Паводле праваабарончага цэнтра «Вясна», палітвязня Уладзіміра Кнігу будуць судзіць ужо трэці раз за «злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі». Рэжым у чарговы раз выкарыстоўвае артыкул 411 Крымінальнага кодэкса як інструмент ціску на палітвязняў.
Гэта паказальны прыклад сістэмнай практыкі, калі ў месцах пазбаўлення волі фабрыкуюцца «парушэнні», каб штучна падаўжаць тэрміны зняволення. Трэці запар крымінальны пераслед паводле аднаго і таго ж артыкула сведчыць пра мэтанакіраваную палітыку рэпрэсіяў.
Па звестках праваабаронцаў, на сённяшні дзень па арт. 411 асуджаныя больш за 80 палітвязняў, 45 з якіх знаходзяцца ў зняволенні. Пад пераслед трапляюць як тыя, у каго ўжо сканчаецца асноўны тэрмін, так і тыя, каго асудзілі на 15–20 гадоў.
Як працуе гэты механізм:
– фіксуюцца нязначныя або выдуманыя «парушэнні» (форма адзення, «непадпарадкаванне», адмова ад прыніжальных патрабаванняў);
– накладаюцца дысцыплінарныя спагнанні (ШЫЗА, ПКТ, турэмны рэжым);
– пасля паўторных «парушэнняў» узбуджаецца крымінальная справа паводле арт. 411.
Леанід Марозаў, дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях:
«Прымяненне артыкула 411 Крымінальнага кодэкса — гэта сістэмны інструмент палітычных рэпрэсіяў, які выкарыстоўваецца для штучнага падаўжэння зняволення палітвязняў. Гэтая практыка супярэчыць базавым прынцыпам права, у тым ліку забароне паўторнага пакарання і праву на свабоду і асабістую недатыкальнасць.
Фактычна надуманыя дысцыплінарныя «парушэнні» ператвараюцца ў крымінальныя злачынствы, што дазваляе рэжыму трымаць чалавека ў зняволенні неабмежавана доўга.
Такая практыка мае выразна рэпрэсіўны і выбарачны характар і на міжнародным узроўні прызнаная недапушчальнай».
