлі 24 парламенты. Таксама была створаная група сяброў Беларусі пры АБСЕ, куды ўваходзяць 29 краінаў. У АБСЕ таксама гэтым летам быў таксама запушчаны Венскі механізм па Беларусі.
За гэты год мы ўпершыню правялі двухбаковыя канферэнцыі з нашымі саюзнікамі – у прыватнасці, гэта канферэнцыі ў Фінляндыі, Эстоніі, Люксембургу, і Швецыі.
Дарэчы, Швецыя і Украіна прызначалі новых спецпасланнікаў па працы з дэмакратычнай Беларуссю – Амбасадарку Крысціну Ёханесан і Амбасадара Ігара Кізіма. А Святлана Ціханоўская ў гэтым годзе сустрэлася з Міністрам Замежных справаў Украіны Кулебам.
У снежні 2023 года Вярхоўны прадстаўнік ЕС Жазэп Барэль абвясціў пра дадатковую фінансавую падтрымку дэмакратычных сілаў – гэта ўжо 140 млн еўра ад ЕС з 2020 года. У красавіку 2024-га Канада абвясціла пра фінансавую падтрымку беларускіх медыя ў памеры 1 млн долараў. У Нарвегіі быў створаны міжнародны гуманітарны фонд для дапамогі беларускім палітвязням і іх сем’ям, які ўжо складае больш за адзін мільён еўра.
Таксама разам са спадаром Паўлам Латушкам, НАУ і Белполам мы дакументавалі злачынствы рэжыму Лукашэнкі і перадавалі іх нашым партнёрам. Гэта прывяло да ўвядзення моцных санкцый супраць рэжыму.
На ўсіх сустрэчах у гэтым годзе – з прэзідэнтам Францыі Макронам, з прэм’ер-міністрам Польшчы Тускам, з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Стармерам альбо прэм’ер-міністрам Канады Трудо – Святлана Ціханоўская казала пра наступнае:
Першае. Падтрымка палітвязняў: крокі па іх вызваленні.
Другое. Захаванне сувязі з Еўропай: не ўводзіць абмежаванні для беларусаў, які наведваюць Еўропу.
Трэцяе. Еўрапейская будучыня: заклік падтрымаць Беларусь як частку Еўрапейскай сям’і.
Чацвёртае. Падтрымка беларусаў у выгнанні: дапамога ў легалізацыі і аднаўленні дакументаў.
І пятае. Перасцярога ад Расіі: Беларусь ні ў якім разе не павінна стаць суцяшальным прызам для Пуціна; а беларусы мусіць удзельнічаць у любых перамовах.
Безумоўна, за гэты год мы многае паспелі зрабіць, але таксама сутыкнуліся з шэрагам складаных сітуацый, якія пакуль не ўдалося вырашыць. Таму ў наступным годзе Святлана Ціханоўская працягне прадстаўляць Беларусь на высокім узроўні, адстойваючы права і выбар беларускага народа жыць у дэмакратычнай і свабоднай ад дыктатуры краіне».