• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • У чым розніца паміж «very, deeply, strongly concerned» і «gravely, extremely, seriously concerned»? Выступ Ціханоўскай на Саміце за дэмакратыю

    10 снежня, 2021

    Прамова Святланы Ціханоўскай:

    «Перш за ўсё, я хачу падзякаваць прэзідэнту Байдэну за арганізацыю гэтага саміта.

    Прэзідэнт Наўседа,
    Паважаныя кіраўнікі дзяржаў, дарагія сябры,

    Дазвольце мне сказаць, што я адчуваю. Дазвольце мне быць самой сабой.

    Я злуюся.

    Тысячы маіх суграмадзян знаходзяцца ў турме, бо яны адважыліся выступіць супраць дыктатара.

    Усё пачалося як пратэст супраць сфальсіфікаваных выбараў, але стала барацьбой за годнасць і справядлівасць. Беларусы былі сытыя па горла 27 гадамі жыцця пры кіраванні краінай рэжымам. Яны адчувалі, што заслугоўваюць таго, каб іх паважалі, а іх галасы – чулі.

    За гэта мы працягваем плаціць вялікую цану. З мінулага года было затрымана 40000 чалавек. Многія падвяргаліся бясконцым допытам у КДБ. Многія падвяргаліся катаванням і прыніжэнням. Вы маглі бачыць іх прызнанні, запісаныя пад прымусам і апублікаваныя на YouTube. Многія загінулі. Больш за 300 тысяч былі вымушаныя бегчы. І больш за 900 былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі.

    Сярод іх мой муж Сяргей, які, хутчэй за ўсё, будзе асуджаны да 15 ці 20 гадоў пазбаўлення волі на наступным тыдні. Сёння я тут праз яго. Я не магу мірыцца з тым, што мае дзеці не бачылі свайго бацьку 18 месяцаў.

    Некаторыя маці ніколі больш не ўбачаць сваіх дзяцей. Як Алена Бандарэнка – маці мастака Рамана Бандарэнкі, забітага рэжымам. Некаторыя дзеці ніколі больш не ўбачаць сваіх бацькоў. Як Насця – дачка Аляксандра Тарайкоўскага, застрэленага ўнутранымі войскамі падчас мірнага пратэсту супраць сфальсіфікаваных выбараў.

    Я збітая з панталыку.

    Я не разумею, у чым розніца паміж словамі «very, deeply, strongly concerned» («мы вельмі глыбока, моцна занепакоеныя») і «gravely, extremely, seriously concerned» («мы надзвычай, сур'ёзна занепакоеныя»)?

    Я дагэтуль не магу зразумець, як адной групе галаварэзаў атрымліваецца тэрарызаваць усю Еўропу – з дапамогай захопу самалёта або арганізацыі незаконнага ўвозу мігрантаў. Чаму гэтыя людзі дагэтуль не сутыкнуліся з якімі-небудзь сур'ёзнымі наступствамі за свае бесчалавечныя дзеянні?

    Нядаўна я пачула ад аднаго міністра замежных спраў: «Мы зрабілі ўсё, што маглі, і нічога не спрацавала». У яго голасе чуліся расчараванне і стомленасць. На жаль.

    Але беларусы не могуць сказаць: «Мы зрабілі ўсё, што маглі, і нічога не атрымалася». Мы не можам вярнуцца дадому. У нас аднялі наш дом. І пакуль мы не вернем яго, мы не спынімся.

    Спадары і спадарыні, падтрымка дэмакратыі, падтрымка беларусаў – гэта працэс, а не разавае дзеянне. Міжнародная супольнасць значна мацнейшая, чым паказвае. Цягам апошніх 18 месяцаў я спрабавала зразумець, чаму дэмакратычныя краіны свету дзейнічаюць так неахвотна?

