Дарагія сябры.
Dear Excellencies, dear friends,
На пачатку я хацела б ушанаваць памяць Мікіты Мелказёрава. Учора Беларусь страціла вялікага сына — таленавітага журналіста, чалавека, які рупліва працаваў дзеля Беларусі і пастаянна падымаў тэму палітвязняў.
Гэта вялікая страта для ўсяго беларускага народа. Нам усім будзе вельмі цябе не хапаць, Мікіта. Зямля табе пухам.
Мікіта вельмі перажываў за нашых палітзняволеных, і я рада, што многія з іх ужо на волі.
Я вітаю вас сёння і дзякую за вашу стойкасць, мужнасць і за тое, што вы нарэшце з намі.
Я хачу падзякаваць усім, хто меў дачыненне да гэтых вызваленняў — найперш прэзідэнту ЗША Дональду Трампу, спецыяльнаму пасланніку Джону Коўлу, Крысу Сміту, амерыканскім дыпламатам — за бліскучую гуманітарную аперацыю. Тое, што адбылося, — гэта вызваленне закладнікаў. Але наша наступная задача — дамагчыся вызвалення ўсіх.
Таксама дзякуй Еўрапейскаму саюзу і ўсім краінам, якія ўсе гэтыя гады прынцыпова і паслядоўна дамагаюцца вызвалення палітвязняў. Гэтых вызваленняў магло б не быць без еўрапейскага ціску і амерыканскай дыпламатыі.
Як вы ведаеце, з 123 вызваленых 87 прыбылі ў Польшчу, 2 — у Германію.
28 чалавек прыбылі ў Літву, з іх 20 — праз Украіну.
У Літву таксама былі вывезеныя 7 чалавек з замежным або падвойным грамадзянствам, і імі апякуюцца іх дзяржавы.
Вываз вялікай групы людзей праз Украіну стаў нечаканасцю, але Украіна прыняла іх з вялікай цеплынёй і аказала максімальную дапамогу.
Я хачу падзякаваць украінскаму боку — найперш Офісу Прэзідэнта Украіны, прэзідэнту Зяленскаму асабіста, Галоўнаму ўпраўленню разведкі і асабіста Кірылу Буданаву, а таксама ўкраінскай грамадзянскай супольнасці. Украіна, якая сама знаходзіцца ў стане вайны, прадэманстравала неймаверны ўзровень салідарнасці.
Перад намі стаяла няпростая задача — перавезці вызваленых на тэрыторыю Еўрапейскага саюза, дзе ўжо была падрыхтаваная дапамога. І тут я хачу асобна адзначыць падтрымку Польшчы, Літвы, ЗША і, безумоўна, Украіны. Асабліва складаным гэта было таму, што 20 чалавек былі вывезеныя без якіх-небудзь дакументаў.
Тут, у Літве, вызваленыя ўжо атрымалі базавую дапамогу і рыхтуюцца да працэсу легалізацыі. Мы бачым і вельмі цэнім падтрымку Літвы.
І ў Літве, і ў Польшчы была створана сістэма прыёму вызваленых палітвязняў. Асобна хачу адзначыць працу беларускіх ініцыятыў, валанцёраў, праваабаронцаў і міжнародных партнёраў — у першую чаргу Freedom House, Міжнароднага гуманітарнага фонду, «Вясны», СДЖ, «Вольныя», BYSOL, «Дысідэнт.by», Беларускага дома правоў чалавека, Беларускага пашпартнага цэнтра, БАЖ, а таксама Літоўскага Чырвонага Крыжа — гэта быў наш першы досвед такой цеснай супрацы.
Дзякую Аб’яднанаму пераходнаму кабінету і Вользе Зазулінскай, якая каардынавала вялікую частку працы, а таксама Святлане Шацілінай, кіраўніцы нашай місіі ў Кіеве, якая суправаджала вызваленых да самай Вільні.
За двое сутак беларусы сабралі больш за 250 тысяч еўра дапамогі для вызваленых. Я ўражаная гэтым узроўнем салідарнасці. Гэтыя сродкі дапамогуць забяспечыць людзей самым неабходным.
Але нават гэтага недастаткова. Мы звяртаемся да міжнародных партнёраў з просьбай павялічыць падтрымку дапамогі рэпрэсаваным — праз Міжнародны гуманітарны фонд і беларускіх праваабаронцаў.
Так, мы рады бачыць людзей на волі і вітаем гэты крок з боку рэжыму.
Але мы не забываем, што за кратамі застаюцца больш за 1100 чалавек, у тым ліку Анджэй Пачобут, Валянцін Стэфановіч, Марфа Рабкова, Мікалай Статкевіч, Кацярына Андрэева і сотні іншых. З’яўляюцца новыя палітвязні. Каток рэпрэсій працягваецца і ўзмацняецца.
Мы патрабуем поўнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў і, самае важнае, спынення рэпрэсій. Усе палітычна матываваныя крымінальныя справы павінны быць закрытыя. Вызваленыя павінны мець права самастойна выбіраць — заставацца ці з’ехаць, а тыя, хто ў выгнанні, павінны мець магчымасць бяспечна вярнуцца дадому.
Мы працягнем працаваць з міжнароднымі партнёрамі, каб дабіцца гэтых мэтаў.
Ціск і санкцыі на рэжым павінен захоўвацца, пакуль працягваюцца рэпрэсіі, тэрор супраць беларусаў, а рэжым працягвае ўдзел у злачыннай вайне супраць Украіны і вядзе гібрыдныя атакі супраць Літвы і Польшчы.
Напрыканцы хачу падзякаваць прадстаўнікам прэсы, якія пастаянна падымаюць тэму палітвязняў. Дзякуй за вашу працу. Чым больш мы будзем пра гэта гаварыць, тым хутчэй убачым усіх на свабодзе.
