Праект прапануе пераход ад аўтарытарнай прэзідэнцкай мадэлі да парламенцкай рэспублікі, дзе ўлада належыць народу, правы і свабоды чалавека прызнаюцца найвышэйшай каштоўнасцю, а Сойм, урад, прэзідэнт, суды і мясцовае самакіраванне маюць самастойныя паўнамоцтвы і выступаюць у якасці сістэмы стрымак і проціваг адносна адзін аднаго.
У тэксце вызначаюцца гарантыі правоў чалавека, прынцыпы справядлівых выбараў і рэферэндумаў, незалежнасць судовай улады і мясцовага самакіравання, новыя органы кантролю, правілы распараджэння дзяржаўнымі фінансамі і парадак унясення змен у Канстытуцыю.