Сёння Еўрапарламент прагаласаваў за рэзалюцыю па Беларусі «аб сістэматычных рэпрэсіях у Беларусі і іх наступствах для еўрапейскай бяспекі пасля выкраданняў з грамадзянскага самалёта ЕС, перахопленага беларускімі ўладамі».
Святлана Ціханоўская: «Ні ў каго – ні ў Беларусі, ні ў Еўропе – не застаецца сумненняў у тым, што гэты рэжым злачынны, што Лукашэнка трымае ўладу незаконна і што беларусы заслугоўваюць права на самавызначэнне. Рэзалюцыя Еўрапарламента дапамагае нам перайсці ад слоў да справы. Вельмі важна, каб ЕС з ЗША, Украінай, Вялікабрытаніяй дзейнічалі разам, звязана і паслядоўна, каб дапамагчы беларускаму народу дамагчыся таго, за што ён змагаецца кожны дзень, – свабодных выбараў і дэмакратычных рэформаў».
Да чаго ў рэзалюцыі заклікае Еўрапарламент?
1. Інцыдэнт з самалётам, арышт Рамана Пратасевіча, расследаванне злачынстваў рэжыму:
- Неадкладна і безумоўна вызваліць Рамана Пратасевіча, Соф'ю Сапегу, іншых палітычных зняволеных у Беларусі.
- Міжнародную арганізацыю грамадзянскай авіяцыі і Еўрапейскае агенцтва па бяспецы палётаў – расследаваць і прыняць належныя меры ў сувязі з гэтым непрымальным інцыдэнтам. Вывучыць магчымую ролю Расіі ў тэрарыстычных актах, учыненых беларускім рэжымам.
- Інтэрпол – старанна разглядаць запыты Беларусі на «чырвоныя паведамленні» і прымаць адпаведныя меры для прадухілення злоўжывання Беларуссю ў выкарыстанні Інтэрпола ў палітычных мэтах.
- Пашырыць санкцыі на адказных за інцыдэнт з самалётам Ryanair, а таксама на тых, хто працуе на прапаганду, дэзінфармацыю з боку рэжыму, у прыватнасці на Марата Маркава, чыю гутарку са зняволеным Раманам Пратасевічам паказалі на АНТ.
- Стварыць міжнародны трыбунал для расследавання злачынстваў беларускага рэжыму і Лукашэнкі, а таксама змагацца з беспакаранасцю рэжыму (праз Платформу беспакаранасці Еўрапейскага парламента, Цэнтр правасуддзя ЕС і сеткі ўніверсальнай юрысдыкцыі).
- Адхіліць Беларусь ад удзелу ў міжнародных спартовых мерапрыемствах, уключаючы чэмпіянаты Еўропы і свету і Алімпійскія гульні ў Токіа, а таксама забраць у Белтэлерадыёкампаніі правы на трансляцыю матчаў Еўра-2020 і перадаць гэтыя правы Белсату.
2. Эканоміка і бізнес:
- ЕП далучаецца да закліку запрасіць прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі на саміт G7 і саміт Усходняга партнёрства.
- Еўракамісію, усе краіны ЕС, МВФ – адмовіцца ад любой фінансавай падтрымкі рэжыму.
- Еўракамісію – прыняць меры па недапушчэнні набыцця еўрапейскімі фінансавымі ўстановамі аблігацый, выпушчаных беларускім урадам і афіляваныя дзяржаўнымі ўстановамі.
- Еўрапейскія кампаніі, у прыватнасці Siemens AG, – адмовіцца ад супрацоўніцтва з уладамі Беларусі.
- Еўрапейская Рада – увесці эканамічныя санкцыі супраць беларускага рэжыму, памагатых, дзяржаўных і прыватных кампаній, якія з'яўляюцца «кашалькамі» рэжыму і якія падвяргаюць супрацоўнікаў рэпрэсіям. Таксама Еўрапарламент заклікае да сектаральным санкцый супраць канкрэтных сфер эканомікі: нафта і нафтапрадукты, калійная, сталеліцейная і дрэваапрацоўчая прамысловасць.
- Разглядзець магчымасць часова адключыць Беларусь ад аплатнай сістэмы SWIFT.
- Краіны ЕС – узмацніць меры супраць кантрабанды цыгарэт з Беларусі ў Еўрасаюз.
3. Дапамога беларускаму грамадству:
- Развіваць Усёабдымны план эканамічнай падтрымкі будучай дэмакратычнай Беларусі на суму 3 мільярды еўра. Аказаць дапамогу, каб вывесці Беларусь на шлях рэформаў і мадэрнізацыі.
- Павялічыць прамую падтрымку і ўзаемадзеянне з грамадзянскай супольнасцю, дэмакратычнымі сіламі, праваабаронцамі і незалежнымі СМІ ў Беларусі і за мяжой.
- ЕС – правесці канферэнцыю высокага ўзроўня па выхадзе Беларусі з крызісу з удзелам міжнародных фінансавых інстытутаў, краін G7, дзяржаў-чальцоў і ўстаноў ЕС і інш.
Таксама ў рэзалюцыі Еўрапарламент зноў заяўляе пра непрызнанне Аляксандра Лукашэнкі як прэзідэнта Беларусі, называе рэжым у Беларусі нелегітымным і злачынным, а таксама падтрымлівае заклік да новых свабодных выбараў.