«Для беларусаў і беларусак гэтая тэма асабліва балючая. Пасля 2020 года Беларусь перажыла самую маштабную хвалю вымушанай эміграцыі ў сваёй сучаснай гісторыі. Краіну пакінулі ад 500 да 600 тысяч чалавек. Дзясяткі тысячаў зламаных лёсаў і разлучаных сем’яў.
Краіну дагэтуль пакідае вялічэзная колькасць людзей, бо адчуванне небяспекі за свае пераканнані не знікае. Пагроза арышту і крымінальных справаў прымусілі людзей шукаць бяспеку за мяжой. Шмат для каго гэта быў не выбар у пошуках лепшага жыцця, а неабходнасць захаваць свабоду.
Нават за межамі краіны рэжым працягвае ціск, а родных у Беларусі шантажуюць і запалохваюць. У выніку эміграцыя становіцца працягам рэпрэсій з пастаянным пачуццём уразлівасці і няпэўнасці.
Але разам з гэтым я заўсёды бачу, што беларусы не пакідаюць адно аднаго. Праваабарончыя і валанцёрскія арганізацыі дапамагаюць з легалізацыяй, дакументамі, адаптацыяй і падтрымліваюць у самых складаных сітуацыях.
Шмат беларусаў заплацілі высокую цану за права заставацца сабой. І я ведаю, што мы захаваем і пранясем гэтую годнасць да моманту, калі нарэшце вернемся дадому».
