Сёння спаўняецца 100 год са дня народзінаў Васіля Быкава. Для беларусаў і беларусак гэта адзін з самых значных пісьменнікаў стагоддзя. Яго творчасць паўплывала не толькі на літаратуру, але і на сацыяльна-культурнае і палітычнае адраджэнне нацыі. Мы сабралі для вас цытаты, якія штодзень натхняюць супрацоўнікаў Офіса Святланы Ціханоўскай. Хай кожны знойдзе для сябе тое, што падтрымае і яго.
Пра мову: «Моўная праблема беларусаў можа быць вырашаная толькі ва ўмовах сувэрэнітэту дзяржавы. Калі будзе ў нас дзяржава – ня трэба будзе ніякай прымусовасьці. Уся культура сама пяройдзе на беларускую мову. Тое самае і моладзь – гэта ўсё пакладзецца ў абсалютна натуральнае рэчышча гістарычнага разьвіцьця. Мова ў сувэрэннай дзяржаве будзе запатрабаваная – яе ня трэба будзе навязваць, яна будзе патрэбная ўсім, патрэбная нацыі».
Пра герб і сцяг: «Вядома, што нацыянальная сымболіка – атрыбут нацыі. Сьцяг і герб не ствараюцца пад кожны палітычны момант, ці пад пэўнага ўладатрымальніка – яны вечныя і спрадвечныя. Калі ж на пачатку трэцяга тысячагодзьдзя ад Нараджэньня Хрыстовага ў якой нацыі няма гэтай сымболікі, дык няма і нацыі, і наўрад ці ўжо будзе. Шчасьце беларусаў у тым, што гэткая сымболіка ў нас ёсьць, яна дайшла да нас ад сівой даўніны. Але яе ў нас скралі, нахабна абрабавалі нацыю, што страшней за эканамічны рабунак і аналягічна нацыянальнаму генацыду».
Пра культуру: «Нармальны працэс культурнага развіцця павінны быў выглядаць так: спярша ў самым поўным аб’ёме – уласная культура, затым іншыя – расейская, нямецкая, польская, ангельская – чым болей, тым лепш, наколькі хапае да таго здольнасцяў грамадства ці асобнага яго члена».
Пра барацьбу: «У барацьбе з таталітарызмам дэмакратыя ня мае адэкватных сродкаў і найчасьцей церпіць паразу. Аднак неабходна шукаць нейкай шчыліны ў бэтоннай сьцяне таталітарызму і канцэнтраваць намаганьні».
Пра свабоду: «Чалавек, як і кожная жывая істота ад Бога, нараджаецца свабодным. Калі ён аднойчы адмовіўся ад волі, то назаўжды робіцца вязнем».
Пра так званую Саюзную дзяржаву: «Падпісаньне саюзнай дамовы – гэта ня толькі сумная справа, гэта ўвогуле злачынства стагодзьдзя. Гэта, безумоўна, генацыд беларускай нацыі – канец яе гісторыі».
Пра Лукашэнку: «Тое, што робіць Лукашэнка і ягоны рэжым, накіраванае на ліквідацыю, на поўную ліквідацыю гэтай сувэрэннасьці. І калі б толькі ў гэтым складаўся сэнс гэтай акцыі. Але, акрамя таго, ён жа пад гэтай падставай ліквідуе нацыянальную культуру, нацыянальную літаратуру, нацыянальную мову».
Пра ідэалогію: «Як гэта ні сумна, трэба прызнаць, што гісторыя сапраўды нічому не вучыць. Зараз, як і заўжды, наперадзе культуры і нават наперадзе эканомікі зноў ідэалогія з яе імперскай палітыкай, якая спакваля падпарадкоўвае сабе ўсё, у тым ліку і правы чалавека».
Пра працяг нашай гісторыі: «Ня першы дзень і ня толькі для Беларусі робіцца неабвержнай ісьціна: толькі пры наяўнасьці свабоды і незалежнасьці магчымы працяг беларускай гісторыі. Калі ж незалежнасьці ня будзе, дык і скончыцца нашая гісторыя».
Пра беларускія клопаты: «Час новы, а нашыя клопаты ўсе старыя; усё тыя ж, што і сто, і дзьвесьце гадоў таму. Гэтыя клопаты для нацыі, мусіць, найпершыя, першачарговыя, таму яны і ўвасобіліся ў плён для ўсіх без выключэньня эўрапейскіх нацыяў, апроч беларусаў. Я маю на ўвазе нашую свабоду і незалежнасьць. Зрэшты, калі б было штосьці адно — свабода безь незалежнасьці альбо незалежнасьць без свабоды… Але так не бывае. Сумна ўсё гэта, балюча і турботна. Але без таго не абысьціся, калі хочаш жыць, а ня добраахвотна класьціся ў дамавіну».
Пра наша жыццё: «Шляхі-дарогі роднага краю ўплываюць на шлях чалавечага жыцця».