Ціханоўская падзякавала міністру за арганізацыю Стакгольмскай канферэнцыі па Беларусі. «Узровень арганізацыі і склад удзельнікаў паказвае, што Беларусь застаецца на парадку дня Швецыі і Еўропы. Прагучала вялікая колькасць практычных ідэяў па стратэгіі, і зараз нашая задача, разам, іх рэалізаваць».
Канферэнцыя адбывалася ў фармаце Chatham, без медыя і жывой трансляцыі. Удзел узялі дыпламаты, палітыкі, актывісты, эксперты. Агулам больш за 150 чалавек з больш чым 20 краінаў.
Ціханоўская падзякавала міністру за павелічэнне шведскай дапамогі для Беларусі, бенефіцыярамі якой з’яўляюцца незалежныя медыя, праваабаронцы, культурніцкія ініцыятывы, студэнты, прыватны сектар. Агулам яна вырасла больш чым на 26% за апошні год. Акрамя гэтага, Швецыя дадаткова вылучыла 430,000 еўра на рэабілітацыю рэпрэсаваных і былых палітзняволеных.
Таксама Швецыя спрасціла працэдуры легалізацыі для беларусаў: цяпер можна атрымаць шведскія дакументы з пратэрмінаваным пашпартам. Больш за тое, краіна змяніла ацэнку Беларусі – яна больш не лічыцца бяспечнай (раней гэта служыла прычынай для адмоваў беларусам у легалізацыі).
Пару дзён таму Більстром і Ціханоўская апублікавалі супольны артыкул, у якім гаворыцца пра тое, што падтрымка Беларусі з’яўляецца і будзе далей прыярытэтам замежнай палітыкі Швецыі.
Більстром і Ціханоўская абмеркавалі супольныя мерапрыемствы падчас генасамблеі ААН, і міністэрскай сустрэчы Паўночна-Балтыйскай васьмёркі (NB8 – пяць скандынаўскіх і тры балтыйскія краіны). Ціханоўская папрасіла міністра заклікаць іншыя краіны ахвяраваць на падтрымку рэпрэсаваных у Міжнародны гуманітарны фонд, які быў створаны на пачатку гэтага месяца ў Нарвегіі.
Ціханоўская распавяла пра сітуацыю з Палінай Шарэндай-Панасюк, канфіскацыю маёмасці беларусаў замежжа, крымінальныя справы супраць кандыдатаў у Каардынацыйную раду, а таксама пра сітуацыю з Галінай Краснянскай – шведскай грамадзянкай, асуджанай у Беларусі да 5 гадоў.
Асобна абмяркоўвалі санкцыі ў дачыненні да рэжым і ў прыватнасці калійных угнаенняў, а таксама тых, хто ўдзельнічае ў рэпрэсіях, і кампаніяў, якія пастаўляюць ваеннае абсталяванне ў Расію, у тым ліку паводле нашумелага расследавання BELpol.
Ціханоўская распавяла засцярогі беларусаў Швецыі наконт легалізацыі – у прыватнасці, каб шведскія органы не патрабавалі апастыль і дакументы, якія патрабуюць вяртання ў Беларусь.
Ціханоўская і Більстром абмеркавалі павелічэнне стыпендыяў для беларусаў, падтрымкі для медыя і культурніцкіх ініцыятываў, праграмы для беларускай моладзі, а таксама арганізацыю курсаў па дзяржаўным кіраванні і дыпламатыі для прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў.
«Я ўдзячная Швецыі, шведскаму ўраду і парламенту за падтрымку для пераменаў у Беларусі. Насамрэч Швецыя з’яўляецца прыкладам прынцыповасці і паслядоўнасці, і нашым надзейным саюзнікам» – падкрэсліла Ціханоўская.
Удзел у сустрэчы таксама брала спецпасланніца Швецыі па працы з дэмакратычнымі сіламі і былая амбасадарка ў Беларусі Крысціна Ёханэсан.