«Дарагія сябры,
Дазвольце павітаць усіх вас на гэтым сайд-івэнце. Вельмі важна, каб Беларусь не гублялася з парадку дня.
Я хацела б паведаміць вам добрыя навіны, але сітуацыя ў Беларусі толькі пагаршаецца, асабліва ў дачыненні да палітвязняў. Літаральна ўчора стала вядомая жахлівая навіна пра яшчэ адну смерць палітвязня – Алеся Пушкіна. Ён стаў адной са шматлікіх нявінных ахвяраў лукашэнкаўскага рэжыму. Алесь быў вядомым беларускім мастаком, артыстам, сапраўдным патрыётам і, дарэчы, актыўным прыхільнікам уступлення Беларусі ў НАТА.
Сёння мы абмяркуем пытанне пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі і яе наступствы для рэгіянальнай бяспекі. У гэтай дыскусіі да мяне далучацца такія ганаровыя дакладчыкі, як былы намеснік дзяржсакратара ЗША Бігун, старэйшы дырэктар Еўразійскага цэнтра Атлантычнай рады Хербст, старшыня Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Хойсген.
Размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі – гэта не толькі яе ўнутраная праблема, але і пагроза міжнароднай бяспецы.
На жаль, рэакцыя міжнароднай супольнасці на гэтую пагрозу слабая. Мы бачылі асобныя заявы і каментары, але не ўбачылі дакладнай стратэгіі супрацьдзеяння гэтай пагрозе.
Размяшчэнне ядзернай зброі падрывае і суверэнітэт нашай краіны. І пакуль пункт гледжання беларусаў не знайшоў адлюстравання ў афіцыйных заявах нашых партнёраў.
Мы, беларусы, перажылі катастрофу на Чарнобыльскай АЭС. З усіх краінаў, якія пацярпелі ад гэтай трагедыі, Беларусь пацярпела больш за ўсіх. І што яшчэ больш важна, пасля шматлікіх стагоддзяў войнаў, якія спусташалі нашую зямлю, беларусы цэняць мір і хочуць зрабіць свой унёсак у забеспячэнне надзейных гарантый бяспекі.
Менавіта таму ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце 1990 года Беларусь была аб'яўленая бяз'ядзернай дзяржавай. У далейшым Беларусь адмовілася ад сваёй часткі савецкага ядзернага арсеналу. Гэтае рашэнне было замацаванае далучэннем да Дамовы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі і адлюстраванае ў Канстытуцыі 1994 года.
Гэта адбылося да прыходу да ўлады Лукашэнкі. З таго часу ён неаднаразова выказваў шкадаванне з нагоды таго рашэння. Сёння мы бачым, як адпаведныя дамоўленасці парушаюцца, а Расія актыўна выкарыстоўвае дыктатара ў якасці інструмента для рэалізацыі сваіх інтарэсаў.
У сакавіку Пуцін аб'явіў пра сваё рашэнне размясціць у Беларусі ядзерную зброю. Гэта супярэчыць волі беларускага народа і нашай Канстытуцыі. Канстытуцыя 2022 года, з якой выключаны пункт аб бяз'ядзерным статусе, была прынятая з парушэннем усіх нормаў права, і яе прыняцце не было прызнанае.
Акрамя таго, Расія двойчы парушае Будапешцкі мемарандум аб гарантыях бяспекі. Па-першае, пазбаўляючы Беларусь бяз'ядзернага статусу. І, па-другое, замахваючыся на суверэнітэт Беларусі.
Важна адзначыць, што Будапешцкі мемарандум прапаноўваў Беларусі гарантыі бяспекі пры ўмове выдалення ўсёй ядзернай зброі з яе тэрыторыі.
Тое, як было абвешчана рашэнне пра размяшчэнне ядзернай зброі, сведчыць пра тое, што Расія ставіцца да Беларусі як да сваёй калоніі. Лукашэнку, які пазіцыянуе сябе як кіраўніка Беларусі, нават не паставілі да ведама пра намеры Пуціна.
Пуцін цынічна аб'явіў пра сваё рашэнне 25 сакавіка, у Дзень Волі, калі адзначаецца незалежнасць Беларусі, нібы падкрэсліваючы, што нашая краіна – калонія.
Пытанне пра тое, у каго будзе «чырвоная кнопка» да расійскай ядзернай зброі ў Беларусі, застаецца адкрытым. Лукашэнка настойвае на тым, каб Расія дала яму права голасу пры прыняцці рашэння пра прымяненне гэтай ядзернай зброі. Але для беларускага народа абодва варыянты непрымальныя.
Лукашэнка заўсёды імкнуўся атрымаць ядзерную зброю, каб замацаваць сваю ўладу. Нядаўна ён заявіў, што без ваганняў неадкладна прыменіць гэтую зброю ў выпадку нападу на Беларусь, гэта значыць на яе рэжым. Але трэба памятаць, што нават мірныя дэманстрацыі 2020 года ён трактаваў як замах на краіну, які каардынуецца з-за мяжы, і не саромеўся неабмежавана прымяняць сілу.
Ва ўмовах вайны Расіі супраць Украіны ядзерная зброя ў Беларусі неабходная Расіі для эскалацыі сітуацыі, пагрозы Украіне з поўначы і прымусу яе да мірных перамоваў на расійскіх умовах. У Расіі хочуць стварыць умовы для шантажу Украіны і яе саюзнікаў, а таксама для ўзмацнення кантролю над Беларуссю.