    Разам узятыя, гэтыя краіны з'яўляюцца самай магутнай сілай у сучасным свеце. Іх эканомікі велізарныя, яны валодаюць вялікім досведам і ўладай. Ёсць шмат бліскучых, харызматычных лідараў. Многія з іх сёння тут.

    Гэта лідары, якія сапраўды маглі б перамагчы дыктатуру, калі б толькі адважыліся на гэта. Калі б толькі зразумелі, што барацьба за нашую свабоду – гэта барацьба і за іх уласную свабоду таксама.

    Я не дасведчаны палітык. Але я не наіўная. Я шчыра веру ў сілу міжнародных інстытутаў і дэмакратычнай супольнасці. Магчыма, я веру ў іх больш, чым вы. Але гэтая вера зыходзіць з глыбіні майго сэрца – сэрца маці, жонкі і беларускі, якая горача жадае, каб яе краіна і яе народ былі свабоднымі.

    Дарагія сябры, дазвольце мне выказаць гэта простымі словамі. Уявіце, што ваш сусед – гвалтаўнік. Вы не можаце ігнараваць яго. Але і вы не можаце прымусіць яго змяніцца. Дык што ж вы можаце зрабіць? Вы можаце паспрабаваць супакоіць яго ці задаволіць яго патрабаванні. Але гэта толькі прымусіць крыўдзіцеля адчуць, што ён можа кантраляваць вас, што ён можа маніпуляваць вамі.

    Бо калі вы падатлівыя, вы губляеце глебу пад нагамі. 27 гадоў прыгнёту навучылі нас, што прымірэнне ніколі не працуе. Калі вы дасцё яму палец, ён адкусіць па локаць.

    Дазвольце мне ўнесці яснасць: дыктатараў нельга перавыхаваць. На індывідуальным узроўні, калі мы бачым гвалтаўніка, мы ведаем, што рабіць: даслаць агульнае паведамленне гучна і ясна, што такія паводзіны будуць мець наступствы. Гэты гвалтаўнік – праблема для ўсяго раёна, а не толькі для суседзяў злева ці справа.

    Чаму ж тады свет робіць так мала, калі гаворка заходзіць пра гвалт, які адбываецца зусім побач, у суседняй Беларусі?

    І якая ў нас ёсць надзея, калі мы не можам разам адстойваць нашыя ўласныя каштоўнасці?

    Спадары і спадарыні, я прапаную зрабіць наступны год годам сумеснага дзеяння. Годам, калі дэмакратыі дадуць адпор і вернуць сабе ініцыятыву.

    Каб зрынуць дыктатуру, нам, магчыма, і не спатрэбіцца ўраган. Гэта не тое, пра што мы, беларусы, просім вас. Проста дайце нам правільны парыў ветру ў правільным кірунку ў патрэбны момант. Бо, як мы ведаем, дыктатуры здаюцца ўсемагутнымі, пакуль раптоўна не перастаюць быць такімі. Як дрэвы, якія могуць расці высокімі і шырокімі – але іх карані заўсёды неглыбокія.

    Паважаныя спадары і спадарыні,

    Я ганаруся сваімі суайчыннікамі-беларусамі. Нашая барацьба працягваецца. Беларусы супрацьстаяць дыктатуры самааддана і з гонарам, нягледзячы на ​​жах і страх.

    Я адчуваю аптымізм. У нас зарадзілася якасна новая грамадзянская супольнасць. Людзі самаарганізаваныя і рашучыя. Яны больш не спадзяюцца на кагосьці іншага. Яны дзейнічаюць самі па сабе. Яны ствараюць структуры, якія стануць падмуркам новай Беларусі. Яны распрацоўваюць рэформы, распаўсюджваюць самвыд, збіраюць сродкі для падтрымкі пацярпелых і адно аднаго.

    Мы можам вызначыць будучыню дэмакратычнай Беларусі. І мы спадзяемся як на вашую дапамогу, так і на вашую паслядоўнасць.

    Дзякуй вам і Жыве Беларусь!»