Прадстаўляем агляд ключавых падзеяў красавіка 2026 года ў сферы адукацыі і навукі, падзелены на два блокі — падзеі ў Беларусі і падзеі па-за яе межамі.
Агляд падрыхтаваны дарадцам Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Паўлам Церашковічам.
Падзеі ў Беларусі
- Мілітарызацыя адукацыі.
У красавіку быў абвешчаны новы парадак правядзення вучэбна-палявых збораў для вучняў сярэдніх школ. Яны абавязковыя для хлопцаў 16—17 гадоў, якія скончылі 10 клас. У параўнанні з мінулым годам працягласць збораў павялічана да 10 дзён і яны праводзяцца «ва ўмовах, набліжаных да ўмоў воінскай часці ў фармаце кругласутачнага знаходжання вучняў».
Для дзеўчын пры гэтым прадугледжана правядзенне практычных заняткаў па медыцынскай падрыхтоўцы на базе ўстаноў аховы здароўя, рэгіянальных падраздзяленняў Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа.
Міністэрства адукацыі падкрэслівае, што той, хто не пройдзе зборы, не будзе залічаны ў 11 клас.
- Уплыў Рускага міру
Фонд «Рускі мір» пашырае свой уплыў у Беларусі. Спецыяльная аўдыторыя будзе створаная на філфаку Гомельскага дзяржуніверсітэта. Пра гэта абвясціў галоўны праектны менеджар фонду Сяргей Улiцiн. Фонд «Рускі мір» — расійская дзяржаўная структура, якая займаецца прасоўваннем рускай мовы і культуры за мяжой. На самой справе аніякіх праблем з расійскай мовай у Беларусі не існуе.
- Сумеснае пасяджэнне міністэрскіх калегіяў Беларусі і Расіі
Сумеснае пасяджэнне калегіяў Міністэрства адукацыі Беларусі і Міністэрства асветы Расіі адбылося 8 красавіка 2026 г. у Смаленску. Асобая ўвага надавалася пашырэнню дзейнасці Асацыяцыі каледжаў Беларусі і Расіі (сёння — 882 установы), рэалізацыі праграмы бесперапыннага выхавання дзяцей і моладзі на 2026–2028 гг., арганізацыі патрыятычных мерапрыемстваў для навучэнцаў і педагогаў. Сумесныя пасяджэнні міністэрскіх калегіяў — адна з формаў уцягвання Беларусі ў арбіту Рускага міру.
- Беларусь прапаноўвае 850 месцаў для расійскіх абітурыентаў
У 2026 г. Міністэрства адукацыі Беларусі прапаноўвае 850 месцаў для расійскіх абітурыентаў з навучаннем за кошт дзяржаўнага бюджэту. Паведамляецца, што на іх пашыраюцца тыя ж сацыяльныя гарантыі, што і для грамадзян Беларусі. У тым ліку — абавязковая 2-х гадовая адпрацоўка пасля завяршэння навучання. Прапанова Міністэрства з’яўляецца часткай неабвешчанай вайны за моладзь — адказ на прадстаўленне Расіяй 1300 стыпендыяў для навучання ў расійскіх універсітэтах. У параўнанні з мінулым годам прапанова беларускага боку скарацілася на 150 месцаў.
- Скасаванне платнай медычнай адукацыі
З новага навучальнага года ў Беларусі скасоўваецца платная адукацыя па медыцынскіх спецыяльнасцях. Гэта азначае, што ўсе будучыя выпускнікі будуць абавязаныя адпрацаваць 2 гады ў дзяржаўных установах пасля заканчэння навучання. Той, хто прымаецца на ўмовах мэтавага набору (да 45–70% студэнтаў), — яшчэ больш — 5 гадоў. Такім чынам вырашаецца праблема вострага дэфіцыту медычных супрацоўнікаў: у Рэспубліканскім банку вакансіяў на 6 красавіка паводле запыту «ўрач-спецыяліст» фігуруе 2.627 вакансіяў, паводле запыту «медыцынская сястра» — 2.312.
- Нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі
28 красавіка 2026 г. было праведзена Нацыянальнае даследаванне якасці адукацыі. У ім прынялі ўдзел 20 тысячаў навучэнцаў, якія дасягнулі 15-гадовага ўзросту. Мэта даследавання — праверыць узровень пісьменнасці па навыках чытання, у галінах матэматыкі, фінансаў і прыродазанаўчых ведаў. Паведамляецца, што ўсе заданні створаны выключна айчыннымі экспертамі і пабудаваны на беларускім кантэксце.
Пасля 2018 г. Беларусь адмовілася ад удзелу ў аналагічным па змесце міжнародным даследаванні PISA. Мадэль сёлетняга даследавання была пазычаная ў Расіі, але не тоесная яму. Такі падыход не дазваляе параўноўваць узровень адукацыі ў міжнародным кантэксце і замацоўвае міжнародную ізаляцыю Беларусі. Першае НДЯА было праведзена ў 2023 г., але яго вынікі не трапілі ў публічную прастору.
- Узмацненне кантролю над таленавітай моладдзю
У красавіку Міністэрства адукацыі Беларусі змяніла парадак фармавання, вядзення і выкарыстання банкаў звестак таленавітай моладзі, прадстаўнікі якой маюць ільготы або атрымліваюць стыпендыі Аляксандра Лукашэнкі. У пастанове адзначаецца, што выключаць з гэтых спісаў будуць тых, хто атрымлівае адукацыю за мяжой без дазволу дзяржавы, мае замежныя дакументы, якія даюць права на льготы або перавагі ў сувязі з нацыянальнай прыналежнасцю (перш за ўсё маецца на ўвазе Карта паляка), а таксама за злачынствы «экстрэмісцкай» накіраванасці.
- Публічны пратэст супраць злоўжыванняў у сістэме адукацыі
Больш за 140 тыс. праглядаў набраў публічны зварот выкладчыка Універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Дзмітрыя Аношкі да Аляксандра Лукашэнкі. У ім аўтар пазначыў цэлы шэраг праблем, у тым ліку — заробкаў, парушэння правілаў здачы іспытаў і адлічэння з ВНУ, катастрафічнага зніжэння якасці падрыхтоўкі студэнтаў. Са слоў студэнтаў вядома, што Дзмітры Аношка адносіцца да ліку лепшых выкладчыкаў Універсітэта. Таксама паведамляецца аб яго суцэльнай лаяльнасці палітычнаму рэжыму ў краіне.
Падзеі ў замежжы
- Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт абвешчаны экстрэмісцкай арганізацыяй
14 красавіка 2026 г. Вярхоўны суд Беларусі прызнаў ЕГУ экстрэмісцкай арганізацыяй. Гэта рашэнне з’яўляецца грубым парушэннем міжнароднага права і ўмяшальніцтвам ва ўнутраныя справы Літвы, дзе афіцыйна зарэгістраваны Універсітэт. Яно ставіць пад пагрозу крымінальнага пераследу выкладчыкаў, супрацоўнікаў, выпускнікоў, студэнтаў і іх бацькоў. Гэта найбольш сур’ёзны выклік існаванню ЕГУ з моманту яго закрыцця ў Мінску ў 2004 г.
Еўрапейскі саюз, Міністэрства адукацыі, навукі і спорту і Міністэрства замежных спраў Літвы, Беларускія дэмакратычныя сілы рашуча асудзілі рашэнне рэжыму Лукашэнкі.
- Апублікаваная новая частка даследавання пра беларускія гаворкі ў Літве
У красавіку быў апублікаваны другі том манаграфіі Міраслава Янковяка «Сучасныя беларускія гаворкі ў Літве. Том 2: Шальчынінкайскі раён». Выданне было зроблена пры падтрымцы Інстытута літоўскай мовы. Яно змяшчае нарыс сацыялінгвістычнай сітуацыі ў рэгіёне і апісанне мясцовых беларускіх гаворак (фанетыка, марфалогія, сінтаксіс, лексіка). Да тэксту дададзены тэматычны слоўнік, прыклады маўлення і фотаздымкі.
