Ціханоўская: «Сёння Лукашэнка сустрэўся з прэзідэнтам Ірана. Прапаганда прэзентуе гэта як «новыя гарызонты» і «сяброўства народаў». Лукашэнка адкрыта заявіў, што Беларусь гатовая да супрацоўніцтва з Іранам «па любых пытаннях». Але няма ніякага выразнага разумення, у якіх рамках гэтае супрацоўніцтва будзе працаваць. Відавочна адно: рэжым усё глыбей уцягвае Беларусь у вайну.
Мы добра ведаем, што азначае іранскі сцэнар: жыццё пад пастаяннымі санкцыямі, ізаляцыя, забарона на палёты і міжнародныя банкаўскія карткі, пагроза ядзернай зброі. ЗША нядаўна наносілі ўдары па іранскіх ядзерных аб’ектах — і гэта дакладна не шлях, які адпавядае бачанню беларусаў.
Напрамак, па якому Лукашэнка вядзе краіну, — гэта пастка. Беларусь мусіць быць адкрытай, сучаснай і бяспечнай: без вайны, ядзернай зброі і ізаляцыі».
Адзначым, што такое супрацоўніцтва рэжыму з Іранам — не новая гісторыя.
— У 2000-х Лукашэнка падтрымліваў ядзерныя амбіцыі Тэгерана ў абмен на абяцанні інвестыцыяў, за што трапляў пад санкцыі.
— У 2011 годзе рэжым спрабаваў дапамагаць іранскім распрацоўкам балістычных ракетаў — і за гэта Беларусь зноў апынулася пад міжнароднымі санкцыямі.
— Пасля 2022 года Мінск і Тэгеран сталі саюзнікамі Масквы ў вайне супраць Украіны.
— З 2023 года Беларусь планавала запусціць вытворчасць Shahed-136 — беспілотніка, важнага для баявых магчымасцяў Расіі ва Украіне.
— Да ліпеня 2024 года беларускія вайсковыя прадстаўнікі прадставілі дрон «Кочевник» — нібыта айчыннай распрацоўкі, але вельмі падобны на іранскі Shahed-136.
— У лістападзе 2024 года высокапастаўленая беларуская вайсковая дэлегацыя наведала іранскі вайсковы ўніверсітэт па беспілотніках.
— Па дадзеных расследавання BELPOL, у Фрунзенскім раёне Мінска ўжо працуе і пашыраецца сакрэтны завод па вытворчасці баявых дронаў, у тым ліку тыпу «Аскалон» — аналага іранскіх Shahed.