Гэта трэцяя сустрэча маршалка польскага Сейма Эльжбеты Вітэк са Святланай Ціханоўскай. Разам з Ціханоўскай у сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка, Аліна Коўшык, Валер Кавалеўскі, Аляксандр Азараў, старэйшы дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка і дарадца па міжпарламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька.
Спікерка запэўніла Ціханоўскую ў адназначнай падтрымцы дэмакратычнага руху Беларусі. Паводле спікеркі, Польшча зацікаўленая бачыць Беларусь дэмакратычнай і незалежнай краінай.
Святлана Ціханоўская распавяла пра працу Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па прадухіленні магчымага ўдзелу беларускіх войскаў у вайне, вырашэнні праблемаў беларусаў, якія вымушаныя былі выехаць з Беларусі праз рэпрэсіі. Бакі абмеркавалі неабходнасць працы з трэцімі краінамі, якія мала ведаюць пра сітуацыю ў Беларусі і Украіне, але галасуюць у міжнародных арганізацыях як ААН.
Таксама Ціханоўская папрасіла Сейм прыняць рэзалюцыю па Беларусі, у якой абазначыць стратэгічныя прынцыпы ў палітыцы да Беларусі: раздзяляць рэжым Лукашэнкі і народ, патрабаваць вываду расійскіх войскаў з беларускай тэрыторыі, прыцягнуць вінаватых за рэпрэсіі да адказнасці.