Падчас працоўнага візіту ў Ісландыю беларуская лідарка правяла перамовы з міністрамі замежных справаў і высокапастаўленымі дыпламатамі Паўночных краінаў: Марыяй Мальмер Стэнергард (Швецыя), Тордзіс Гільфадоцір (Ісландыя), Анэ Беатэ Твінерэйм (Нарвегія), Оўці Халапайнен (Фінляндыя), Ларсам Лёке Расмусенам (Данія).
Тэмамі сустрэчы сталі спосабы вызвалення і сродкі дапамогі палітвязням, легалізацыя беларусаў, пазоў Літвы ў Міжнародны крымінальны суд і падтрымка грамадзянскай супольнасці і медыя.
Якія практычныя вынікі гэтых перамоваў?
👉🏻 Прызначэнне спецпрадстаўнікоў па Беларусі. Ад Ісландыі – Герман Інгольфсан, пастаянны прадстаўнік краіны ў NATO. Ад Даніі – Грэтэ Сіласен, цяперашняя амбасадарка Даніі ў Літве. Нарвегія і Швецыя пакінуць цяперашніх прадстаўнікоў. Фінляндыя вызначыць у бліжэйшы час.
👉🏻 Падтрымка Міжнароднага гуманітарнага фонду: Данія выдаткавала 5 мільёнаў дацкіх кронаў, Ісландыя – 10 мільёнаў ісландскіх крон.
👉🏻 Урэгуляванне прававога статусу беларусаў Даніі: прынятая пастанова, якая дазволіць беларусам заставацца з пратэрмінаванымі пашпартамі і атрымліваць пашпарты замежніка, калі яны не могуць вярнуцца ў Беларусь.
👉🏻 Падтрымка грамадзянскай супольнасці. Ісландыя працягне падтрымліваць Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, незалежныя медыя і грамадзянскую супольнасць. Данія – Міжнародную платформу збору доказаў злачынстваў рэжыму. Швецыя – грамадзянскую супольнасць, культурніцкія ініцыятывы і стыпендыяльныя праграмы для беларусаў.
👉🏻 Паўночныя краіны разгледзяць магчымасць падтрымкі пазову Літвы ў Міжнародны крымінальны суд супраць рэжыму за злачынствы супраць чалавечнасці.
Таксама Ціханоўская заклікала распрацаваць і ўвесці санкцыйны пакет за парушэнні правоў чалавека супраць арганізацыяў і асобаў, адказных за рэпрэсіі. Акрамя таго, прапанавала стварыць кааліцыю міністраў за дэмакратычную Беларусь, у якую маглі б далучыцца паўночныя і балтыйскія краіны, Польшча і іншыя саюзнікі.