Паважаны спадар старшыня,
шаноўныя дэпутаты,
дарагія літоўскія сябры!
Дзякуй вам ад усяго сэрца.
Дзякую за вашую цеплыню і падтрымку Беларусі.
Я ўдзячная і ўсцешаная, што сёння побач з будынкам Сейма Літвы лунае бела-чырвона-белы сцяг Беларусі – сімвал нашай незалежнасці і знак мірнай рэвалюцыі.
Сёння, у Нацыянальнае свята Беларусі – у гонар абвяшчэння незалежнасці Беларускай Дэмакратычнай Рэспублікі, хачу выказаць вам сваю ўдзячнасць і глыбокую пашану Літве.
11 сакавіка мы разам адзначалі Дзень аднаўлення незалежнасці Літвы.
Сёння святкуем Дзень Волі Беларусі.
Гэтыя святы не толькі стаяць побач у календары – яны маюць адзін і той жа сэнс: барацьбу беларусаў і літоўцаў за свабоду і незалежнасць.
Цяпер я хацела б працягнуць пра нашую барацьбу на сваёй роднай беларускай мове.
І ў гэтай барацьбе нашыя народы заўжды падтрымлівалі адзін аднаго.
Так, Літва адной з першых прызнала нашую незалежнасць у 1918 годзе. А пазней прыняла наш першы ўрад у выгнанні.
А ў студзені 91га ўжо беларусы разам з літоўцамі баранілі свабоду каля парламента і тэлевежы.
Беларусы і літоўцы разам удзельнічалі ў вызвольных паўстаннях супраць расійскай імперыі, і разам праходзілі прыгнёт савецкай акупацыі.
Нашае сяброўства будуецца не толькі на геаграфіі, але на агульных ідэалах і каштоўнасцях.
І сёння, сярод іншага, мы ўшаноўваем гісторыю нашага супольнага змагання за свабоду.
Як калісьці Літва, сёння мы, беларусы, праходзім свой шлях да Свабоды. І на гэтым шляху мы натхняемся Літвой, і мужнасцю яе народу.
Нашая мэта – вырвацца з-пад расійскай акупацыі, з-пад тыраніі Лукашэнкі, і вярнуць Беларусь у еўрапейскую сям’ю народаў.
Мы разумеем, што вызваленне Беларусі – гэта нашая задача і наш абавязак. Але мы не зможам гэтага зрабіць без саюзнікаў.
І я радая, што ўсе гэтыя гады – Літва і літоўскі народ – былі побач з намі ў гэтай барацьбе.
Дзякуй спікеру Сквярнялісу, які яшчэ ў 2020-м, будучы прэм’ерам, прыняў мяне і маіх дзяцей у Літве. А літоўскі Сейм стаў першым Парламентам, што прызнаў нашую перамогу.
Літва заўжды паказвала прынцыповасць і паслядоўнасць. Яшчэ 20 гадоў таму, калі большасць еўрапейскіх урадаў фліртавалі з рэжымам Лукашэнкі, у Сейме Літвы была створаная першая група «За дэмакратычную Беларусь».
Літоўцы ўжо тады разумелі, што трэба будаваць саюз не з дыктатурай, а з дэмакратычнымі сіламі.
Вы заўжды былі прыкладам стратэгічнага мыслення. Бо Літве патрэбны надзейны, прадказальны, еўрапейскі сусед, а не дыктатар, які можа загуляцца з агнём і спаліць дом як свой, так суседскі.
Юозас Олекас, Раса Юкнявічэне, Эмануэліс Зінгерыс, Лаўрынас Кашчунас, Жыгімантас Павілёніс – кіраўнікі парламенцкай групы ў розныя гады – вы заўжды належалі да найбліжэйшых сяброў і саюзнікаў беларусаў.
Дзякуй і тым, з кім мы працавалі апошнія чатыры гады ў фармаце літоўска-беларускай жаночай кааліцыі – Інгрыдзе Шыманіце і Вікторыі Чмілітэ-Нільсэн.
