Адным з палітвязняў з’яўляецца муж Святланы Ціханоўскай – Сяргей Ціханоўскі. Яго асудзілі да 19,5 гадоў за кратамі. Як і шэраг іншых палітвязняў, Сяргей утрымліваецца ў рэжыме інкамунікада – з імі няма сувязі ні ў адвакатаў, ні ў сям’і.
Ключавы напрамак працы Офіса Святланы Ціханоўскай – падтрымка палітзняволеных і высілкі па іх вызваленні. Ніжэй вы можаце прачытаць кароткія звесткі пра сітуацыю з палітвязнямі і даведацца, што мы ўжо робім і як можаце дапамагчы вы.
З 2020 года ў Беларусі каля 65 тысяч людзей прайшлі праз затрыманні і ізалятары.
Людзі сутыкаюцца з працяглым
пераследам і катаваннямі, рэпрэсіі зазнаюць і іх родныя.
Не менш за 1945 чалавек адбылі пакаранне і выйшлі на волю.
Некаторых вязняў утрымліваюць інкамунікада, без сувязі са знешнім светам. 6 палітзняволеных рэжым закатаваў да смерці.
Многія выпадкі пераследу невядомыя праваабаронцам, бо прызнанне палітвязнем можа пагоршыць стан чалавека ў турме.
97% людзей, якія былі ў калоніях па палітычных матывах, адзначаюць, што сутыкнуліся з псіхалагічным гвалтам.
22% гавораць пра фізічны гвалт.
«Кожны дзень у зняволенні – гэта яшчэ адзін дзень, які палітвязні аддаюць за вольную Беларусь. Кожны дзень палітвязняў за кратамі павінен быць днём нашага змагання за іх свабоду
Калі ласка, гучна гаварыце пра нашых палітвязняў. Падтрымлівайце іх і іх сем’і лістамі, пасылкамі і данатамі, калі гэта бяспечна для вас. Не існуе маленькай дапамогі.
Усе нашыя дзеянні складаюцца ў вялікую справу».
Святлана Ціханоўская
Калі для вас гэта бяспечна, вы можаце праінфармаваць сваіх знаёмых ці падпісантаў (-ак) пра сітуацыю ў Беларусі і спосабы дапамагчы палітвязням.
Dissidentby запрашае вядомых беларусаў і беларусак, ініцыятывы і арганізацыі станавіцца вартаўнікамі (-ніцамі) палітвязняў. Калі вы парламентарый, запрашаем далучыцца да кампаніі Libereco. Вы атрымаеце кантакт родных палітвязня і зможаце дамовіцца пра практычную дапамогу.
Даслаць ліст палітзняволенаму (-ай) можна проста і бясплатна праз сайт Dissidentby ці праз адмысловую форму валанцёрскай ініцыятывы.
Што ўкласці і як даслаць – чытайце ў інструкцыі ад ПЦ «Вясна».
Глядзіце спіс ініцыятыў дапамогі ніжэй.
Ініцыятыва «Вольныя паштоўкі» знаходзіць творчасць палітвязняў, расказвае гісторыі гэтых твораў, стварае з імі мерч і прадукты, а таксама збірае данаты на дапамогу зняволеным. Мэта ініцыятывы – зняць з палітвязняў стыгму «злачынцаў», якую навязвае прапаганда.
Сабраныя ініцыятывай данаты перанакіроўваюцца арганізацыі Dissidentby, якая робіць перадачы ў месцы зняволення.
Dissidentby збірае інфармацыю пра крымінальны і адміністрацыйны палітычны пераслед.
Таксама Dissidentby аказвае матэрыяльную падтрымку палітвязням, у тым ліку фінансуе збор перадач, пасылак і грашовыя пераводы. Ініцыятыва дапамагае былым палітвязням знайсці працу.
Праз сайт Dissidentby можна бясплатна напісаць ліст палітвязню.
Напісаць ліст: https://dissidentby.com/by/letter
Ініцыятыва «Напішы ліст палітвязню» арганізуе штотыднёвыя сустрэчы для пісьмаў палітвязням і вядзе праект «Банк лістоў».
Мэты ініцыятывы ўключаюць пісьмовую падтрымку тых, хто знаходзіцца ў турме, і павышэнне інфармаванасці пра сітуацыю з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі.
Далучыцца да сустрэчы можна праз старонку ў Instagram або на сайце Беларускага моладзевага хаба.
Ініцыятыва «Volnyja» дапамагае былым палітвязням з рэсацыялізацыяй пасля вызвалення, забяспечвае медыцынскую, фінансавую і псіхалагічную падтрымку.