- Круглы стол «Беларускія даследчыкі і даследаванні Беларусі ў нямецкамоўнай прасторы»
9 красавіка 2026 г. адбыўся анлайн круглы стол «Беларускія даследчыкі і даследаванні Беларусі ў нямецкамоўнай прасторы». Суарганізатарамі выступілі Форум гістарычных даследаванняў Беларусі Нямецкага таварыства даследавання Усходняй Еўропы, Беларускі даследчы ўнівэрсытэт імя Астафея Валовіча і Беларуская асацыяцыя адукацыі і навукі.
Удзельнікі адзначылі наяўнасць добрай інфраструктуры і традыцыі беларусазнаўства ў Германіі, а таксама ролю медыяпраекта Дэкодар. Аднак, нягледзячы на рост цікавасці да Беларусі, увага да яе значна меншая ў параўнанні з Расіяй і Украінай. Часта даследаванні Усходняй Еўропы закранаюць Беларусь, але не ствараюць беларускацэнтрычнай перспектывы. Пры гэтым, на думку ўдзельнікаў, значэнне Беларусі куды большае, чым ступень увагі.
Круглы стол быў праведзены ў межах ініцыятывы дзеля развіцця супольнасці праграмы Еўрапейскага Саюза EU4BELARUS: Support to Advanced Learning and Training (SALT II).
- Калектыўная манаграфія па дэкаланізацыі
Кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта выпусціла калектыўную манаграфію «Беларусь вачыма моладзі: даследаванні па дэкаланізацыі». Аўтарамі тэкстаў сталі маладыя навукоўцы з Варшаўскага ўніверсітэта, ЗША, а таксама незалежныя даследчыкі. Аб’ектамі даследавання сталі кананічныя тэксты Канстанціна Каліноўскага, Францішка Багушэвіча і Вацлава Ластоўскага, творчасць сучасных аўтараў (Альгерда Бахарэвіча, Уладзіміра Някляева), тэмы становішча габрэяў у Беларусі падчас Першай сусветнай вайны, адлюстравання Халакосту ў тэатры, лёс беларускага правапісу.
- Семінар «Інстытуцыйная будучыня і практычныя рашэнні: магчымасць стварэння беларускага ўніверсітэта ў выгнанні»
Анлайн семінар «Інстытуцыйная будучыня і практычныя рашэнні: магчымасць стварэння беларускага ўніверсітэта ў выгнанні» адбыўся 21 красавіка 2026 г.
Удзельнікі правялі абмеркаванне сітуацыі, якая склалася вакол ЕГУ пасля яго абвяшчэння экстрэмісцкай арганізацыяй. Адбылася прэзентацыя праекта Беларускага даследчага ўніверсітэта імя Астафея Валовіча. Асобна былі прааналізаваны прыклады стварэння навучальных устаноў і даследчых цэнтраў эмігрантскімі супольнасцямі, у тым ліку Украінскага інстытута ў Гарвардзе, Украінскага ўніверсітэта ў Мюнхене, Універсітэта Тэхніон у Палесціне і г. д.
Семінар быў праведзены ў межах праекта, прысвечанага вывучэнню і аналізу стану беларускай гістарычнай навукі на выгнанні. Праект рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы праграмы EU4Belarus: Support to Advanced Learning and Training (SALT II), якая фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.
- Прэзентацыя манаграфіі «Беларусы ў Літоўскай Рэспубліцы (1918-1940)»
Прэзентацыя кнігі доктара гісторыі, выкладчыка Універсітэта Вітаўта Вялікага Томаша Блашчака адбылася 15 красавіка 2026 г. у Віленскім беларускім музеі імя Івана Луцкевіча. Манаграфія асвятляе жыццё беларускай меншасці ў міжваеннай Літве. Аналізуецца становішча беларусаў пасля атрымання Літвой незалежнасці, іх удзел у дзяржаўным жыцці, дзейнасць беларускіх школ, арганізацыяў, выдавецтваў. Кніга з’яўляецца важным навуковым унёскам у разуменне гісторыі беларуска-літоўскіх адносін і ролі беларусаў у Літоўскай Рэспубліцы таго перыяду.