Для нас важна, каб ваш голас у падтрымку свабоднай еўрапейскай Беларусі і надалей гучаў у літоўскім Сейме.
Дзякуй Камітэту па міжнародных справах і яго старшыні Рэмігіюсу Матузасу за рэзалюцыю па непрызнанні «бязвыбараў» у студзені. Вы абазначылі: Лукашэнка – не прэзідэнт, ён злачынец, які захапіў уладу. І ўсе рашэнні, ім падпісаныя, не маюць законнай сілы.
Я вельмі ўдзячная прэм’еру Гінтаўтасу Палуцкасу, міністру замежных справаў Кястуцісу Будрысу – за волю, характар і нязменную падтрымку нашай барацьбы.
А асаблівы дзякуй – прэзідэнту Гітанасу Наўседзе – які мужна бароніць не толькі гонар Літвы ў свеце, але і інтарэсы ўсёй Еўропы.
Дзякуй кожнаму літоўцу, хто выходзіў на акцыі салідарнасці з Беларуссю. Хто станавіўся ў ланцуг падчас Балтыйскага шляху ў 2020-м. Вывешваў бел-чырвона-белыя сцягі ў сваіх вокнах. Хто прымаў беларускіх уцекачоў, дапамагаў ім асвоіць літоўскую мову. Дасылаў словы падтрымкі ці падпісваў паштоўкі палітвязням.
Дзякуй літоўскім журналістам і праваабаронцам, якія пішуць пра Беларусь і дапамагаюць рэпрэсаваным.
Мы ганарымся, што ў Літве маем столькі сяброў і саюзнікаў. Літоўцы добра ведаюць цану свабоды. І разумеюць, як лёгка яе страціць – і як цяжка потым вярнуць назад.
Дарагія сябры,
Можа, Літва і маленькая краіна, але краіна з вялікім сэрцам.
Вы са сваёй гісторыі ведаеце, што такое жыць пад акупацыяй.
Менавіта таму, калі ў Беларусі пачаўся тэрор, вы прынялі тысячы беларусаў, якія ўцякалі ад рэпрэсіяў.
Зусім нядаўна, нам удалося рэлакаваць у Літву некалькі вызваленых палітвязняў, нашых герояў – Паліну Шарэнду-Панасюк, Антаніну Канавалаву, Алену Маўшук і Андрэя Кузнечыка.
Проста падумайце: вы ўратавалі тысячы людзей! І мы ніколі, ніколі гэтага не забудзем!
Вы далі нам не толькі прытулак – вы далі нам надзею, годнасць і шанец працягваць нашую барацьбу.
Дзякуючы вам, беларускія дэмакратычныя сілы выжылі, захавалі адзінства, рэарганізаваліся і атрымалі міжнароднае прызнанне.
Дзякуючы вам, мы стварылі альтэрнатыўныя інстытуты ўлады ў выгнанні, і падтрымліваем рух супраціву ўнутры краіны.
І хоць ужо прайшло амаль пяць гадоў, а Лукашэнка сябе паводзіць так, нібыта людзі дагэтуль пратэстуюць пад яго палацам.
Ён баіцца беларусаў. І ён помсціць вам за вашую салідарнасць. Але гэта значыць толькі адно: вы робіце ўсё правільна.
Дарагія дэпутаты,
Беларусы, якія выбіраюць застацца тут – не толькі атрымліваюць дапамогу, але і ўмацоўваюць літоўскае грамадства.
Працуюць у бізнесе, выкладаюць у школах, дапамагаюць у шпіталях, плацяць падаткі і ствараюць рабочыя месцы. Штогод прыносяць у літоўскі бюджэт больш за 100 мільёнаў еўра.
Мы заклікаем беларусаў вывучаць літоўскую мову і культуру, інтэгравацца ў літоўскае грамадства, і, натуральна, паважаць законы Літвы.
Я ўпэўненая, што большасць з іх вернецца ў Беларусь, як толькі прыйдзе свабода. І яны па-ранейшаму будуць адданыя і ўдзячныя Літве.
