• Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Беларуская
  • Навіны
  • Офіс
  • Новая Беларусь
  • Партнёры
  • Дапамога
  • Кантакты
  • Ціханоўская выступіла з лекцыяй Вацлава Гавела ў Чыкага

    27 верасня, 2025

    Падчас візіту ў ЗША Ціханоўская наведала Чыкагскі ўніверсітэт, дзе сустрэлася з мясцовымі беларусамі, кіраўніцтвам універсітэта і дэканам факультэтаў, а таксама выступіла з лекцыяй «Сіла бяззбройных: супраціў тыраніі ў Беларусі». 

    Лекцыя Вацлава Гавела з‘яўляецца штогадовай, і летась яе даваў чэшкі прэзідэнт Петр Павел. На лекцыі прысутнічалі больш за 300 чалавек, у тым ліку студэнты і прадстаўнікі акадэмічнай супольнасці. Мадэраваў сустрэчу беларускі драматург Андрэй Курэйчык.

    Прамова Святланы Ціханоўскай:

    Прэзідэнт Пол Алівізатас,
    Дэкан Дэбора Нэлсан,
    Паважаныя выкладчыкі і студэнты,
    Дарагія беларусы і беларускі,
    Паважаныя госці, дарагія сябры —

    Перш за ўсё, я хачу падзякаваць Чыкагскаму ўніверсітэту і прафесарцы Фэйт Хіліс за запрашэнне і за тое, што зноў прывялі мяне ў гэты цудоўны горад.
    Усе ведаюць Чыкага дзякуючы ягоным польскім, украінскім і чэшскім супольнасцям. Але вельмі мала гаворыцца пра беларускую прысутнасць тут.
    Сто гадоў таму ў Чыкага была заснаваная першая беларуска-амерыканская асацыяцыя. Тут пахаваныя ключавыя постаці беларускага руху за незалежнасць.
    І, вядома, яшчэ адна сувязь — гэта ўраджэнец Беларусі Марк Шагал, чые творы Чатыры поры года і Амерыканскія вокны ўпрыгожваюць гэты вялікі горад. Шагал правёў большую частку жыцця ў выгнанні, але ўсе ягоныя карціны напоўненыя любоўю да Беларусі.

    Дарагія сябры,
    Няма лепшага спосабу пачаць новы навучальны год, чым ушанаваць Вацлава Гавела, яго спадчыну і яго каштоўнасці.
    Для мяне вялікі гонар быць другім запрошаным выступоўцам з штогадовай лекцыяй імя Вацлава Гавела — пасля прэзідэнта Чэхіі Пятра Павела ў мінулым годзе.
    Усяго два дні таму я сустракалася з прэзідэнтам Павелам у Нью-Ёрку на Генасамблеі ААН, і, як заўсёды, у нашай размове ўзгадвалі Гавела.
    Сёння нам усім не хапае мудрасці Гавела. Можа, ён бы даў адказы: як з усім гэтым хаосам у свеце быць? І дзе знайсці надзею?

    Гавел быў не проста драматургам. І нават не проста прэзідэнтам. Ён быў маральным арыенцірам і маральным голасам у час страху.
    Учора ў Нью-Ёрку, у Цэнтры Вацлава Гавела, мы ўшанавалі легендарную Джоан Баэз, і яна распавяла, што менавіта Гавел быў яе галоўным натхненнем у барацьбе за справядлівасць.

    Гэта быў чалавек, які даказаў, што праўда можа скалануць імперыі.
    Што нават без зброі, без улады, можна змяніць ход гісторыі.
    Што ўсе дыктатуры выглядаюць непераможнымі, пакуль раптам не абрынуцца.

    Так, жыццё Гавела было папярэджаннем — але і абяцаннем.
    Папярэджаннем для дыктатараў і абяцаннем для тых, хто марыць пра свабоду.
    Як дысідэнт пры чэхаславацкім камунізме, ён разумеў: посттаталітарныя сістэмы трымаюцца на хлусні. І што дыктатараў нельга ні ўлагодзіць, ні перавыхаваць.
    Менавіта Гавел першым папярэдзіў нас пра расійскі рэваншызм. Ён казаў, што самая вялікая праблема Расіі ў тым, што яна не ведае, дзе пачынаецца і дзе сканчаецца… Ён прадказаў вялікую вайну, якая сёння ідзе ва Украіне.

    Для нас, беларусаў, спадчына Гавела — гэта не толькі гісторыя, гэта і сённяшні дзень. Ягоныя бітвы — гэта нашыя бітвы. Тыя ж рэпрэсіі, што ён перажываў у Чэхаславакіі, мы перажываем цяпер у Мінску.
    І калі Гавел казаў, што надзея — гэта маральны абавязак, а не наіўнае чаканне, ён казаў непасрэдна пра нашу сітуацыю.

