ВІЗІТ У ПОЛЬШЧУ. 8-10 студзеня беларуская лідарка разам з прадстаўнікамі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета знаходзілася ў Варшаве з працоўным візітам. Там яна сустрэлася з ключавымі палітыкамі Польшчы: прэзідэнтам Анджэем Дудам, спікерамі Сейму і Сенату, міністрам замежных справаў, міністрам спорту, міністаркай адукацыі і міністрам еўрапейскіх справаў, намеснікам міністра ўнутраных спраў, мэрам Варшавы. На сустрэчах палітыкі абмяркоўвалі шляхі вызвалення палітвязняў, механізмы прыцягнення рэжыму да адказнасці, падтрымку праектаў, якія спрыяюць развіццю беларускай ідэнтычнасці, а таксама магчымасці абароны інтарэсаў беларусаў з боку Польшчы на міжнароднай арэне.
9 студзеня Святлана Ціханоўская сумесна з прэзідэнтам Анджэем Дудам правялі прыём для беларускай супольнасці ў Польшчы з нагоды святаў. Акрамя таго, Святлана Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці ў Цэнтры беларускай салідарнасці ў Варшаве, амбасадарам ЗША ў Польшчы і правяла брыфінг для дыпламатаў больш за 30 краінаў.
СТРАТЭГІЯ ПЕРАХОДУ ДА НОВАЙ БЕЛАРУСІ. У сярэдзіне снежня была прэзентаваная Стратэгія пераходу да Новай Беларусі, распрацаваная Офісам Святланы Ціханоўскай разам з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам, Каардынацыйнай Радай і шматлікімі экспертамі. Каманда Офіса адказала на самыя папулярныя пытанні беларусаў пра Стратэгію ў картках.
ВІЗІТ У ФІНЛЯНДЫЮ. У межах візіту ў Фінляндыю Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэм’ер-міністрам краіны, спікерам Парламента і міністаркай замежных справаў. Бакі абмяркоўвалі спрашчэнне легалізацыі беларусаў у Фінляндыі, падтрымку ЕГУ і беларускіх студэнтаў, праваабаронцаў і рэпрэсаваных, а таксама Кантактнай групы ў Радзе Еўропы. У парламенце была створаная група «За дэмакратычную Беларусь». Абмяркоўвалі таксама ўключэнне прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі ў сустрэчы Паўночных і Балтыйскіх краінаў.
БЕЛАРУСКА-ФІНСКАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ. 11-12 студзеня ў Хельсінкі прайшла Канферэнцыя «Хельсінкскі дыялог: будучыня Беларусі», якая сабрала каля 130 чалавек – прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў, грамадзянскай супольнасці, экспертаў, дыпламатаў і фінскіх палітыкаў. На адкрыцці Канферэнцыі беларуская лідарка выступіла з прамовай. Падчас Канферэнцыі адбылося 6 тэматычных панэляў, у тым ліку пра ролю Беларусі ў рэгіянальнай бяспецы, так званыя «выбары» ў парламент Беларусі ў 2024 годзе і выбары ў Каардынацыйную Раду.
БЕЗВЫБАРЫ. Святлана Ціханоўская пракаментавала нядаўнюю публічную адмову Лукашэнкі АБСЕ ў вылучэнні незалежных назіральнікаў на парламенцкія «выбары» ў Беларусі: «Лукашэнка чарговы раз пацвердзіў: галоўная задача гэтай кампаніі – замацаваць новую нармальнасць. Мы зробім усё, каб свет не пагадзіўся з гэтай «нармальнасцю» – і не прыняў яе. Дарагія мае, мы можам паўплываць на тое, каб безвыбары не ўспрымаліся цывілізаваным светам. Вам жа па сілах зрабіць так, каб і ўнутры краіны яны ўспрымаліся як фарс. Не гуляйце ў гульню, якую навязвае рэжым – ігнаруйце безвыбары».
БЕЛАРУСЬ-ЕС. 13 студзеня ў Вільні беларуская лідарка прыняла прэзідэнтку Еўрапарламента Раберту Метсолу ў сваім Офісе. Метсола запрасіла Ціханоўскую да ўдзелу ў Саміце Еўрапейскай народнай партыі, каб зрабіць Беларусь адной з тэмаў міжнароднага парадку дня. Беларуская лідарка прапанавала Метсоле падтрымаць ідэю стварэння міжнароднага фонду, мэта якога – падтрымліваць сем’і палітвязняў і займацца рэабілітацыяй тых, хто выйшаў з турмаў. Пасля адбылася сустрэча прэзідэнткі Еўрапарламента з былымі палітзняволенымі і іх сем’ямі – беларусы распавялі гісторыі знаходжання за кратамі і заклікалі Метсолу прыкласці максімальныя намаганні па вызваленні тых, хто застаюцца за кратамі.
СТРЫМ З КАБІНЕТАМ. 8 студзеня прайшоў прамы эфір з удзелам Святланы Ціханоўскай і прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета.
Падчас эфіру яны адказвалі на пытанні, якія беларусы дасылалі ў чат-бот @belcabinet_bot і пакідалі ў каментарах падчас трансляцыі.
ЭКАНАМІЧНЫЯ РЭФОРМЫ. Рашэнне экалагічных праблемаў, актуальных і для Беларусі, патрабуе прадуманай дзяржаўнай палітыкі. Таму цэнтр сацыяльных і эканамічных даследаванняў CASE сумесна з эканамічнай камандай Офіса распрацаваў Канцэпцыю «зялёнай» эканомікі. Каманда Офіса распавяла пра ключавыя аспекты Канцэпцыі ў картках.
МЕДЫЯ. Святлана Ціханоўская дала інтэрв’ю Зеркало (1, 2) (Беларусь), Наша Ніва (Беларусь), Polskie Radio (Польшча), Respekt (Чэхія), Радыё Рацыя (Беларусь), БелСАТ (Беларусь), National Journal (Міжнароднае).