Святлана Ціханоўская знаходзіцца з трохдзённым працоўным візітам у Германіі, дзе сустракаецца з кіраўніцтвам МЗС, канцылярыі Меркель, асноўных палітычных партый і беларускай дыяспарай. Галоўная мэта візіту – абмеркаваць, як правільна рэагаваць на тэрарыстычны захоп самалёта рэжымам і якім павінен быць адказ ЕС.
Разам з нямецкімі палітыкамі Святлана Ціханоўская абмеркавала неабходнасць увядзення тэрміновага пакета санкцый супраць тых, хто ўдзельнічаў у захопе самалёта Ryanair, бізнесоўцаў, звязаных з Лукашэнкам, суддзяў і тых, хто прымаў удзел у фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. 4-ты пакет санкцый ужо сфармаваны і будзе апублікаваны ў найбліжэйшыя тыдні, таксама сёння пачалася падрыхтоўка 5-га пакета.
Беларуская лідарка прапанавала перафарматаваць праграмы дапамогі для беларусаў і грамадзянскай супольнасці, у прыватнасці, зрабіць больш эфектыўнай праграму дапамогі рэпрэсаваным студэнтам і даць ім магчымасць дыстанцыйнай адукацыі ў нямецкіх універсітэтах. Размова таксама ішла пра праграмы падтрымкі лекараў, працоўных, незалежных медыя, у тым ліку – адмысловай праграмы для медыя-праектаў на такіх платформах, як Youtube і Telegram.
У Берліне Святлане Ціханоўскай паведамілі, што запушчаны працэс расследавання па скарзе нямецкіх адвакатаў аб злачынствах рэжыму Лукашэнкі. Германія падтрымлівае працу па запуску міжнароднага трыбунала, які павінен пачацца з расследаванняў і збору матэрыялаў.
З прадстаўнікамі МЗС Святлана Ціханоўская абмеркавала:
– спрашчэнне візавых працэдур, асабліва для тых беларусаў, якія павінны тэрмінова выехаць з краіны;
– аказанне дапамогі сем'ям рэпрэсаваных, у тым ліку – часовыя рэабілітацыйныя праграмы ў Германіі пасля адкрыцця межаў.
Ціханоўскую запэўнілі, што Меркель плануе падымаць пытанне Беларусі на самітах G7 і НАТА, на сустрэчы Байдэна з Пуціным. Беларусь прынцыпова стаіць у прыярытэце міжнароднага парадку дня і для Германіі, і для ўсяго ЕС. У дадзены момант максімальна важна аказаць максімальную падтрымку беларускаму народу і ізаляваць рэжым Лукашэнкі.
«Ангела Меркель была адной з першых сусветных лідарак, з кім я сустрэлася. Пачынаючы з верасня, Германія прынцыпова займае жорсткую пазіцыю ў дачыненні да рэжыму. Галоўнае – каб дапамога, што аказваецца Германіяй, рэальна дапамагала беларусам, каб беларусы яе адчувалі і ведалі пра яе. Беларускае пытанне не дзеліць нямецкіх палітыкаў па партыйных лініях – нас цалкам падтрымліваюць і ва ўрадзе, і сярод апазіцыі. У нас ёсць поўны кансэнсус, што новыя выбары ў гэтым годзе – гэта вырашэнне крызісу. Я прыехала ў Берлін, каб гаварыць пра канкрэтныя праекты дапамогі беларусам і таксама настаяць на тэрміновых санкцыях супраць рэжыму», – адзначыла Ціханоўская.
Увечары Святлана Ціханоўская далучыцца да прэм'еры фільма Андрэя Палуяна «Смеласць» на Берлінале. Беларуская лідарка адмовілася прайсці па чырвонай дарожцы.