«Сёння беларускі «суд» вынес чарговы вырак невінаватаму чалавеку. 8 гадоў атрымаў Эдуард Бабарыка. Гэта чалавек, які правёў у СІЗА 3 гады – рэкордны для Беларусі тэрмін. Увесь гэты час рэжым проста не мог прыдумаць прычыну, з якой затрымаў Эдуарда, і знайсці доказаў яго віны. Бо за рэальную прычыну – помста за жаданне яго бацькі ўдзельнічаць у выбарах – наўрад ці далі б нейкі тэрмін нават у такім судзе.
Гэты прысуд Эдуарду за бацьку, які так і не з'явіўся на судзе. Пра якога ён нічога не чуў з 26 красавіка і не ведае, жывы ён ці не.
Эдуард Бабарыка, як і яго бацька, хоча змяніць Беларусь і зрабіць яе лепшай. Ён запусціў платформы, дзякуючы якім беларусы маглі падтрымліваць ініцыятывы і праекты. Адтуль падтрымку атрымалі праект BY COVID-19, выдавецтва кніг нашай Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч і шмат іншых. Я ўпэўненая, што такія маладыя і таленавітыя людзі, як Эдуард Бабарыка, – будучыня новай Беларусі. Менавіта гэтыя людзі здольныя выцягнуць нашую краіну з крызісу, у які яе загнаў рэжым, і зрабіць Беларусь развітай і дэмакратычнай краінай».