«Чаканне і назіранне – няправільная стратэгія», Ціханоўская – Еўрапарламенту

Сёння Святлана Ціханоўская выступіла ў Еўрапарламенце. Яна звярнулася да парламентарыяў, заклікаўшы іх дзейнічаць больш жорстка і прадэманстраваць еўрапейскія каштоўнасці, якія былі і будуць галоўнай крыніцай нашай сілы і адзінай трывалай асновай міру і працвітання.

Вось некаторыя цытаты яе выступу:

  • Пра сімвалічныя крокі і рэальныя дзеянні

– Прабачце маю прамалінейнасць, але я павінна сказаць: ужо становіцца позна. Са жніўня 2020 года было дастаткова сімвалічных крокаў і заяваў пра салідарнасць. Беларусам выказвалі падзяку за адраджэнне веры ў дэмакратыю і чалавечую годнасць. Але ці не час Еўропе прадэманстраваць сваю прыхільнасць да гэтых каштоўнасцяў у рэальных дзеяннях? Ці адважыцца адзіная Еўропа распачаць рашучыя дзеянні зараз?

  • Узяць лёс у свае рукі

– Сутыкнуўшыся з такім выклікам, можна спыніцца, быўшы паралізаваным ад страху, а можна ўзяць лёс у свае рукі і пераламаць ход еўрапейскай гісторыі на сваю карысць.

  • Пра ўрокі гісторыі, якія абвяшчаюць: патуранне тырану не супакойвае яго

– Няўжо мы забыліся трагічныя ўрокі еўрапейскай гісторыі? Пра тое, што спробы патураць тырану не супакойваюць, а толькі падганяюць яго. Пра тое, што, калі пазбягаць канфрантацыі са злачынцам, то канфлікт, які ўсё роўна непазбежны, становіцца яшчэ больш затратным і небяспечным.

  • Для беларусаў час ідзе па-іншаму

– Пакуль Еўропа працягвае сумнявацца, ідзе час – і гэты час незаконна асуджаных, забітых або выгнаных з краіны. І для беларусаў час ідзе па-іншаму. Ён вымяраецца згубленымі момантамі шчасця, на якія мае права кожны з нас. Гэтыя моманты – тая самая прычына, па якой мы ўсе хочам жыць свабодна і годна.

Тэкст выступу: на беларускайрускайанглійскай мовах.