Святлана Ціханоўская: «Сёння мы дазналіся пра вызваленне яшчэ 37 палітвязняў. Я радуюся за кожную сям’ю, якая пасля такіх цяжкіх выпрабаванняў атрымае доўгачаканае шчасце быць разам. Я радуюся за кожнае дзіця, якое абдыме вызваленая маці, а так чаканы бацька прачытае казку на ноч. За кожнага, хто зможа пацалаваць свайго мужа ці жонку.
Яшчэ нядаўна гэта было цяжка ўявіць, але ўжо некалькі месяцаў запар мы бачым, што людзей вызваляюць з-за кратаў да заканчэння тэрміну. Гэта крокі ў правільным напрамку, і вызваленні павінны працягвацца.
У той жа час праваабаронцы працягваюць атрымліваць інфармацыю пра новыя допыты, арышты, тэрміны і штрафы. З’яўляюцца новыя палітвязні. Рэжым кажа пра народнае адзінства, але пры гэтым падзяляе людзей на «сваіх» і «чужых» і працягвае біць «чужых», а часам і «сваіх» – каб іншыя баяліся.
У Беларусі за кратамі знаходзяцца мінімум 120 чалавек, якія атрымалі тэрміны больш за 10 гадоў – толькі за тое, што мелі смеласць выказваць і абараняць сваю пазіцыю. Якое народнае адзінства, калі ўжо паўтара года мы не чулі пра Марыю Калеснікаву ці Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка ці Сяргея Ціханоўскага, а Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму не перадаюць лекі? А маму дваіх сыноў, Паліну Шарэнду-Панасюк, працягваюць катаваць у турме.
Рэжым спрабуе стварыць ілюзію, нібыта вызваляе «злачынцаў». Але яны не ўчынялі ніякіх злачынстваў – толькі мелі смеласць мець свае перакананні. І пакуль хоць адзін чалавек застаецца за кратамі, мы працягнем рабіць усё, што магчыма, каб кожны выйшаў на волю і вярнуўся дадому».