Святлана Ціханоўская пачала працоўны візіт у Берлін, дзе прыняла ўдзел у канферэнцыі Belarus Future Forum. Мерапрыемства аб’яднала больш за 130 чалавек, сярод якіх – прадстаўнікі еўрапейскіх міністэрстваў, амбасадаў і грамадзянскай супольнасці. Спікерамі выступілі супрацоўнікі Еўрапейскай службы знешніх сувязяў, нямецкія дэпутаты, а таксама лідары Аб’яднанага Пераходнага Кабінета.
Святлана Ціханоўская:
«Паважаны прафесар Ламерт,
Міністр Лінднер,
Шаноўнае спадарства, сябры
І ўсе змагары за свабоду, якія знаходзяцца ў гэтай зале.
Я радая зноў быць тут з вамі – сярод сяброў. Сяброў свабоды. Сяброў дэмакратыі. Сяброў свабоднай Беларусі. Знаходзячыся тут, я ўсведамляю, што гэта сапраўды праўда: мы не самотныя ў нашай барацьбе.
Хачу падзякаваць усім нямецкім партнёрам, дзякуючы якім стала магчымым правядзенне гэтага форуму. Гэта Фонд Конрада Адэнаўэра, Фонд Генрыха Бёля, Фонд Фрыдрыха Эберта і Фонд Фрыдрыха Наўмана. Вашая падтрымка на працягу многіх гадоў дапамагала нашаму руху перажыць самыя цёмныя часы, працягваць змагацца і не здавацца.
Асабліва хачу падзякаваць Якабу Вёленштайну з Фонду Адэнаўэра – галоўнаму арганізатару гэтага форуму. За апошнія чатыры гады Якаб стаў членам сям’і для беларускага дэмакратычнага руху. Мала хто ведае, але Якаб размаўляе па-беларуску лепш, чым многія прадстаўнікі рэжыму. І ён не проста размаўляе па-беларуску – ён піша артыкулы, запісвае песні і нават здымае фільмы!
Паважаны Якаб, я ў захапленні ад вашых «Сямі прыкметаў беларускасці» – вы ўвасабляеце іх усе. Сумна, што неўзабаве вы пакінеце беларускія праекты, але я ўпэўненая, што, калі вас ужо «заразіла» беларускасць, гэта не канец. Мы з нецярпеннем чакаем магчымасці папрацаваць з вашай пераемніцай Габрыэлай Баўман.
Я памятаю 2020 год, калі пачалася нашая рэвалюцыя, і я вымушана з’ехала з краіны. Германія тады стала другой краінай, якую я наведала. Ведаеце, што зрабіла на мяне самае вялікае ўражанне? Бундэстаг. Не толькі яго памер і атмасфера, але і традыцыі.
Я памятаю, як падчас майго выступу дэпутаты раптам пачалі стукаць па сваіх сталах. У замяшанні я спытала ў Норберта Ротгена, тагачаснага старшыні камітэта па замежных справах: «Я нешта не так сказала?» Ён усміхнуўся і адказаў: «Так вам выказваюць сваю падтрымку».
Мне казалі, што Беларусь – адна з тых нешматлікіх тэмаў, якія аб’ядноўваюць усе нямецкія партыі і палітычныя групы. І я радая, што гэтае адзінства застаецца моцным і дагэтуль.
Калі я толькі пачынала свой шлях у палітыцы, мяне кранула падтрымка нямецкіх палітыкаў, якія мяне не ведалі, а я не ведала іх. Але з часам нашая сувязь ператварылася ў доўгатэрміновае партнёрства і сяброўства.
Цяпер у Бундэстагу ў нас ёсць група Сяброў дэмакратычнай Беларусі. У яе ўваходзяць такія людзі, як Робін Вагенер, Аніка Глагоўскі-Мертэн, Кнут Абрахам і Ёханэс Шрапс, якія сёння ў гэтай зале. Паверце, я ведаю, як складана ўтрымліваць Беларусь на парадку дня, але для вас няма нічога немагчымага. Прыняцце Бундэстагам рэзалюцыі па Беларусі і правядзенне міжпарламенцкай сустрэчы – гэта вялікія дасягненні і вынік вашых калектыўных намаганняў. Дзякуй вам!
Хачу падзякаваць міністэрству замежных спраў Германіі і асабіста Аналене Бербак. Я сустрэла яе яшчэ да таго, як яна стала міністрам, і не чакала, што ў нас будзе такое сяброўства. За апошнія гады мы шмат чаго дабіліся. Пад яе кіраўніцтвам Германія запусціла праграмы падтрымкі палітвязняў і стала краінай №1 па выдачы шэнгенскіх візаў беларусам. Паважаны Тобіяс, дзякуй вам, што не ўраўноўваеце беларусаў з рэжымам, а Беларусь з Расіяй, і што фармалізавалі адносіны з дэмакратычнымі сіламі.
