Прадстаўляем агляд ключавых падзеяў лютага 2026 года ў сферы адукацыі і навукі, падзелены на два блокі — падзеі ў Беларусі і падзеі па-за яе межамі.
Агляд падрыхтаваны дарадцам Святланы Ціханоўскай па пытаннях адукацыі і навукі Паўлам Церашковічам.
Падзеі ў Беларусі
- Інтэрнэт партал беларускіх казак
Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі запусціла партал беларускіх казак у аўтэнтычных аўдыёзапісах. У аснову пакладзена калекцыя зробленая супрацоўнікамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору з канца 1960-х да 2000-х гадоў. Аўдыязапісы суправаджаюцца падрабязнай расшыфроўкай і пашпартам: хто, дзе і калі распавядаў. Зборы беларускай фальклорнай спадчыны адносяцца да ліку самых багатых у Еўропе.
- Зачыняецца недзяржаўная ВНУ
Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва спыняе сваю дзейнасць. Ён пачаў сваю парцу 1993 г. У 2017 г. у Інстытуце навучалася 1100 студэнтаў і працавала 80 штатных выкладчыкаў. У 2024 годзе Міністэрства адукацыі не ўзгадніла план прыёму ў інстытут, што і прывяло да яго закрыцця. Паведамляецца, што апошнія 59 пераведзены ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Інфармацыі аб лёсе выкладчыкаў у публічнай прасторы няма.
- Уводзіцца ліцэнзаванне праграм дадатковай адукацыі
З 1 студзеня 2027 года ў Беларусі плануюць увесці абавязковае ліцэнзаванне рэалізацыі адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Гэта азначае адмену заяўнага прынцыпу для тых, хто вучыць дзяцей па-за школай. Гэта датычыцца моўных курсаў, студый малявання, школ праграмавання, розных гурткоў і гэтак далей. У абгрунтаванні да адпаведнага законапраекта сказана, што адсутнасць ліцэнзавання ў сферы дадатковай адукацыі стварае рызыкі для сацыяльнай бяспекі і супярэчыць Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, дзе прыярытэтам названа “патрыятычнае выхаванне грамадзян”.
- Спецыяльныя ўмовы найму педагагічных работнікаў
У сакавіку 2026 г. стала вядома аб службовым лісце Міністэрства адукацыі з метадычнымі ўказаннямі аб тым, як праводзіць псіхалагічную гутарку для работнікаў, якія кантактуюць з дзецьмі. Новыя правілы набылі моц 17 студзеня 2026 года. Сярод патрабаванняў — абавязковая распіска, у якой у тым ліку гаворыццы аб “недапушчэнні ўчынення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці”. Падпісаць гэтую паперу трэба ў прысутнасці наймальніка. У дакуменце курсівам выдзелена папярэджанне: “Непадпісанне абавязацельства цягне за сабой адмову ў заключэнні працоўнага дагавора, грамадзянска-прававога дагавора”.
- Пагадненне паміж міністэрствамі адукацыі Беларусі і КНДР
26 сакавіка 2026 г. у ходзе афіцыйнага візіту Аляксандра Лукашэнкі галіновымі ведамствамі было падпісана адпаведнае пагадненне. У рамках яго прадугледжваецца абмен і падрыхтоўка студэнтаў, правядзенне стажыровак прафесарска-выкладчыцкага складу ў галіне прыродазнаўчых, дакладных, інжынерных навук. Гэта чарговы крок рэжыма Лукашэнкі па ўсталяванню супрацоўніцтва з найбольш адыёзнымі аўтарытарнымі рэжымамі сучаснасці. У мінулым годзе пдобныя кантакты адбыліся з рэжымам Талібан у Афганістане і вайсковай хунтай ў М’янме.
- Працяг рэпрэсій
Наталлю Дзядзюлю — супрацоўніцу навучальна-метадычнага аддзела Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў асудзілі ў Менскім гарадскім судзе. Прысуд да хатняй хіміі быў вынесны паводле часткі 1 артыкула 130 УК (распальванне варожасці), а таксама часткаў 1 і 2 артыкула 361-4 УК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Падзеі ў замежжы
- Штогадовы экспертны семінар па пытаннях літоўска-беларускіх адносін
19–20 сакавіка 2026 г. у Вільні прайшоў Штогадовы экспертны семінар па пытаннях літоўска-беларускіх адносін, у якім прынялі ўдзел беларускія і літоўскія эксперты і палітыкі. Пад час семінару адбылася прэзентацыя сацыялагічнага даследавання пра меркаванні жыхароў Літвы адносна беларусаў, абмеркавана шырокае кола пытанняў, у тым ліку: агляд стану беларуска-літоўскіх адносінаў, праблемы міграцыі, стаўлення да літвінізму, захавання архітэктурнай спадчыны эпохі Вялікага Княства Літоўскага. Асобнае пасяджэнне было прысвечана перспектывам стварэння сумеснай гістарычнай камісіі.
