«Сёння, на так званай «лініі Сталіна» рэжымным акторам загадалі «ўзнавіць» акт генацыду падчас святкавання Дня незалежнасці. Гэты дзень павінен асацыявацца са свабодай, годнасцю і роўнасцю. Але дыктатура лічыць натуральным прапагандаваць гвалт і смерць. Шчыра кажучы, гэта зусім не падобна на захаванне гістарычнай памяці і павагу да ахвяраў фашызму.
Памяць пра вайну – гэта не рамантызацыя страшных падзеяў, якія перажыў беларускі народ. Гэта не дзеці ў вайсковай форме, не фатаграфіі ля баявой тэхнікі. І не тэатралізаваныя пастаноўкі са спальваннем людзей у хлявах.
Памяць – гэта павага. Павага да ахвяраў. Гэта напамін пра тое, якой цаной Беларусь здабыла свабоду і мір – «узнаўленне акта генацыду» ніяк не спрыяе ўсведамленню гэтай цаны. Цынічныя пастаноўкі перакручваюць і абясцэньваюць беларускую трагедыю часоў Другой сусветнай вайны.
Рэжым і яго памагатыя ператвараюць боль і пакуты мільёнаў людзей у спектакль. З аднаго боку – мізэрная дапамога ветэранам, а з іншага – мільёны рублёў на парады і канцэрты праўладных артыстаў. Мяркую, тыя, хто заспеў аповеды прабабуляў і прадзядуляў пра вайну, узгадаюць: для іх памяць была не фарсам, кветкамі і феерверкамі. Гэта трагедыя, пра якую ім было балюча нават маўчаць.
Само азначэнне «патрыятызм» рэжым ператварае ў адзін з асноўных складнікаў прапаганды. Замест таго, каб будаваць будучыню на падмурках павагі і міру, рэжым эксплуатуе самыя балючыя старонкі нашай гісторыі і культывуе вайну паўсюль. Дзяцей прымушаюць ездзіць на «ваенна-тактычныя зборы», вучаць разбіраць ды збіраць аўтаматы. І ўсё гэта – на фоне жахлівай вайны ва Украіне.
Мае дарагія! Вельмі важна памятаць ахвяраў вайны, але рабіць гэта з павагай і годнасцю. Трагедыя Другой сусветнай вайны павінна заставацца ў нашай гісторыі як папярэджанне пра тое, да чаго прыводзіць нянавісць і гвалт, а не як сюжэт для чарговага спектакля дыктатуры».