Ініцыятыва таксама арганізуе ментарскую праграму. Ментары – гэта людзі, якія падтрымліваюць былых вязняў падчас цяжкага шляху рэсацыялізацыі. Стаць ментарам можа кожны і кожная.
Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі — спецпраект праваабарончай арганізацыі Прававая ініцыятыва, заснаваны разам з беларускімі і міжнароднымі праваабаронцамі.
Камітэт фіксуе выпадкі катаванняў, лабіруе інтарэсы пацярпелых беларусаў (-ак), суправаджае пацярпелых юрыдычна, аналізуе інфармацыю пра катаванні і займаецца публічнай камунікацыяй.
Фонд BYSOL аказвае фінансавую дапамогу палітвязням і іх сем’ям, а таксама падтрымлівае тых, хто вызваліўся, і іншых рэпрэсаваных. Асноўная мэта фонду – стымуляванне да ўзаемадапамогі ў крызісных сітуацыях.
На сайце фонду вы можаце зрабіць данат на адрасны збор на карысць аднаго чалавека ці сям’і, ці на агульны збор.
Фонд таксама дапамагае з эвакуацыяй ахвяраў рэпрэсій.
Асацыяцыя палітвязняў Беларусі аб’ядноўвае былых палітвязняў, якія апынуліся ў вымушанай эміграцыі з-за сваёй палітычнай актыўнасці і грамадзянскай пазіцыі.
Асацыяцыя дапамагае былым палітвязням асвоіцца на новым месцы, кансультуючы іх па пытаннях інтэграцыі, юрыдычнай і сацыяльнай адаптацыі, а таксама забяспечвае падтрымку ў вырашэнні цяжкасцяў у першыя месяцы пасля пераезду.
Інфармацыйна-кансультацыйная платформа дапамагае людзям, якія выйшлі з турмы, атрымліваць усю неабходную інфармацыю пра падтрымку пасля рэпрэсій у Беларусі. На платформе можна бясплатна і канфідэнцыяльна звязацца з аператаркай і атрымаць кансультацыю аб дапамозе ў той краіне, дзе вы знаходзіцеся.
Dapamoga – гэта некамерцыйная валанцёрская арганізацыя, супольнасць неабыякавых людзей, якая складаецца з актывістаў (-к) Літвы і Беларусі.
Dapamoga падтрымлівае рэлакантаў (-к) у Літве ў пошуку жылля, працы, медычнага абслугоўвання, псіхалагічнай дапамогі і ў іншых патрэбах. У Dapamoga ёсць цэнтр ведаў з базавай інфармацыяй пра жыццё ў Літве.
Офіс дэмактарычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы дапамагае былым палітзняволеным, якія апынуліся ў Чэхіі ці накіроўваюцца туды, з пытаннямі легалізацыі і адаптацыі, звязвае з чэшскімі няўрадавымі арганізацыямі, дзе рэпрэсаваныя беларусы і беларускі могуць атрымаць першасную фінансавую і псіхалагічную падтрымку.
Звязацца з пражскім Офісам можна праз электронную пошту, а ў крызісных сітуацыях лепш пісаць у месенджары.
Служба «Хуткай гуманітарнай дапамогі» – гэта чатыры арганізацыі, якія дапамагаюць рэпрэсаваным: BY_Help, BYSOL, Dissidentby, «Краіна для жыцця». Разам яны прапаноўваюць пацярпелым увесь магчымы спектр падтрымкі – ад аплаты штрафаў, паслугаў адвакатаў і падтрымкі сем’яў палітычных вязняў да эвакуацыі, рэабілітацыі і інтэграцыі за мяжой.
Кантакт для сувязі па канкрэтным пытанні можна знайсці на сайце.
Праект дапамагае дыстанцыйна і бяспечна атрымаць кансультацыю тым, хто адчувае недахоп медыцынскай дапамогі. Праз «еЗдароўе» вы можаце атрымаць анлайн-кансультацыю са спецыялістам (-кай) патрэбнага профілю. Таксама даступны сэрвіс псіхалагічнай дапамогі. Платформа не патрабуе абавязковай аплаты паслугаў.
RE:BELarus – каманда аднадумцаў, у якую ўваходзяць былыя палітвязні і рэпрэсаваныя з Беларусі. Калі звярнуцца па дапамогу ў RE:BELarus, з вамі падзеляцца інфармацыяй пра працоўныя месцы, арэнду, дакументы ў Літве і інш. Вам падкажуць, куды звярнуцца па медыцынскую дапамогу, дзе знайсці курсы мовы і перакваліфікацыі, а таксама якія беларускія арганізацыі займаюцца праблемамі палітвязняў і рэпрэсаваных.