Я вельмі радая, што ўсё больш краінаў прызначаюць спецыяльных пасланнікаў, і некаторыя з іх знаходзяцца тут з намі сёння. Крысціна, Эйнарс, Віялайн – я ведаю, што працаваць на дыпламатычным полі з нацыяй, якая знаходзіцца ў палоне, нялёгка, але нават у такіх цяжкіх умовах вы праяўляеце творчы падыход і смеласць. Дзякуй, што нястомна змагаецеся за нашых палітвязняў. Вы ведаеце, што для нас гэта самае балючае пытанне, як і для мяне асабіста. Гэта нашая задача – зрабіць усё магчымае, каб вызваліць кожнага і кожную з іх.
І, нарэшце, дазвольце падзякаваць усім беларусам і беларускам, якія знаходзяцца ў гэтай зале – палітыкам, інтэлігенцыі, актывістам і творчым людзям. Вы – сэрца новай Беларусі, у якой не будзе тыраніі, вайны і карупцыі. Беларусі, якая з гонарам увойдзе ў сям’ю еўрапейскіх народаў і будзе паважаць не толькі сваіх грамадзянаў, але і суседзяў. Дэмакратыя, правы чалавека і справядлівыя выбары павінны стаць не проста марай, а нормай, як тут, у Германіі.
Калі я сустракаюся з беларускай дыяспарай, мне часта скардзяцца на тры рэчы: нямецкую бюракратыю, бясконцыя сваркі ў Бундэстагу і, вядома, цягнікі Deutsche Bahn, якія пастаянна спазняюцца.
І я спадзяюся, што аднойчы мой народ у Беларусі будзе мець такую ж раскошу скардзіцца на бюракратыю і цягнікі, а не на жахі жыцця пад дыктатурай. У рэшце рэшт, мы марым толькі пра тое, каб Беларусь стала звычайнай «нуднай» еўрапейскай дэмакратыяй.
Дарагія сябры,
Дзе як не ў Берліне абмяркоўваць, што чакае Беларусь у будучыні? Як берлінцы калісьці былі падзеленыя сцяной, сёння беларусы аддзеленыя ад сваёй дэмакратычнай еўрапейскай будучыні.
Усяго некалькі дзён таму адзначалася 35-годдзе аб’яднання Германіі. Гэтая важная падзея нагадвае нам, што нішто не вечна. Калісьці многія верылі, што Берлінская сцяна будзе стаяць вечна, а сёння некаторыя лічаць, што дыктатура ў Беларусі ніколі не ўпадзе.
Але, вядома ж, сцяна ўпала не сама па сабе. На працягу многіх гадоў заходнія немцы не спынялі барацьбу за сваіх суайчыннікаў на Усходзе, які знаходзіўся пад кантролем СССР. Яны падтрымлівалі дысідэнцкі рух, прымалі бежанцаў, якія ратаваліся ад Штазі, і дапамагалі вызваляць палітычных зняволеных.
Людзі на Усходзе перамаглі дыктатуру, бо верылі ў альтэрнатыву, якую прапанавала дэмакратыя на Захадзе. Гэтаксама беларускаму народу трэба паверыць, што ЕС – гэта альтэрнатыва «рускаму свету».
Як Усходняя Германія, калі яе акупаваў Савецкі Саюз, сённяшняя Беларусь – гэта адкрытая турма. У краіне налічваецца больш за 1300 палітычных зняволеных. Многія людзі, уключаючы Марыю Калеснікаву і майго мужа Сяргея, утрымліваюцца ва ўмовах поўнай ізаляцыі. Я не чула навінаў пра свайго мужа ўжо больш за 500 дзён. І я нават не ведаю, ці жывы ён. Гэта сапраўдная пакута для зняволеных і іх сем’яў.
Мы разумеем, што вызваленне палітычных зняволеных і змены ў Беларусі – гэта задачы, якія беларусы павінны вырашаць самі, але мы не зможам справіцца з імі ў адзіночку.
Як Заходняя Германія была маяком надзеі і свабоды для ГДР, так і сёння ЕС мусіць стаць новым «Заходнім Берлінам» для беларусаў.
Захад не павінен закрывацца ад беларусаў – ні фізічна, ні сімвалічна. Наадварот, нам трэба зрабіць усё магчымае, каб вярнуць беларусаў у Еўропу, дзе і ёсць іхняе гістарычнае месца. Нам трэба паказаць беларусам, што ў патрэбны момант дзверы Еўропы для іх будуць адчыненыя.
Нам трэба засяродзіцца на пашырэнні Еўропы на Усход на ўзроўні свядомасці і рыхтавацца да акна магчымасцяў, якое можа з’явіцца раней, чым мы думаем.
