Раней праваабаронцы паведамлялі, што перад дэпартацыяй у людзей ужо забіралі пашпарты і іншыя дакументы, а замест іх выдаваліся часовыя паперы, якія не маюць паўнавартаснай юрыдычнай сілы. Цяпер рэжым Лукашэнкі робіць наступны крок — людзей фактычна пазбаўляюць прававой ідэнтычнасці. Праверка пашпартоў праз афіцыйны сэрвіс МУС паказвае, што дакументы прызнаныя несапраўднымі.
З пункту гледжання беларускага заканадаўства падобныя рашэнні выклікаюць сур’ёзныя сумненні ў іх законнасці — ануляванне пашпарта магчымае толькі пры наяўнасці выразна вызначаных падставаў і з захаваннем працэдурных гарантыяў. Масавае пазбаўленне дакументаў па палітычных матывах без празрыстай працэдуры і магчымасці абскарджання мае прыкметы адвольнага рашэння.
З пункту гледжання міжнароднага права гэта можа сведчыць пра дэ-факта пазбаўленне грамадзянства без належнай працэдуры. Узнікае рызыка апатрыднасці (безграмадзянства), што забаронена міжнароднымі стандартамі. Таксама парушаецца права на свабоду перамяшчэння і прызнанне правасуб’ектнасці. Без дзейных праязных дакументаў былыя палітычныя зняволеныя могуць сутыкнуцца з сур’ёзнымі перашкодамі ў легалізацыі ў краіне знаходжання. Гэта таксама можа прывесці да затрыманняў у трэціх краінах.
Важны міжнародны аспект:
Ануляванне пашпарта ўнутры Беларусі не азначае яго аўтаматычную несапраўднасць за мяжой. Замежныя дзяржавы самастойна ацэньваюць сапраўднасць дакументаў. Такія пашпарты могуць працягваць прымацца як дакумент, што сведчыць асобу, асабліва ў працэдурах атрымання прытулку і гуманітарнай абароны.
Чым гэта рэальна пагражае былым палітычным зняволеным, якія апынуліся ў такой сітуацыі:
– сур’ёзныя абмежаванні ў распараджэнні маёмасцю, што засталася ў Беларусі: грашыма на банкаўскіх рахунках, нерухомасцю, аўтамабілямі і іншай маёмасцю;
– істотныя перашкоды пры афармленні і атрыманні спадчыны;
– абмежаванні ў афармленні натарыяльных дзеянняў, уключаючы згоду аднаго з бацькоў на выезд непаўналетняга дзіцяці за мяжу;
– рызыкі затрымання пры праходжанні памежнага кантролю, у тым ліку ўнутры Шэнгенскай зоны, дзе выбарачныя праверкі захоўваюцца;
– калі інфармацыя пра несапраўднасць пашпарта перададзеная ў міжнародныя базы даных, авіякампаніі могуць адмовіць у рэгістрацыі на рэйс;
– дадатковыя складанасці з легалізацыяй — неабходнасць афармлення праязных дакументаў замежніка або іншых заменнікаў у краіне знаходжання.
Леанід Марозаў, дарадца па прававых пытаннях Офіса Святланы Ціханоўскай:
«Рэжым Лукашэнкі спрабуе выкарыстоўваць пашпарт як інструмент ціску і пакарання. Аднак з пункту гледжання міжнароднага права такія дзеянні не пазбаўляюць чалавека яго правоў і не павінны аўтаматычна прызнавацца іншымі дзяржавамі. Гэта свядомая спроба зрабіць беларусаў уразлівымі за межамі краіны, і менавіта таму патрабуецца кансалідаваная міжнародная рэакцыя.
Узнікае пытанне: што далей? Калі пашпарт становіцца рычагом кантролю, то наступным крокам стане яго фактычнае абнуленне і ўнутры краіны, каб канчаткова пазбавіць людзей свабоды перамяшчэння і ператварыць права на выезд у прывілей, які выдаецца паводле палітычнай лаяльнасці».
Юрыдычная каманда Офіса Святланы Ціханоўскай разглядае гэтыя дзеянні як грубае парушэнне міжнароднага права і чарговы этап рэпрэсіяў, накіраваных на выгнанне і далейшую маргіналізацыю беларусаў.
Рэжым Лукашэнкі спачатку незаконна пазбаўляе свабоды па палітычных матывах, а затым прымусова выдварае людзей за межы краіны і пазбаўляе іх дакументаў, узмацняючы іх уразлівасць і залежнасць. Гэта адна з формаў транснацыянальных рэпрэсіяў, накіраваных на тое, каб зрабіць немагчымым бяспечнае і годнае жыццё нават па-за межамі Беларусі.