    Я сама ніколі не сустракала Гавела, але сустрэла шмат людзей, якія называлі яго сваім асабістым героем. У яго была асаблівая сувязь з Беларуссю. Ён шчыра верыў, што Беларусь — не страчаны выпадак, што мы можам перамагчы і далучыцца да Еўрапейскага саюза.
    На працягу многіх гадоў ён падтрымліваў беларускі дэмакратычны рух і незалежныя медыя — маральна і фінансава.

    Ён рэгулярна пісаў лісты палітвязням — нават тым, каго ніколі асабіста не ведаў.
    Сваю апошнюю паштоўку перад смерцю ў 2011 годзе ён адправіў зняволенаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, каб выказаць яму падтрымку і захапленне.

    Пазней Алесь сказаў жонцы Наталлі, што ў турме гэтая паштоўка была для яго самым дарагім скарбам.
    Сёння, праз 14 гадоў, Алесь Бяляцкі — цяпер ужо лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру — ізноў у турме. Учора ён адзначыў свой 63-ці дзень народзінаў — ужо пяты запар за кратамі. Агулам ён ужо правёў больш за 7 гадоў у зняволенні.

    Бяляцкі перажывае тое самае выпрабаванне, што і Вацлаў Гавел, і падзяляе яго ідэал: «жыць у праўдзе». Абараняць свабоду іншых, нават калі гэта азначае страціць сваю.
    Гавел меў вялікае сэрца (сэрца нават было ў яго подпісе!), і ён добра ведаў, як жорсткае жыццё пад тыраніяй і як важная салідарнасць: гэта пачуццё надзеі, што прыходзіць звонку турэмных муроў.

    Дарагія сябры,

    Часам здаецца, што Беларусь застыла ў часе. Аднойчы прэзідэнт Джордж Буш назваў Беларусь «апошняй дыктатурай у Еўропе».
    Але ёсць і іншая метафара, якую даў адзін італьянскі журналіст: «камунізм са смакам капучына».

    Гэта нібы краіна, дзе мінулае сутыкаецца з сучаснасцю. Дзе яшчэ можна ўбачыць McDonald’s побач з будынкам КДБ — так, ён дагэтуль называецца КДБ і мае турму для палітычных закладнікаў? Ці сучасныя Tesla, якія паркуюцца каля савецкіх помнікаў Леніну? Гэтае крывадушша — паўсюль.
    Калі не зазірнуць глыбей за сцены, дык нават не адрозніш дыктатуру ад звычайнай краіны. Дыктатары звычайна майстры перапакоўваць старыя тавары ў новыя абгорткі.

    Сціснутая паміж Захадам і Усходам, паміж ЕС і Расіяй, Беларусь заўсёды была на перадавой — паміж дэмакратыяй і тыраніяй, у цэнтры войнаў і сутыкнення цывілізацыяў.
    Але ніколі яшчэ пытанне геапалітычнага выбару не стаяла так востра, як цяпер.

    Прарасійскі рэжым Аляксандра Лукашэнкі, які кіруе Беларуссю ўжо 30 гадоў, выбраў Расію і прадаў незалежнасць Беларусі ў абмен на палітычную абарону Масквы.
    Яго сістэма трымалася не на інавацыях ці канкурэнтаздольнасці, а на таннай расійскай нафце і газе, а таксама на бясконцых крэдытах з Крамля.
    За 30 гадоў Лукашэнка ўдасканаліў мастацтва геапалітычных «арэляў».
    Мы часта жартуем, што зімой ён становіцца «прарасійскім», каб атрымаць таннейшыя рэсурсы, а летам раптам робіцца «празаходнім», каб атрымаць фінансавую дапамогу ад ЕС і ЗША.

    Каб душыць іншадумцаў, ён пабудаваў сістэму рэпрэсіяў і страху. Палітычных апанентаў забівалі, саджалі ў турмы ці выціскалі ў выгнанне. Але перш за ўсё гэта пачалося з глушэння медыя — каб ніхто дакладна не ведаў, што адбываецца.

    Тры дзесяцігоддзі Беларусь заставалася чорнай плямай на карце Еўропы, забытая і ізаляваная.
    Занадта часта за постаццю Лукашэнкі свет не бачыць найлепшага ў Беларусі — яе людзей.
    Пакуль дыктатура будавала свае турмы і пастарункі, будавала таталітарную дзяржаву — грамадства развівалася сваім шляхам: заходнім, еўрапейскім.
    Беларускае грамадства перарасла дыктатара. Пяць гадоў таму мы ўбачылі яго квітненне на вуліцах Беларусі, калі мільёны беларусаў паўсталі супраць дыктатуры.