- Прэзентацыя манаграфіі “Беларуская Народная Рэспубліка 1918–1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці”.
1 сакавіка 2026 г. у Беластоку адбылася прэзентацыя манаграфіі прафесаркі Дароты Міхалюк “Беларуская Народная Рэспубліка 1918–1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці”. Гэта ўнікальная па змесце кніга, прысвечаная гісторыі БНР. У ёй разгледжаны працэсы фармавання беларускіх дзяржаўных інстытутаў у 1918–1920 гадах, дзейнасць Рады БНР, міжнародны кантэкст абвяшчэння незалежнасці, а таксама ролю беларускіх палітычных элітаў у складаных геапалітычных умовах пасля Першай сусветнай вайны. Падзея ў Беластоку адкрыла серыю публічных прэзентацый гэтай манаграфіі. У Беларусі кніга ўключана ў спіс экстрэмісцкай літаратуры.
- Круглы стол «Беларускія даследчыкі і даследаванні Беларусі ў Літве»
5 сакавіка 2026 г. адбыўся анлайн Круглы стол «Беларускія даследчыкі і даследаванні Беларусі ў Літве». Суарганізатарамі выступілі Форум гістарычных дасьледаваньняў Беларусі Нямецкага таварыства дасьледаваньня Ўсходняй Эўропы, Беларускі дасьледчы ўнівэрсытэт імя Астафея Валовіча і Беларуская асацыяцыя адукацыі і навукі.
На семінары было адзначана, што ў Літве знаходзіцца як меней 30 прафесійных беларускіх гісторыкаў. Перспектывы захавання ў прафесіі значна горшыя ў параўнанні з Польшчай. Пераважаная большасць гісторыкаў занятая ў НДА і медыях. Магчымасці працаўладкавання ў ЕГУ абмежаваныя ў сувязі з закрыццём праграмы па гісторыі. Удзельнікі дыскусіі адзначылі, што сёння фактычна перарваныя кантакты літоўскіх гісторыкаў з калегамі ў Беларусі, што вядзе да разыходжанняў ў падыходах да інтэрпрэтацыі ключавых падзей і постацей сумеснай гісторы.
Круглы стол быў праведзены ў межах ініцыятывы дзеля разьвіцьця супольнасьці праграмы Эўрапейскага Зьвязу EU4BELARUS: Support to Advanced Learning and Training (SALT II).
- Алімпіядзе па беларускай мове ў Польшчы
19 сакавіка 2026 г. вучні сярэдніх школ з Бельска-Падляшскага, Гайнаўкі і Беластока прынялі ўдзел у Алімпіядзе па беларускай мове. Яны здавалі тэст на веданне граматыкі, сачыненне і вусны адказ на тэму з беларускай літаратуры. Вядучай тэмай сёлетніх змаганняў была творчасць Уладзіміра Караткевіча. Алімпіяда па беларускай мове — адзіная сярод моваў меншасцяў у Польшчы. Яна праводзіцца з 1994 года Кафедрай беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.
- Семінар “Структурныя і інстытуцыянальныя выклікі для беларускай гістарычнай навукі”
Анлайн семінар “Структурныя і інстытуцыянальныя выклікі для беларускай гістарычнай навукі: уключэнне ў еўрапейскую акадэмію; змены ідэнтычнасці, выкліканыя выгнаннем; недахоп фінансавання і роля штучнага інтэлекту” адбыўся 17 сакавіка 2026 г. Удзельнікі правялі абмеркаванне бягучага стану, ключавых выклікаў і перспектыў развіцця беларускай гістарычнай навукі ў выгнанні, а таксама ўмацаванне экспертнага дыялогу і сеткавага ўзаемадзеяння паміж прадстаўніцамі і прадстаўнікамі беларускай акадэмічнай і інтэлектуальнай супольнасці за межамі краіны. Асобна былі закранутыя пытанні інтэграцыі ў еўрапейскую акадэмічную прастору, у тым ліку ў Ірландыі, Германіі і Польшчы.
Семінар быў праведзены ў межах праекта, прысвечанага вывучэнню і аналізу стану беларускай гістарычнай навукі на выгнанні. Праект рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы праграмы EU4Belarus: Support to Advanced Learning and Training (SALT II), якая фінансуецца Еўрапейскім Саюзам.