І яны прынясуць з сабой каштоўнасці, якія вы дапамаглі захаваць – каштоўнасці Еўропы і дэмакратыі.
Менавіта гэтага так баіцца сённяшні рэжым Лукашэнкі. Менавіта таму ён учыняе правакацыі, каб пасварыць літоўцаў з беларусамі.
І давайце не паддавацца на гэтыя правакацыі. Гістарычны рэвізіянізм, які часам у Літве называюць «літвінізмам», – з’ява шкодная і варожая.
Але ў беларускім грамадстве яна абсалютна маргінальная.
Гэтае пытанне раздзьмухваюць тыя ж сілы, што стаяць за атакамі супраць будынкаў беларускіх арганізацыяў у Вільні.
Дазвольце мне зноў сказаць ясна і адназначна: беларусы шануюць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Літвы. І мы асуджаем усякія спробы выкарыстоўваць гісторыю як зброю.
Давайце раздзяляць гістарычны рэвізіянізм і супольную гісторыю. Наша мінулае не павінна падзяляць нас – а наадварот, аб’ядноўваць і ўзмацняць.
Гэтая спадчына – збліжае беларусаў з Еўропай і дазваляе нам супрацьстаяць «рускаму міру».
Таму давайце ўспрымаць яе не як цяжар, а як падмурак для партнёрства.
Шаноўныя дэпутаты,
Беларускі народ – не вораг Літве і літоўцам.
Наш супольны вораг – у Мінску. Гэта – дыктатура, якая ператварыла Беларусь у турму, і стала пагрозай для суседзяў.
Наш супольны вораг – у Маскве, гэта пуцінскі рэваншысцкі рэжым, які спрабуе аднавіць імперыю і падняволіць нашыя нацыі.
Гэтыя два рэжымы ствараюць пагрозу Літве і ўсяму Еўрапейскаму Саюзу: пашыраючы прапаганду, ладзячы гібрыдныя атакі, разбураючы еўрапейскае адзінства і засылаючы сваіх агентаў.
Яшчэ раз хачу ясна падкрэсліць: Мы разумеем засцярогі Літвы, і падтрымліваем вашыя намаганні па ўмацаванні бяспекі.
Літва стала для нас часовым домам – і мы зацікаўленыя ў тым, каб гэты дом быў бяспечны і абаронены.
Менавіта таму мы дапамагаем выяўляць агентаў рэжыму ў Літве. Выяўляем шчыліны для абыходу санкцыяў. Фіксуем назвы прадпрыемстваў, якія зарабляюць на вайне. Збіраем імёны памагатых рэжыму, якія дапамагаюць перакідваць нелегальных мігрантаў на мяжу з Літвой.
Мы павінны ўсвядоміць і данесці да ўсіх нашых партнёраў – Лукашэнка злачынец, які захапіў уладу і здае краіну Расіі. Размяшчае ядзерную зброю. Ператварае Беларусь у ваенную базу і зборачны цэх для расійскай ваеннай машыны.
І ўсё гэта робіцца супраць волі беларусаў. Паводле сацыёлагаў, толькі 4% падтрымліваюць удзел Беларусі ў вайне, і прыкладна столькі ж – аб’яднанне Беларусі з Расіяй.
Сёння ў Мінску ўзурпатар праводзіць чарговую фэйкавую «інаўгурацыю». Гэта марная спроба «перагарнуць старонку», вярнуць сабе легітымнасць. Але гэтага не адбудзецца. Беларусы як не прызнавалі дыктатара, так і не будуць.
Яго месца – у Гаазе. Ён павінен панесці адказнасць за злачынствы – за вайну супраць Украіны, за гібрыдныя атакі супраць Літвы, захоп самалёта. За тэрор супраць беларусаў.
І Літва ўжо зрабіла першы крок у гэтым напрамку – летась супраць рэжыму быў пададзены пазоў у Міжнародны Крымінальны Суд, які мы падтрымліваем.
Дарагія сябры,
Наперадзе нас чакае доўгі працэс аднаўлення справядлівасці і законнасці.
