Візіту такога ўзроўня ў гісторыі Беларусі яшчэ не было. Святлана Ціханоўская распавядае першыя вынікі перамоваў з ЗША

Ціханоўская: «Учора мы ўжо правялі перамовы з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам. Мы абмеркавалі, як важна прама зараз падтрымліваць беларускіх журналістаў і праваабаронцаў, медыкаў і рабочых, студэнтаў і нявінна асуджаных. З дзяржсакратаром я размаўляла не ад імя Святланы Ціханоўскай, а ад імя 577 палітвязняў – Алеся Бяляцкага і Аляксандра Івуліна, Вольгі Філатчанкавай і Аланы Гебрэмарыям. Я казала ад імя ўсіх дэмакратычных сіл і народа Беларусі.

Народ Беларусі чакае ад ЗША рашучых дзеянняў – чым мацней будуць меры ціску на рэжым, тым хутчэй яны дасягнуць мэты. Амерыка ўжо прызнала Лукашэнку нелегітымным, і цяпер трэба прызнаць яго злачынным. Учора на сустрэчы з Блінкенам я сказала, што мы будзем працягваць змагацца за свабоду Беларусі, з міжнароднай падтрымкай або без – але салідарнасць іншых краін зробіць гэты шлях менш балючым і больш хуткім.

Сёння я наведала Белы дом і сустрэлася з дарадцам прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джэйкам Саліванам. Мы ўжо размаўлялі з ім – адразу пасля захопу самалёта Ryanair. І тады, і цяпер ён у дэталях ведае, што адбываецца ў Беларусі і як важна для ЗША як носьбіта каштоўнасці дэмакратыі – дапамагчы нашай краіне ў барацьбе за свабоду. Удумайцеся: апошні візіт прадстаўніка беларускага народа ў Белы дом быў 28 гадоў таму – у 1993 годзе сюды прыязджаў Станіслаў Шушкевіч. З таго часу шмат што змянілася – да ўлады прыйшоў рэжым, а нашач краіна амаль на 30 гадоў застыла ў часе і знікла з парадку ЗША. І цяпер самы час яе вярнуць.

На гэтым тыдні я яшчэ сустрэнуся з двухпартыйнай групай сенатараў ЗША – бо ад Кангрэса залежыць палітыка Злучаных Штатаў па Беларусі. І я рада паведаміць, што нашымі з вамі сумеснымі намаганнямі ў Палаце прадстаўнікоў ЗША з'явіцца беларускі Кокус – гэта група амерыканскіх кангрэсменаў, якія будуць працаваць па тэме Беларусі. Проста параўнайце – многія краіны маюць прадстаўнічыя групы ў ЗША дзясяткі гадоў – а зараз, нарэшце, і Беларусь атрымала гэтае прызнанне. І мы працуем, каб такая група з'явілася і ў Сенаце.

Вельмі важна, што абедзве партыі, Белы дом, Дзярждэпартамэнт і Кангрэс ЗША адзіныя ў сваёй падтрымцы беларусаў. Так што цяпер нашая задача – ператварыць гэтую падтрымку ў канкрэтныя дзеянні. Таму пасля Вашынгтона мы працягнем працоўныя сустрэчы ў Нью-Ёрку і іншых гарадах. У кожным з іх я буду рада сустрэцца з дыяспарай, і ў кожным я буду казаць пра тое, як важна дапамагаць тым, хто знаходзіцца ўнутры Беларусі. Бо ўсё, што мы робім, – гэта дзеля таго, каб вярнуць нам з вамі свабодны і бяспечны дом пад назвай Беларусь».