«Ігар Лосік, Ігар Банцар і Дзмітрый Фурманаў. Вы можаце не даведацца пра тое, што я зараз кажу гэтыя словы. Але мы ўсе ведаем пра вас і вашую бязмежную мужнасць.
Вы цяпер рызыкуеце сваім жыццём, выказваючы свой пратэст праз галадоўку. Але мы, беларусы, не гатовыя рызыкаваць вамі.
Як чалавек, маці і жонка, я прашу вас спыніць галадоўку. Вы патрэбныя вашым блізкім, бацькам і дзецям. Вы патрэбныя Беларусі.
Але як палітык я раблю ўсё магчымае, каб вызваліць вас і сотні беларусаў, якія без віны закрытыя ў суседніх з вамі камерах.
На гэтым тыдні я сустракалася з дэлегацыямі Еўрасаюза і ААН, каб яны наклалі фінансавыя і візавыя санкцыі на суддзяў, пракурораў і кіраўніцтва турмаў, якія не выконваюць вашыя патрабаванні.
Яны абавязаныя дапусціць у турмы прадстаўнікоў дыпмісій і паслоў. Яны забараняюць гэтыя візіты – таму што баяцца, што ўсе ўбачаць, у якіх страшных умовах рэжым утрымлівае нашых мужоў, дзяцей, бацькоў і сяброў. Мы можам толькі здагадвацца, у якім пекле вы знаходзіцеся – раз адважыліся парэзаць вены і аб'явіць сухую галадоўку.
Але мы гаворым пра вас на ўвесь свет. Разам з замежнымі партнёрамі мы працягваем дамагацца, каб спецдакладчыцу ААН па Беларусі Анаіс Марын пусцілі ў Беларусь. Ужо на наступным тыдні ААН павінна запусціць механізм прыцягнення да адказнасці тых, хто здзяйсняў незаконныя затрыманні і выносіў спушчаныя зверху прысуды.
Але я не ведаю, ці ёсць у вас яшчэ тыдзень. А значыць, у нас няма права проста чакаць нечых дзеянняў – бо гэтае чаканне вядзе да страшных ахвяраў.
Кажуць, чалавек жыве тры дзясяткі сутак без ежы, трое сутак без вады і тры хвіліны без паветра. Але адзінае, у чым я ўпэўненая – што, якім бы ні было вашае рашэнне, вы ўжо паказалі, што не гатовыя жыць ні секунды без сваіх перакананняў».