Усё гэта адбываецца без уліку меркавання беларусаў. Лукашэнка сам казаў, што ў ваенны час не стане пытацца меркаванне грамадства. Ва ўмовах тэрору ніякі адкрыты пратэст супраць расійскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі практычна немагчымы.
Насамрэч беларусы катэгарычна супраць размяшчэння расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Па дадзеных апытання, праведзенага ў траўні, толькі 20% беларусаў падтрымліваюць яго. Але рэжыму гэта не цікава.
Рэакцыю заходніх краінаў на рашэнне Пуціна, якую мы пакуль бачылі, можна ахарактарызаваць як «пажывем – убачым». Праўда, мы пакуль не ведаем, ці прывезлі ўжо ядзерную зброю ў Беларусь. Было заяўлена, што яна з'явіцца там да канца года.
Чаго не хапае ў падыходзе нашых партнёраў, дык гэта ўліку беларускага пункту гледжання. У асноўным партнёраў хвалюе парушэнне пагадненняў аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі, і іх можна зразумець. Але што азначае размяшчэнне ядзернай зброі для суверэнітэту і бяспекі Беларусі?
Наступствы могуць быць вельмі сумныя для нашай краіны.
Па-першае, Беларусь стане патэнцыйнай мішэнню для ўдараў у адказ.
Па-другое, Расія атрымае магчымасць і надалей развіваць сваю ваенную прысутнасць у Беларусі. Аж да таго, што аднойчы Беларусь стане другім Крымам. Там у расіянаў былі вайсковыя базы, якія яны выкарыстоўваюць зараз для кантролю над усім паўвостравам.
Па-трэцяе, магчыма, ядзерная зброя будзе выкарыстоўвацца ў якасці «траянскага каня». Гэта значыць Расія зможа накіраваць войскі пад маркай абароны сваёй ядзернай зброі, на самой справе маючы намер захапіць краіну.
Адным словам, гэтае рашэнне Пуціна, якое пацвердзіў і Лукашэнка, пагражае беларускаму суверэнітэту.
Пытанне ў тым, што ў гэтай сітуацыі рабіць нашым заходнім саюзнікам, краінам НАТА.
Калі ядзерную зброю яшчэ не прывезлі ў Беларусь, то трэба паспрабаваць дыпламатычнымі метадамі прадухіліць яе размяшчэнне. А калі гэта не атрымаецца, то давайце зробім так, каб Расіі давялося вельмі дорага заплаціць за гэтае рашэнне.
Патрэбны пакет жорсткіх санкцыяў як супраць рэжыму Лукашэнкі, так і супраць пуцінскай Расіі.
У абмен на зняцце хаця б часткі гэтых санкцый трэба патрабаваць ад Расіі неадкладнага вываду ядзернай зброі з Беларусі.
Вельмі важна таксама папярэдзіць Расію: у выпадку ўжывання ядзернай зброі з беларускай тэрыторыі зваротны ўдар будзе нанесены не па Беларусі, а па цэнтрах прыняцця рашэнняў, адкуль ажыццяўляецца кіраванне ядзернай зброяй. Гэта можа стаць важным стрымлівальным фактарам.
Для вырашэння гэтай сітуацыі неабходна склікаць пасяджэнне Рады Бяспекі ААН. Прыняць у ім удзел павінна і Беларусь.
Але нельга, каб беларускія інтарэсы прадстаўляў нелегітымны дыктатар. Ён служыць расійскім палітычным інтарэсам, а не беларускім. Інтарэсы беларускага народа павінны прадстаўляць дэмакратычныя сілы.
Неабходна таксама правесці дэбаты на Генеральнай Асамблеі ААН, каб абмеркаваць сітуацыю, у якой краіна, якая парушае мір, паглынае іншую дзяржаву і падрывае сусветны парадак.
Цяпер мы ўсе канчаткова пераканаліся ў важнасці Беларусі для рэгіянальнай і еўрапейскай бяспекі. Мы шмат разоў паўтаралі, што рэжым Лукашэнкі ўяўляе пагрозу для ўсяго рэгіёна. Са з'яўленнем ядзернай зброі і магчымай прысутнасцю ў Беларусі тэрарыстычнай групоўкі «Вагнер» рэжым ператвараецца ў пагрозу для ўсяго свету.
З іншага ж боку, калі Беларусь стане незалежнай дэмакратычнай краінай, яна будзе надзейным партнёрам і донарам бяспекі для рэгіёна. Але гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі Беларусь пераможа тыранію і пазбавіцца варожага расійскага кантролю.
Дарагія сябры,
Перад намі вельмі небяспечны вораг – Расійская імперыя. Але на нашым баку беларускі народ. На сваім трагічным гістарычным вопыце мы, беларусы, ведаем сапраўдны кошт міру. І хочам мы толькі міру.
Але мы таксама ведаем, што мірна суіснаваць з тыраніяй немагчыма. Мір без свабоды – гэта рабства, а не мір.
Мы спадзяемся, што ў выніку гэтай вайны мы разам з украінцамі здабудзем волю і вырвемся з кіпцюроў Расіі. Ніякая зброя не заб'е нашае жаданне быць вольнымі.
Дзякуй».