    Менавіта тады пачалася мая гісторыя. Я была звычайнай жанчынай, якая выхоўвала двух дзяцей.
    Калі майго мужа, блогера, пасля абвяшчэння пра ягоныя прэзідэнцкія амбіцыі кінулі ў турму, я вырашыла балатавацца на ягоным месцы.
    Калі ў небяспецы твае блізкія, ты не чакаеш, пакуль нехта іншы зробіць крок. Ты становішся сама.

    Рэжым зарэгістраваў мяне кандыдаткай — як жарт. «Наша Канстытуцыя не для жанчын», — сказаў Лукашэнка. Але гэты жарт стаў яго фатальнай памылкай.
    Мы ПЕРАМАГЛІ ў тых выбарах з больш чым 60%. Нават спрактыкаваны дыктатар ужо не мог схаваць гэтую праўду. Мы арганізавалі альтэрнатыўны падлік галасоў, які даказаў нашу перамогу.

    Рэжым украў у нас перамогу — але народ сказаў «Не». У кожным горадзе людзі выйшлі на вуліцы. І гэта былі не толькі палітыкі. Гэта былі рабочыя заводаў, студэнты, медсёстры, святары, бабулі, падлеткі. Яны выходзілі з кветкамі. Трымаючыся за рукі. І скандуючы адно слова: «Хопіць».

    Але як кожны дыктатар, Лукашэнка адмовіўся сыходзіць. Падтрыманы Пуціным, ён распачаў жорсткі тэрор, якога Еўропа не бачыла дзесяцігоддзямі.
    Тысячы былі збітыя, арыштаваныя і катаваныя, дзясяткі — забітыя. Сотні тысячаў мусілі ўцякаць.
    Гэты тэрор працягваецца і сёння. Кожны дзень, пакуль мы гаворым, арыштоўваюць ад 10 да 15 чалавек.

    Больш за тое, дыктатар уцягнуў Беларусь у расійскую вайну супраць Украіны, вядома ж, супраць волі беларускага народа.
    Менавіта з тэрыторыі Беларусі расійскія танкі пайшлі на Кіеў. Менавіта з Беларусі паляцелі першыя расійскія ракеты па Украіне. Наша краіна стала плацдармам для вайны, а дзевяць мільёнаў людзей былі ўзятыя ў закладнікі двума старымі дыктатарамі.

    Тым часам беларусы хутка мабілізаваліся, каб дапамагаць Украіне: арганізоўвалі сабатаж супраць расійскіх войскаў, а многія пайшлі добраахвотнікамі ваяваць за Украіну.
    Мы занялі ясную пазіцыю: мы супраць гэтай вайны, і мы разам з Украінай.

    Азіраючыся сёння назад, я часта думаю: калі б нашае паўстанне ў 2020 годзе перамагло, магчыма, расійскага ўварвання ва Украіну не адбылося б — і гісторыя магла пайсці зусім іншым шляхам.

    У вачах Расіі Беларусь і Украіна — гэта «непаслухмяныя дзеці». Расія не бачыць у нас незалежных нацыяў. Пуцін хоча, каб Украіна была такой самай, як лукашэнкаўская Беларусь — падкантрольнай і лаяльнай.
    Так, Лукашэнка і Пуцін могуць ненавідзець адзін аднаго, але яны патрэбныя адзін аднаму, гэта сімбіёз.
    Без Пуціна Лукашэнка не пражыў бы і аднаго дня — як вадалаз без балона з кіслародам. І наіўна думаць, што іх можна падзяліць.

    Таксама наіўна думаць, што іх можна перавыхаваць ці ўлагодзіць. Паверце: дыктатары не шукаюць міру. Ім патрэбная вайна, бо яна падсілкоўвае іх рэжымы і апраўдвае тэрор.

    Сёння наш лёс у значнай ступені залежыць ад геапалітычнага кантэксту. Мы разумеем: калі пераможа Украіна, мы таксама атрымаем новы шанец. Калі Украіна прайграе — вырваць Беларусь з расійскіх лап будзе вельмі цяжка.
    У 2020 годзе здавалася, што ўсё залежыць ад нас. Сёння Беларусь стала часткай большай праблемы.

    Мы не можам адкрыта пратэставаць цяпер, але мы можам рыхтавацца да новага моманту. І я ўпэўненая, што ён адкрые новае акно магчымасцяў для нас.

    Ёсць дзве рэчы, якія трымаюць наш рух жывым: салідарнасць і надзея.

    Вы можаце спытаць: а дзе ж НАДЗЕЯ ва ўсім гэтым?

    Вы ведаеце, што нядаўна майго мужа Сяргея вызвалілі пасля пяці гадоў у адзіночнай камеры. Падчас значнай часткі гэтага часу я нават не ведала, ці жывы ён. Але я ніколі не пераставала змагацца за яго вызваленне.

