2 ліпеня ў Жэневе прайшоў сайд-івэнт, прысвечаны крытычнай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Да сустрэчы, арганізаванай Літвой і Латвіяй, далучыўся дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў. Фокус увагі ўдзельнікі скіравалі на пераслед палітвязняў, журналістаў і актывістаў, а таксама транснацыянальныя рэпрэсіі:
Высновы, зафіксаваныя падчас івэнту:
➖ у Беларусі рэжым трымае за кратамі больш за 1200 палітвязняў; як мінімум 10 з іх — у поўнай ізаляцыі;
➖ рэжым усё больш актыўна выкарыстоўвае завочныя суды і міжнародныя ордары, каб запалохваць беларусаў і беларусак за мяжой;
➖ незалежныя СМІ і НДА знішчаюцца: рэжым ліквідаваў не менш за 1186 арганізацыяў, дзясяткі журналістаў асуджаныя або абвешчаныя ў вышук;
➖ спецыяльны дакладчык Нілс Муйжніекс адзначыў: паляпшэнняў у сферы грамадзянскіх і палітычных правоў не назіраецца.
Леанід Марозаў:
«Мы заклікаем дэмакратычныя краіны і структуры ААН падтрымліваць працу незалежных экспертаў і выкарыстоўваць усе механізмы адказнасці, каб спыніць гвалт і беспакаранасць. Рэпрэсіі больш не абмяжоўваюцца тэрыторыяй Беларусі. Яны набылі транснацыянальны характар і пагражаюць бяспецы беларусаў і беларусак у Еўропе і за яе межамі».
Акрамя таго, дарадца правёў сустрэчу ва ўпраўленні Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, дзе абмяркоўваў сітуацыю палітвязняў і магчымыя спосабы іх вызвалення. Асобна ён звярнуў увагу на сітуацыю Алеся Бяляцкага як нобелеўскага лаўрэата, які сёння знаходзіцца ў зняволенні.
Леанід Марозаў адзначыў важнасць падтрымкі ўсіх, хто сутыкаецца з рэпрэсіямі, і выказаў падзяку партнёрам за салідарнасць.