Мы не ведаем, як і калі наступяць перамены, але мы да іх рыхтуемся, і набліжаем гэты момант.
Нягледзячы на жахлівы тэрор, мы працягваем барацьбу. Тыя, хто за мяжой – сёння выходзяць на вуліцы па ўсім свеце, а вечарам мы ладзім марш у Вільні.
Тыя, хто ўнутры краіны – пратэстуюць ціха: немагчыма выходзіць на вуліцы ва ўмовах тэрору.
Штодня затрымліваюць у сярэднім 12 чалавек: за антырэжымную дзейнасць, ці за падтрымку Украіны.
Літаральна ўчора, на расійскім канцэрце ў Белдзяржфілармоніі ў Мінску, жанчына гукнула «Слава Украіне!» – яе лёс цяпер невядомы.
Агулам у турмах больш 1300 палітвязняў. Многія зніклі без вестак: два гады я нічога не чула пра свайго мужа, Сяргея, і не ведаю ці ён жывы.
Амаль паўтары тысячы паехалі ваяваць за Украіну, і амаль 80 ужо аддалі свае жыцці. Нядаўна мы пахавалі 24-гадовую Марыю Зайцаву – якая была сімвалам нашых пратэстаў 2020 году, а пару месяцаў таму загінула пад Пакроўскам Данецкай вобласці.
Мы разумеем, што змагаючыся за Украіну, мы таксама змагаемся за нашую свабоду.
Паважаныя дэпутаты,
Сёння лёс Беларусі ў многім залежыць ад вынікаў перамоваў па Украіне, і бліжэйшыя месяцы могуць быць вырашальныя.
Відавочна, што Пуцін і Лукашэнка не хочуць міру. Вайна – тое, што сілкуе іх рэжымы і апраўдвае іх тэрор.
Мы павінны дабівацца не проста спынення агню, а ўстойлівага міру. А гэта магчыма будзе тады, калі Украіна атрымае ўсе неабходныя гарантыі бяспекі, а прарасійскі рэжым у Беларусі – будзе дэмантаваны.
І я веру, што гэта магчыма. І веру, што перамены ў Беларусі могуць наступіць раней за перамены ў Расіі.
Дэмакратычная Беларусь без расійскай прысутнасці – можа быць адной з гарантыяў бяспекі – не толькі для Украіны, але для Літвы, Латвіі, Польшчы і ўсяго ЕС.
А пакуль у Беларусі існуе гэты рэжым – будзе пастаянная пагроза новай вайны. І вы гэта выдатна разумееце.
Новая геапалітычная сітуацыя можа даць беларусам новы шанец, але стварае і вялікія рызыкі.
Мы не павінны дапусціць новай Ялты, і вяртання да «сфераў уплыву». Украіна, Беларусь, Малдова, гэтаксама як Грузія, Арменія, і нават Балтыйскія краіны – усе нашыя народы маюць права на самавызначэнне.
І мы вызначыліся! Беларусы хочуць быць разам з Літвой, Украінай, Польшчай і рэштай дэмакратычнай Еўропы.
Як сказаў прэзідэнт Зяленскі ў Мюнхене – усходняя мяжа Еўропы пралягае па ўсходняй мяжы Беларусі. І гэта нашая з вамі Еўропа, якую мы павінны адстаяць і абараніць.
Дарагія літоўскія сябры,
Сёння, у гэтай зале, я заклікаю вас і надалей падтрымліваць беларусаў і нашу барацьбу.
Падтрымлівайце незалежных журналістаў, якія стаяць на перадавой барацьбы з «рускім мірам» і яго прапагандай. Дапамажыце зберагчы Радыё Свабода, бюро якога знаходзіцца ў Вільні.
Падтрымлівайце праваабаронцаў. Культурніцкія і адукацыйныя ініцыятывы. Яны – крытычна важныя для захавання беларускай нацыі і нашай еўрапейскай ідэнтычнасці.
