Учора Святлана Ціханоўская правяла перамовы з Армін Лашэтам, магчымым канцлерам Германіі пасля выбараў у верасні. Сустрэча праходзіла каля гадзіны за зачыненымі дзвярыма ў фармаце тэт-а-тэт. Ціханоўская і Лашэт казалі пра сітуацыю з Раманам Пратасевічам, тэрарыстычны акт захопу самалёта, а таксама пра рэакцыю Еўрапейскага Савета і ЗША на гэты інцыдэнт. Беларуская лідарка заклікала нямецкі ўрад і асабіста Арміна Лашэта быць больш смелымі і паслядоўнымі ў прыняцці максімальна жорсткіх абмежавальных мер у дачыненні да Лукашэнкі, яго памагатых, прапагандыстаў і суддзяў, якія выносяць несправядлівыя прысуды.
Ціханоўская падтрымала прапанову ЕС увесці санкцыі супраць сектараў эканомікі, якія знаходзяцца пад кантролем рэжыму Лукашэнкі. Армін Лашэт у заяве для СМІ пасля сустрэчы пацвердзіў неабходнасць максімізаваць ціск на рэжым і выказаўся ў падтрымку ўвядзення новых, больш шырокіх санкцый.
На сустрэчы таксама казалі пра дапамогу грамадзянскай супольнасці. Важна зрабіць больш эфектыўнымі існуючыя праграмы, каб рэпрэсаваныя беларускія студэнты змаглі хутка атрымліваць стыпендыі, а артысты ці лекары, якія звяртаюцца ў Германію па дапамогу, маглі бяспечна рэлакавацца і атрымаць падтрымку. Святлана Ціханоўская абмеркавала разам з палітыкам нядаўняе рашэнне Германіі падтрымаць незалежныя СМІ Беларусі і, у прыватнасці, беларускую праграму Deutsche Welle, якая павялічыла вяшчанне на Youtube і ў Telegram.
Ціханоўская і Лашэт зрабілі сумесную заяву для прэсы, у якой кіраўнік партыі ХДС падтрымаў барацьбу беларусаў за свабоду, а Святлана Ціханоўская падзякавала магчымаму будучаму канцлеру Германіі за тое, што ён робіць і будзе рабіць для нашай краіны.