«Паважаны прэзідэнт Гітанас Наўседа,
Амбасадарка Уршуля Дарашэўска,
Амбасадар Пятро Бешта,
Шаноўныя дапламаты, госці,
Дарагія сябры,
Для мяне гонар выступіць сёння перад вамі. Паўстанне 1863 года аб'ядноўвае Літву, Польшчу, Украіну і Беларусь. Нашыя народы адмовіліся жыць пад прыгнётам акупантаў і паўсталі за сваю зямлю і сваю годнасць.
Апошнія падзеі ў Беларусі і Украіне паказваюць, што мэты паўстанцаў трэба адстойваць безупынку. Імперыя зноў грукаецца ў наш дом, імкнецца нас знішчыць ці падпарадкаваць.
Сіла, якую знайшлі ў сабе нашыя з вамі землякі, каб супрацьстаяць расійскай імперыі, нават коштам уласнага жыцця – гэта сіла, якую яны перадалі і нам праз паўтара стагоддзі.
Гэтая сіла – у любові да сваёй зямлі, любові да свайго народа. Гэтая сіла – у свабодзе, гэтая сіла – у смеласці, якую кожны з нас здольны знайсці ў сабе, каб здзейсніць подзвіг.
Героі паўстання 1863 года – і сёння крыніца нашай сілы. Крыніца нашага нацыянальнага гонару і годнасці. Яны дапамагаюць беларусам супрацьстаяць тыранічнаму рэжыму Лукашэнкі і імперскай агрэсіі Расіі.
Каліноўскі, які кіраваў паўстаннем на тэрыторыі Беларусі, ёміста сфармуляваў нацыянальную ідэю Беларусі: толькі тады народзе зажывеш шчасліва, калі над табой не будзе чужой улады.
Бо нам, беларусам, не трэба чужога. Проста дайце нам быць гаспадарамі ў сваёй краіне. Мы хочам будаваць Беларусь свабоднай і незалежнай дзяржавай, і імя Кастуся Каліноўскага працягвае натхняць нас у гэтай справе.
Каліноўцы-добраахвотнікі адстойваюць гонар Беларусі на палях баёў ва Украіне, студэнты-каліноўцы – за партамі ў польскіх універсітэтах. А нашых міжнародных сяброў мы збіраем штогод на Форум Каліноўскага тут у Вільні, у літоўскім Сеймасе.
Ведаеце, у Мінску мы з сям'ёй жылі ў раёне вуліцы Каліноўскага і часта там гулялі. Тады мае дзеці былі яшчэ маленькія і не ведалі, чым знакаміты Каліноўскі. Але нядаўна я распавяла старэйшаму гэтую гісторыю – пра тое, як адзін маленькі, але вольны душой чалавек змог запаліць іскру народа, каб паўстаць супраць вялікага зла. Нават калі ён трапіў за краты – ён не здаўся і заставаўся вольным чалавекам. «Ён такі ж, як наш тата!» – сказаў мой сын.
Я думаю, у кожнай беларускай сям'і ёсць свой Каліноўскі – той, хто дае вам сілы на барацьбу і не дае спыніцца, нават калі здаецца, што ўжо няма надзеі.
Я не магу здрадзіць мары маіх дзяцей вярнуцца дадому і хутчэй абняць бацьку.
Мы не можам здрадзіць тым марам, якія аб'ядноўваюць нас і нашых герояў.
Не можам здрадзіць памяці пра іх. Не можам і не маем права не змагацца за свой дом.
І нягледзячы на тое, што трагічная гісторыя паўтараецца, і сёння нашыя народы зноў вымушаныя супрацьстаяць вялізнай імперыі, – я ведаю, што мы пераможам.
Ведаю, што ўсе мы вернемся дадому. І ведаю, што Беларусь у хуткім часе вернецца ў Еўрапейскую сям'ю, якой належыць гістарычна.
Už mūsų ir jūsų laisvę! Za wolność naszą i waszą! За нашу і вашу свабоду!»