Працягвайце ізаляцыю лукашэнкаўскага рэжыму, захоўвайце санкцыі супраць «Беларуськалія» і іншых прадпрыемстваў, задзейнічаных у вайне і рэпрэсіях.
Але прашу вас: ізалюючы рэжым, не будуйце новай жалезнай заслоны!
Візы і захаванне пасажырскага руху – усё гэта ўмацоўвае сувязь беларусаў з Еўропай. Мяжа з Літвой сёння – гэта мяжа са свабодным светам.
Вядома, бяспека – прыярытэт, але я ўпэўненая: разам мы можам знайсці разумны кампраміс.
Сёння няма наплыву беларусаў у Літву. Толькі за апошні год, колькасць беларусаў у Літве скарацілася на 8%, і працягвае змяншацца.
Працягвайце прымаць рэпрэсаваных, палітвязняў, а таксама беларускіх ветэранаў, што ваявалі за Украіну.
Каб не паўтарыўся кейс з добраахвотнікам Верамейчыкам, які не змог легалізавацца ў Літве, і цяпер яму пагражае смяротная кара ў Беларусі.
Працягвайце выдаваць міжнародную абарону і дазволы на жыхарства сумленным беларусам.
На жаль, многія беларусы не могуць вярнуцца дадому і застаюцца без дакументаў. Бацькі не могуць аформіць нованароджаных дзяцей.
У Літве ёсць выдатнае рашэнне – пашпарты замежніка, і мы просім спрасціць і пашырыць практыку яго выдачы.
А наш «чырвоны пашпарт», які мы планавалі выдаваць, мы перанясём у тыя краіны, дзе праблема з дакументамі ніяк не вырашаная.
І вядома: працягвайце падтрымліваць Украіну. Я прапаную правесці ў Вільні вялікую акцыю салідарнасці з Украінай. Сумесную. Каб украінцы і літоўцы адчулі: беларусы побач. Беларусы – на баку свабоды.
Я заклікаю Сейм умацоўваць супрацоўніцтва з нашымі структурамі ў выгнанні: Офісам, Аб’яднаным пераходным кабінетам і Каардынацыйнай радай.
У нас ужо ёсць пагадненне з Еўрапейскім Парламентам. Мы падпісалі яго разам з прэзідэнткай Рабертай Метсолай.
Цяпер чарга за Літвой. Пагадненне з Сеймам ужо падрыхтаванае. Я звяртаюся да спікера Сквярняліса і кіраўнікоў фракцыяў – падпішыце яго.
Нам патрэбная новая, смелая стратэгія.
Патрэбны план дзеянняў, як спыніць агрэсіўную Расію і лукашэнкаўскі рэжым.
Патрэбна бачанне будучыні – не толькі для Беларусі, але і для нашага партнёрства.
Таму я запрашаю ўсіх вас на заўтрашні круглы стол у Сейме. Ваш удзел – гэта ўжо падтрымка.
На заканчэнне дазвольце сказаць пра асабістае.
Калі я перасякала мяжу з Літвой у 2020 годзе, я была ахопленая страхам і няпэўнасцю.
Я была вымушаная пакінуць радзіму, але вы далі мне другі дом.
І пасля таго, як я ўпершыню выступіла ў гэтым парламенце, я зразумела: я больш не адна.
Я жыву ў Літве ўжо пяты год – мая дачка пражыла тут амаль што болей, чым у Беларусі.
Я ўдзячная за тое, што яна можа называць Літву сваім домам.
Мне самой даводзіцца шмат вандраваць, абараняючы інтарэсы беларусаў.
Але ўвесь час, дзе б я ні была, Літву прадстаўляю як прыклад сапраўднай мужнасці, прынцыповасці і надзейнай дружбы.
Дзякуй, дарагія сябры. Веру, што разам мы дачакаемся таго дня, калі Беларусь будзе свабодная і далучыцца да сям’і Еўропы.
І ў гэты дзень я вярнуся ў гэтую залу не як уцякачка, а як суседка.
Tе gyvuoja Lietuva!
Жыве Беларусь!