Кавалеўскі – сілавікам пра план «Перамога»: ў патрэбны момант будзьце плячом да пляча з беларусамі

Сёння Еўрапейская рада ўхваліла ўвядзенне сектаральных санкцый. Таксама на гэтым тыдні ЗША, Канада, Вялікабрытанія і ЕС выступілі з сумеснай заявай – прынялі індывідуальныя санкцыі супраць памагатых рэжыму, а таксама звязаных з імі кампаній. Украіна таксама далучылася да іх. Патрабаванні ўсіх гэтых санкцый – вызваліць усіх палітвязняў і правесці новыя свабодныя выбары.

З гэтай нагоды Валер Кавалеўскі звярнуўся да сілавікоў: «Ні Аляксандр Лукашэнка, ні вашыя генералы не зробяць гэты выбар за вас і не будуць адказваць за вашае жыццё. Для іх вашае жыццё толькі разменная манета, і цяпер вы гэта добра ведаеце.

Кожны дзень рэпрэсій гадуе злосць і рашучасць людзей, якія не гатовыя мірыцца з «закатваннем у асфальт» цэлай нацыі. Вы ведаеце, што будзеце рабіць, калі цярпенне людзей лопне? Вы гатовыя супрацьстаяць цэлай краіне, якая ўвесь гэты год пакутавала ад жахлівых загадаў вашага начальства, якія выконваліся вашымі рукамі?

Ёсць адзіны спосаб выбраць сваю будучыню і ў патрэбны момант быць на баку народа. І гэта – план «Перамога», створаны вашымі былымі калегамі ў ByPol».