    Яго катавалі. Трымалі ў адзіночцы. Ён прапусціў гады дзяцінства нашых дзяцей. Яны забыліся гук ягонага смеху.

    Як мой муж здолеў перажыць усе гэтыя пакуты? Ведаючы, што ён на баку Праўды.

    А як здолела выжыць я? Не губляючы Надзеі.

    Часам людзі ўсё яшчэ пытаюцца ў мяне: Чаму не здаешся?

    Бо я не магу. Надзея для нас — гэта не раскоша. Гэта абавязак.

    Надзея правяла мяне праз самыя цёмныя дні і гады без голасу майго мужа.

    Надзея рухае тымі, хто ўсё яшчэ супраціўляецца ўнутры Беларусі.

    Надзея рухае і полк Каліноўскага — беларусаў, якія змагаюцца побач з украінцамі за свабоду. 80 з іх аддалі жыццё за лепшую будучыню абедзвюх нашых краінаў: за нашу і вашу свабоду.

    Адна з іх — Марыя Зайцава. У 2020 годзе яна стала адным з самых вядомых сімвалаў нашай рэвалюцыі. У 2025-м яна ахвяравала сваім маладым жыццём, абараняючы Украіну. Яна загінула ў баі на наступны дзень пасля святкавання свайго 24-га дня народзінаў.

    Ёсць адна цытата Вацлава Гавела, якую Алесь Бяляцкі даслаў сваёй жонцы ў лісце з турмы:

    «Надзея — гэта не ўпэўненасць, што ўсё скончыцца добра, а ўпэўненасць у тым, што нешта варта рабіць незалежна ад таго, як яно скончыцца».

    Мы жывём паводле гэтых слоў. Нашая надзея ніколі не была наіўным чаканнем лёгкай перамогі.

    Гэта заўсёды была ўпэўненасць, што свабодная Беларусь вартая таго, каб за яе змагацца — нягледзячы на ўсе рызыкі і паразы.

    Надзея патрабуе ад нас дзейнічаць, гаварыць і верыць, што нашыя ўчынкі маюць сэнс нават тады, калі мы не бачым выніку.

    Народ, які не адмаўляецца ад надзеі, — гэта народ, якога дыктатар ніколі не здолее перамагчы.

    Дарагія сябры,

    Сёння, выступаючы перад вамі, я хачу падзяліцца некалькімі парадамі і ўрокамі, якія я атрымала за маю кароткую і выпадковую палітычную кар’еру.

    Па-першае: шануйце тое, што маеце. Часта людзі, якія жывуць у дэмакратыі, успрымаюць яе як нешта само сабой зразумелае. Але ў краінах, як Беларусь ці Украіна, мы ведаем яе сапраўдны кошт — бо ахвяруем усім дзеля яе.

    Свабода ніколі не гарантаваная. Яе вельмі лёгка страціць і вельмі цяжка вярнуць. Яе трэба абараняць. Выхоўваць. Адстойваць зноў і зноў.

    Па-другое: ніколі не пераставайце шукаць праўду. Ніколі не пераставайце задаваць пытанні. Ніколі не пераставайце вучыцца. Будзьце адкрытымі і карыстайцеся неверагоднымі інструментамі, якія вы маеце сёння. Мэта тыраніі — прымусіць вас блытаць праўду і хлусню.

    Па-трэцяе: ніколі не губляйце надзеі. Магчыма, адна толькі надзея не дастатковая, але яна трымае вас на плаву ў самыя цяжкія моманты. Людзі, якія нядаўна выйшлі з турмаў Лукашэнкі, казалі: толькі надзея дапамагла ім выжыць.

    Па-чацвёртае: слухайце не толькі розум, але і сэрца. Спачуванне, спагада і салідарнасць — гэта наша найвялікшая звышсіла. Часам жыццё ставіць перад вамі такія абставіны, што вы проста мусіце дзейнічаць.

    І нарэшце. Ніводная барацьба не можа быць выйграная ў адзіночку. Вам заўсёды патрэбныя сябры, патрэбныя саюзнікі. Патрэбная агульная справа. Барацьба за дэмакратыю — гэта не лакальная справа, а глабальная.

    Найбольшая пагроза для дэмакратыі — гэта не заўсёды гвалт. Часцей гэта страх, сумневы, стома, страта надзеі. І проста забыццё таго, хто мы і за што стаім.

    Дык вось сёння, выступаючы тут пад імем Гавела, я не аплакваю дэмакратыю. Я абнаўляю веру ў яе. Давайце разам адновім нашую прыхільнасць свабодзе.
    Беларускі народ не здаўся. І свет таксама не павінен здавацца.

    Разам мы яшчэ раз дакажам, што сіла бяззбройных можа змяніць гісторыю.

    Дзякуй.

    Апошнія навіны