Дарагія мае!
Сёння выдатная нагода ўзгадаць настаўнікаў, якія вучылі нас крытычна мысліць, суперажываць блізкім і браць адказнасць за свае ўчынкі.
На вялікі жаль, сёння выкладчыкам даводзіцца ўзважваць кожнае слова. Бо нават праз цытату кагосьці з беларускіх класікаў, якія раптам сталі экстрэмістамі, можна апынуцца ў турме. Ідэалогія і палітыка запоўнілі школы – і гэты ціск не дае вольна дыхаць і творча падыходзіць да працы. Настаўнікаў прымушаюць прыбраць «неблаганадзейныя» фотаздымкі з кабінетаў замежнай мовы. Выклікаюць у КДБ за ўдзел у чаце ўзаемадапамогі і настойваюць на справаздачах пра тое, што яны робяць падчас «фортак» у раскладзе. І гэта ўсе – на фоне звальненняў за скаргі аб нізкіх заробках і неабходнасці браць дадатковыя гадзіны, каб пракарміць сем’і.
Як вынік, дасведчаныя спецыялісты пакідаюць школы, маладыя настаўнікі не бачаць перспектывы ў прафесіі, а тыя, хто застаюцца – вымушаныя весці па некалькі прадметаў адначасова.
Але я захапляюся вамі, бо, нягледзячы ні на што, вы працягваеце адукоўваць дзетак. Даяце ім падтрымку і не дазваляеце падмяняць месцамі дабро і зло. Тлумачыце, што прасіць прабачэння, калі памыляешся, – гэта праява сілы, а не слабасці, а дапамагаць тым, хто апынуўся ў бядзе, – чалавечнасць, а не геройства. Вучыце не проста «адказваць па падручніку», а самастойна думаць, прымаць рашэнні і абараняць свае погляды. Напраўляеце іх, каб пазбегнуць памылак. А калі памылкі ўсё ж трапляюцца, то тлумачыце: гэта таксама вопыт – і заўсёды можна звярнуцца па дапамогу.
Я ведаю, як цяжка часам бывае з дзецьмі. Але я ганаруся вашай здольнасцю слухаць і чуць дзяцей – і даводзіць кожнаму беларусу і кожнай беларусцы, што яны з’яўляюцца Асобамі.
Дзякуй вам і са святам!