Прама цяпер існуе рэальная пагроза новай «жалезнай заслоны» паміж Беларуссю і Еўропай, і мы не павінны дазволіць ёй з’явіцца. Жалезная заслона была праектам тыраніі, а не дэмакратыі. Яна была створаная для таго, каб ізаляваць людзей, пасеяць расчараванне і пазбавіць іх базавых правоў і свабод. Мы не павінны дазволіць дыктатарам ізноў гэта зрабіць.
Ізалюючы дыктатараў і караючы іх санкцыямі, нам трэба падтрымліваць беларускі народ, які працягвае змагацца за сваю свабоду. Трэба захоўваць чалавечыя сувязі. Прадастаўляць бясплатныя візы, стыпендыі маладым беларусам. Падтрымліваць незалежных дзеячаў культуры, такіх як Лявон Вольскі, ці незалежныя медыя, такія як Deutsche Welle Беларусь ці тэлеканал «Белсат».
Я ведаю, як багата ЕС ужо робіць у гэтым напрамку, і тут хачу падзякаваць Дароце Длоўхі-Суліга з Еўрапейскай службы знешніх сувязяў, якая сёння знаходзіцца тут. Вядома, заўсёды ёсць куды расці, але гэта правільны шлях, і разам, я ўпэўненая, мы зможам зрабіць яшчэ больш.
Нам трэба змяніць нашае ўспрыманне Беларусі.
Трэба глядзець на Беларусь не як пагрозу, а як магчымасць. Змены ў Беларусі могуць стаць іскрай для пераменаў у Расіі і кінуць выклік тыраніям па ўсім свеце. Яны таксама могуць аказаць жыццёва важную падтрымку Украіне і нанесці сур’ёзны ўдар па тыраніі Пуціна.
Трэба глядзець на Беларусь не проста як на рэжым, а як на нацыю глыбока еўрапейскіх па сваёй сутнасці людзей. У адрозненне ад Расіі, у Беларусі зафіксаваная дэмакратычная большасць. Выбар на карысць Еўропы зроблены не дзеля кароткатэрміновай выгады, а праз гісторыю, культуру і ідэнтычнасць Беларусі.
Нам трэба ўсвядоміць, што беларусы не падзяляюць расійскі імперскі менталітэт. Яны адпрэчваюць вайну Расіі ва Украіне і не жадаюць быць часткай «рускага свету». Нягледзячы на жыццё пры тэроры і прапагандзе, мы не здаёмся – мы працягваем супраціўляцца.
Нам трэба разумець, што без свабоднай Беларусі, без свабоднай Украіны праект Еўропы не будзе завершаны. Толькі дэмакратычная Беларусь можа быць донарам стабільнасці і міру ў Еўропе, а не сталай пагрозай.
Дарагія сябры,
Барацьба за свабоду можа быць цяжкай і доўгай. Як аднойчы сказаў амбасадар Дырк Шубель, часам нам трэба захоўваць стратэгічнае цярпенне.
І тут я хачу працытаваць яшчэ аднаго нямецкага палітыка, Конрада Адэнаўэра, які аднойчы сказаў: «У стагоддзе імгненных рашэнняў, магчыма, нам трэба зноў засвоіць старажытную ісціну, што цярпенне таксама прыносіць свае перамогі». Нам усім патрэбныя цярпенне і сіла, каб дайсці да канца і атрымаць перамогу. Чаго нам сапраўды нельга рабіць – дык гэта адступаць. Мы прайшлі доўгі сумесны шлях і ўжо багата чаго дасягнулі.
Нам трэба завяршыць тое, што мы пачалі ў 2020 годзе. Нам трэба дабіцца вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і спынення рэпрэсіяў. Нам трэба прыцягнуць усіх вінаватых да адказнасці. Нам трэба быць гатовымі да будучыні, таму што, як мы зразумелі, перамены могуць пачацца нечакана. І нам трэба зрабіць усё, каб дыктатура ніколі больш не вярнулася ў Беларусь.
Заўтра ў Берліне, побач з музеем Штазі, я буду адкрываць выставу, арганізаваную Libereco і цэнтрам «Вясна» і прысвечаную беларускім праваабаронцам, якія знаходзяцца ў зняволенні: Алесю Бяляцкаму, Уладзіміру Лабковічу Валянціну Стэфановічу і іншым. Я веру, што гэтая выстава мае вялікае сімвалічнае значэнне, бо яна паказвае, што гісторыя паўтараецца і важна вучыцца на памылках мінуўшчыны.
Жывучы пры дэмакратыі, успрымаеш яе як паветра. Толькі калі яно заканчваецца, пачынаеш задыхацца. У той час як у адных краінах людзі прымаюць дэмакратыю як данасць, у іншых – людзі плацяць за свабоду сваімі жыццямі. Менавіта таму падтрымка Беларусі, салідарнасць з Украінай і абарона дэмакратыі такія важныя.
Я ўпэўненая, што Беларусь можа стаць гісторыяй поспеху. І мы можам напісаць гэтую гісторыю разам.
Жыве Беларусь!»