«Як святкаваць Вялікдзень зараз? Як святкаваць, калі столькі беларусаў без віны кінутыя за краты? Як святкаваць, калі ва Украіне з-за развязанай Расіяй вайны гінуць мірныя людзі, а войскі агрэсара стаяць на тваёй, беларускай зямлі?
Сэнс Вялікадня – перамога дабра над злом. Дыктатура хоча, каб мы ненавідзелі – і мы павінны любіць і клапаціцца адно пра аднаго яшчэ мацней, чым калі-небудзь раней. І ўсё ж я веру ў лепшае. Я веру ў сілу даверу паміж блізкімі людзьмі. Я ўпэўненая, што беларусы больш давяраюць сваім сем'ям, а не людзям з тэлевізара, які выпраменьвае смяротныя дозы хлусні.
Віншуючы з Вялікаднем праваслаўных хрысціянаў, я хацела б асабліва ўзгадаць вязняў сумлення і іх сем'і. Я веру: нашыя каханыя выйдуць на волю. І гэта адбудзецца тады, калі нашая здольнасць адрозніваць дабро ад зла стане імпульсам да нацыянальнага руху – руху вяртання ў Беларусь бяспекі, незалежнасці і свабоды. Каб свята Вялікадня мы зноў сустракалі разам у коле ўсёй сваёй сям'і.
Хрыстос уваскрос!
Жыве Беларусь!
Слава Україні!»